Новы том «Беларускага кнігазбору»

У нашай сям’і ёсць традыцыя збіраць кніжныя серыі. «Жизнь замечательных людей», «Беларуская народная творчасць», «Памяць», «Скарбы сусветнай літаратуры» і шэраг іншых праектаў займаюць цэлыя паліцы ў хатняй бібліятэцы. З сярэдзіны 1990-х гадоў купляем кожную кнігу у серыі «Беларускі кнігазбор», які сёлета папоўніўся новым выданнем.


Кніга Алеся Барскага ў «Беларускім кнігазборы»

Барскі ці Баршчэўскі?
Шматтомны праект “Беларускі кнігазбор” папоўніўся новым, 59-м томам — “Выбранымі творамі” Алеся Барскага, якія выйшлі ў серыі “Мастацкая літаратура”.

Як вядома, серыя, распрацаваная ў далёкім 1996 годзе Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі, была створана у імкненні прапанаваць чытачам “усё самае важнае, што было створана на беларускай зямлі з пачатку пісьменства да нашых дзён”. Менавіта таму ў план-каталог першачапачаткова былі увайшлі толькі кнігі пісьменнікаў мінулага, чые творчыя здабыткі атрымалі агульнае прызнанне. Разам з тым, стваральнікі серыі пакінулі за сабой права ўключыць у серыю “найбольш значныя творы сучасных беларускіх пісьменнікаў, якія атрымалі шырокае грамадскае прызнанне”. “Кнігазбораўская каманда” палічыла годным дадаць да гэтага спісу Алеся Барскага.

Беларус па нацыянальнасці, Аляксандр Баршчэўскі (гэта яго сапраўднае імя і прозвішча) нарадзіўся на самым захадзе нашай краіны, на Беласточчыне. Але ў сваёй нацыянальнай дзяржаве яму давялося пражыць зусім невялікі адрэзак часу. У 1939-1941 гадах, калі Заходняя Беларусь аб’ядналася з Усходняй, а таксама ў 1944-м, калі рэгіён быў вызвалены ад немцаў. У тым жа годзе Беласточчына была перададзена Польшчы. Так А. Барскі і яго сям’я аказалася на тэрыторыі суседняй дзяржавы. Зрэшты, гэта не перашкодзіла 14-гадоваму юнаку (Барскі нарадзіўся ў 1930 годзе) прысвяціць усё свае жыццё беларускай справе.

Выпускнік філалагічнага факультэта Лодзінскага ўніверсітэта, ён працаваў на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, з’яўляўся яе загадчыкам. Узначальваў Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа” і Галоўнае праўленне Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы.

Але, мабыць, самае галоўнае, што усё свае жыццё А. Барскі займаўся творчасцю. Пісаў вершы (5 зборнікаў выходзілі ў Мінску і Беластоку), універсітэцкія падручнікі, навуковыя кнігі, абараніў доктарскую дысертацыю па філалогіі. Перакладаў на польскую мову казкі народныя казкі, казкі М. Федароўскага, зборнікі паэзіі В. Віткі, А. Пысіна, В. Лукшы, а таксама творы Янкі Купалы (асабліва варта адзначыць факт перастварэння па-польску паэмы “Яна і я”).

“Выбраныя творы” адкрываюцца прадмовай “Лірыка Алеся Барскага і Афіны Аляксандра Баршчэўскага”, якую напісаў вядомы літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук Міхась Тычына. Асноўны змест кнігі складаюць творы А. Барскага, якія згрупіраваныя па раздзелах “Паэзія”, “Проза”, “Публіцыстыка”, “Драматургія”, “Літаратуразнаўства, крытыка”, “Нарысы”. Напрыканцы змешчаны “Дадатак”, што ўтрымлівае артыкулы Ірыны Бароўскай і Уладзіміра Казберука. Апошні, да таго ж, з’яўляецца складальнікам каментарыяў.

Барскі ці Баршчэўскі?// Літаратура і мастацтва. 2012. 10 лютага. № 6. С. 11.