У Педагагічным універсітэце адкрыецца Цэнтр беларускай культуры

Стогадовы юбілей з дня нараджэння Максіма Танка, які будзе ўрачыста адзначаны ў верасні гэтага года, актывізаваў працу па належным ушанаванні яго памяці. Адным з найбольш істотных мерапрыемстваў можа стаць адкрыццё на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Цэнтра беларускай літаратуры.


Максім Танк

Не так даўно праходзілі ўрачыстасці з нагоды дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча і Максіма Багдановіча, яшчэ чакаюцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа. У такіх выпадках дзеянні грамадскасці часцей за ўсё каардынуюцца дзяржаўнай праграмай, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Разам з тым, робіцца радасна і надзвычай прыемна, калі з ініцыятывамі святкавання выступаюць “на месцах”. У прыватнасці, свой план сумесных мерапрыемстваў па святкаванню юбілея Максіма Танка зацвердзілі рэктар БДПУ Пётр Кухарчык і старшыня Мядзельскага райвыканкама Аляксандр Даніленка (як вядома, паэт нарадзіўся ў вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна). Праграма, якая пачала рэалізоўвацца яшчэ ў мінулым годзе, уключае больш за двух дзесяткі мерапрыемстваў, якія прысвечаны будучаму юбілею. Сярод іх конкурс на лепшы ўрок у намінацыях “Лепшы ўрок будучага настаўніка” і “Лепшы ўрок педагога-прафесіянала”, што ладзіцца сумесна з часопісам “Полымя”; конкурс эсэ (сумесна з часопісам “Маладосць”); інтэрнэт-віктарына; конкурсы на лепшае чытанне вершаў М. Танка і курсавую працу, прысвечаную яго творчасці; дзве канферэнцыі: “Сучаснае літаратуразнаўства і мовазнаўства ў работах маладых вучоных” (возьмуць удзел школьнікі і студэнты), і “VІІІ Танкаўскія чытанні”. Таксама запланаваныя экскурсіі і вандроўкі па мясцінах, звязаных з лёсам творцы (як па Беларусі, так і ў Вільні); сустрэчы з пісьменнікамі, а таксама з даследчыкамі, што вывучаюць творчасць паэта; тэматычныя экспазіцыі і выставы, закладка алеі (сквера) імя Максіма Танка ў вёсцы Сваткі Мядзельскага раёна. Асобна трэба ўзгадаць пра памятныя манеты “Максім Танк. 100 гадоў”, выпуск якіх мае намер ажыццявіць Нацыянальны банк.

Але «разынкай» праграмы, несумненна, стане адкрыццё Цэнтра беларускай літаратуры імя Танка ў будынку Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Неабходна адзначыць, што ў сценах установы плённа працуюць Цэнтры азербайджанскай мовы і культуры, Цэнтр літваністыкі, Цэнтр ізраільскай культуры і вывучэння мовы іўрыт. Таму супрацоўнікі ўніверсітэта ў асобе кіраўніцтва ўстановы паспрабавала вырашыць дзве задачы: прадставіць творчасць Максіма Танка, а таксама прэзентаваць усю беларускую культуру.

Як распавёў Васіль Старычонак, дэкан факультэта беларускай і рускай філалогіі БДПУ імя М. Танка, адпаведна задачам была распрацавана канцэпцыя Цэнтра. Зразумела, значная частка матэрыяла, сабранага ў ім, будзе звязана з Максімам Танкам. Гэта яго паэтычныя зборнікі, фонатэка. У апошняй будуць прадстаўлены вершы паэта ў выкананні лепшых беларускіх акцёраў, так і запісы голаса самога аўтара. На сценах наведвальнікі ўбачаць фотаздымкі (творцы, яго бацькоў, сяброў), а таксама аўтографы Максіма Танка. У цэнтры будзе праходзяць заняткі па беларускай літаратуры. Зрэшты, кабінет будзе ўвесь час адкрыты, таму яго зможа наведаць кожны студэнт.

Стваральнікі цэнтра беларускай літаратуры паставілі перад сабой задачу расказаць не толькі пра Танка, а праз біяграфію Танка адлюстраваць жыццё Беларусі ў 1930-1990-я гады. Урачыстае адкрыццё цэнтра адбудзецца ў сакавіку гэтага года.

Усё жыццё ў экспазіцыі// Літаратура і мастацтва. 2012. 9 лютага. № 6. С. 9.