Драмбалет… пра балет

У чаканні Гадо новых харэаграфічных прэм’ер выкладваю на блог рэцэнзію на балет «Папялушка», пастаўлены ў снежні 2009 года на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь (аўтар лібрэта, харэограф і пастаноўшчык Юрый Пузакоў, мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка, мастак па касцюмах Элеанора Грыгарук, дырыжоры Віктар Пласкіна і Іван Касцяхін).


Афіша балета «Папялушка»

Славуты балет на музыку Сяргея Пракоф’ева, напісаны кампазітарам спецыяльна для Галіны Уланавай, быў упершыню пастаўлены ў маскоўскім Вялікім тэатры ў 1945 годзе харэографам Расціславам Захаравым. “Папялушка” сімвалізавала балетную феерыю з нагоды вялікага свята ўсяго савецкага народа – заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Праз дваццаць гадоў Р.Захараў перанёс уласную пастаноўку ў Мінск, дзе “Папялушка” мела досыць шчаслівы творчы лёс.

Зварот тэатра да партытуры С.Пракоф’ева зацікавіў па некалькіх прычынах. Каму адрасуе тэатр і пастаноўшчык спектакль – дзіцячай ці дарослай аўдыторыі? Ці здолеў Ю.Пузакоў больш сучасна інтэрпрэтаваць “Папялушку” ў параўнанні з пастаноўкай Р.Захарава? І нарэшце, у якой ступені харэаграфія спектакля мае прыкметы навізны?

Для Ю.Пузакова гэты спектакль – не першая спроба супрацоўніцтва з беларускай трупай. Некалькі сезонаў таму харэограф паставіў на мінскай сцэне “Любоў пад вязамі” на музыку Л.Бернстайна і С.Барбера (сюжэтнай асновай спектакля зрабілася п’еса амерыканскага драматурга Юджына О’Ніла). На жаль, “Любоў пад вязамі” аказалася спектаклем спрэчным, надта сумніўным па мастацкіх якасцях. Па сутнасці, балет не быў зразумелы ні гледачамі, ні крытыкамі, і хутка сышоў з рэпертуару. На другі спектакль, пастаўлены Ю.Пузаковым, наша музычная грамадскасць ускладала пэўныя надзеі. Апошняе дзесяцігоддзе стала для айчыннага балета перыядам узнаўленняў і новых рэдакцый ранейшых пастановак. Таму неабходнасць новай, свежай харэаграфіі адчуваецца дастаткова востра.

На першы погляд, “Папялушка” павінна пашырыць кола “ранішніх” дзіцячых балетаў. І сапраўды, “Чыпаліна”, “Беласнежка і сем гномаў”, “Тры парсючкі” і ранішнія паказы “Лебядзінага возера”, хоць па-ранейшаму і карыстаюцца цікавасцю дзіцячай аўдыторыі, але патрэба ў новым відавочная. Але гледачоў чакала лёгкая інтрыга: Ю.Пузакоў інтэрпрэтаваў сваю працу як “спектакль для дарослых, якія могуць прывесці з сабой дзяцей”. Аўтар уласнага лібрэта, ён пакінуў ад ранейшай “Папялушкі” толькі музыку Пракоф’ева і агульны каркас сюжэта, які быў перанесены у зусім іншыя жыццёвыя абставіны.

Сучасная інтэрпрэтацыя класічных сюжэтаў, якая ўжо зрабілася сусветнай тэндэнцыяй, у апошні час перарасла ў своеасаблівы балетны постмадэрнізм, у імкненне паглядзець на вядомых герояў з нечаканага пункту гледжання, адшукаць у вядомых калізіях актуальнае для сучаснага гледача. Досыць час гэта вымагае ад пастаноўшчыка пераносу дзеянне ў іншы час і іншага тлумачэння канфлікту. З нядаўніх, найбольш яркіх і адначасова скандальных прыкладаў можна ўзгадаць рыжскую пастаноўку харэографам Раду Паклітару таго самага сюжэта ў балеце “Папялушка. 2-я версія”, дзе галоўная гераіня ператварылася ў… прыбіральшчыцу “дома весялосці”.

Ю.Пузакоў пазбег адначасова як наватарства, так і крайнасцяў свайго калегі. З часава неакрэсленай атмасферы класічнай “Папялушкі” гледачы перанесліся ў пачатак ХХ стагоддзя. Мачаха галоўнай гераіні зрабілася ўладальніцай балетнай студыі, яе дачкі Злосніца і Крыўляка – маладымі балерынамі.


Злосніца і Крыўляка разам з Прынцам

Яны выпраўляюцца на баль не ў карэце, а на сучасным аўтамабілі, у пошуках каханай прынц сядае на аэраплан… У спектаклі, вядома, застаўся і баль у палацы караля, і казачны прынц, і агульная светлая атмасфера – усё, што дае надзею на шчасце маладой і абаяльнай Папялушцы. Нагадаю, балетная Папялушка, як і яе літаратурная сястра, марыць пра прынца, але не можа трапіць на баль. Бо, па-першае, яна небагатая, а па-другое, зусім не ўмее танцаваць. І вось тут, як належыць у казцы, пачынаюцца цуды…

Новая версія “Папялушкі” непазбежна прымушае параўноўваць яе з ранейшай мінскай пастаноўкай балета. Спектакль Захарава стаў адной з праяў драмбалета – накірунку, распаўсюджанага на прасторах СССР у 1930-50-я гады. Найбольш удалым яго прыкладам стаў “Бахчысарайскі фантан”. Увогуле драмбалету была ўласціва цікавасць да літаратурных сюжэтаў, пэўная, а часам і празмерная ілюстрацыйнасць. Усяго гэта прыводзіла да таго, што пантаміма і драматычныя сродкі выразнасці часам зусім неабгрунтавана выцяснялі ўласна танец. Драмбалет быў неабходным перыядам развіцця харэаграфічнага мастацтва, але пры канцы 1950-х гадоў па сутнасці зрабіўся тормазам для далейшага развіцця жанру.

Ю.Грыгаровіч, І.Бельскі, В.Елізар’еў і іншыя харэографы сваімі наватарскімі спектаклямі фактычна вялі барацьбу супраць драмбалета як напрамку, дзякуючы чаму балетны тэатр узняўся на якасна новы ўзровень. Цікава, але і зараз у творчасці асобных балетмайстраў назіраецца вяртанне да “сівой даўніны”. На жаль, “Папялушка” Ю.Пузакова ў шэрагу эпізодаў стала менавіта такім прыкладам.

З вядучых партый спектакля танцавальнымі засталіся ўсяго дзве: Папялушкі і Прынца, чый дуэт у выкананні Ірыны і Алега Яромкіных атрымаўся кранальным і лірычным (у другім складзе гэтыя ролі падрыхтавалі Людміла Кудраўцава і Антона Краўчанка).


Галоўныя героі падчас балю

Усе астатнія – акрамя Феі дабра (Вольга Гайко) – і сёстры (Ганна Фокіна і Юлія Дзятко), кароль на інвалідным крэсле (Яўген Мінін), і Мачаха, і Дварэцкі, і Паж – рухаюцца, але не танцуюць, выяўляюць уласныя пачуцці жэстамі, пантамімай, а не ўласна танцам. Нават Папялушка, калі вяртаецца з бала-сну ў рэальнасць, замест таго, каб выявіць свой адчай у танцы, толькі роспачна падымае прасы. У савецкі час гэта выглядала б як праява сацыяльнага пратэсту, а ў наш час выклікае здзіўленне. На працягу 1-ай дзеі час ад часу нараджаецца думка: а ці не зрабіліся гледачы сведкамі пераносу на балетную сцэну драматычнага спектакля?

Харэаграфія Пузакова, на маю думку, не стала адкрыццём новага харэаграфічнага свету, а ў асобных танцавальных эпізодах можна было заўважыць шмат цытат з лексікі розных харэографаў (напрыклад, партыя Фея дабрыні чамусьці нагадвала Фею бэзу са “Спячай прыгажуні”, а пластычныя элементы адажыо Папялушкі і Прынца ўжо сустракаліся ў танцавальнай мове В.Елізар’ева і іншых харэографаў).


Фэя Бэзу і Папялушка

Унутраны драматызм і глыбіня “Папялушкі” напоўніцу выяўляюцца ў фінале 2-й дзеі, у сцэне з гадзіннікам, які няўмольна адлічвае апошнія імгненні, калі галоўная героіня знаходзіцца на балі. Вось тады і музыка, і адчай Папялушкі, і экспрэсіўна-агрэсіўныя рухі натоўпу беднякоў, (асяроддзя, якое на імгненне вызваліла гераіню, але не збіраецца адпускаць надоўга), яднаюцца ў шматзначную карціну і ствараюць моцнае ўражанне.

У большасці сцэн балета дамінавалі камедыйныя моманты. Але калі асобныя знаходкі можна назваць удалымі (кшталту вобраза бравага Караля, якога перасоўваюць на калясцы па сцэне з велізарнай хуткасцю), дык большасць гумарыстычных эпізодаў выклікалі ў каго смех, а ў каго разгубленасць. Складвалася ўражанне, што яны задумваліся пастаноўшчыкам найперш, каб сарваць апладысменты ў не надта спрактыкаваных гледачоў, а далёка не заўсёды абумоўлены ўнутранай логікай спектакля.

Усё дзеянне балета адбываецца на фоне шыкоўных дэкарацый, якіх беларускі балет даўно не бачыў. Гледачы станавіліся гасцямі ў доме Папялушкі, вандравалі з прынцам па экзатычных краінах. Асабліва эфектным выглядала мастацкае рашэнне сцэны балю. Праўда, у некаторых эпізодах палац караля нагадваў… кабарэ пачатку ХХ стагоддзя, але ў іншых (дуэтах герояў) ствараў адчуванне бясконцай прасторы зорнага неба і казачнага цуду.

У спектаклі актыўна выкарыстоўваюцца тэхнічныя магчымасці сцэны пасля рэканструкцыі: экран на задніку пераносіў герояў то ў Егіпет, да пірамід, то ў маленькае іспанскае паселішча на фоне гор.

Чым зрабілася пастаноўка Ю.Пузаковым “Папялушкі” ў Нацыянальным тэатры оперы і балета? Па-першае, напэўна, першым беларускім балетам… пра балет. І хоць мастакоўская атмасфера дзягілеўскіх сезонаў пачатку мінулага стагоддзя выявілася толькі ў сцэнаграфіі 1-й дзеі і часткова ў харэаграфіі, гэта ўжо нямала. Па-другое, спробай далучыцца да такой тэндэнцыі сусветнага балета, як перанос сюжэта ў сучаснасць. А па-трэцяе, дастаткова супярэчлівым, эклектычным спектаклем.

Драмбалет… пра балет// Настаўніцкая газета. 2009. 17 снежня. № 160-161. С. 15.

Усе фотаздымкі з сайта тэатра www.belarusopera.by