Працяг рамана «Каласы пад сярпом тваім» – міф або рэальнасць?

У апошнім нумары «Краязнаўчай газеты» была надрукавана першая частка майго артыкула,

прысвечанага магчымаму існаванню працягу «Каласоў пад сярпом тваім», культавага рамана Уладзіміра Караткевіча. Гэты артыкул быў напісаны ў далёкім 2004 годзе, калі я толькі паступіў ва універсітэт. У 2005-м годзе яго апублікаваў часопіс «Роднае слова». У тым жа годзе з дакладам, створаным на аснове артыкула, удзельнічаў у ІІ міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай творчасці Караткевіча. Зборнік матэрыялаў так і не выйшаў. І вось «Краязнаўчая газета» нечакана пачала друкаваць той даклад. Выкладваю тут першую частку артыкула. Працяг у наступным запісу Не будзем пазбаўляць чытачоў газеты інтрыгі. Ды і артыкул досыць вялікі па памеры.

ПРАЦЯГ РАМАНА “КАЛАСЫ ПАД СЯРПОМ ТВАІМ” – МІФ АБО РЭАЛЬНАСЦЬ?
Роздум пра існаванне працягу знакамітага рамана Уладзіміра Караткевіча

Міфы маюць сваё, уласцівае толькі ім жыццё. Спачатку яны нараджаюцца, распаўсюджваюцца па свету ў выглядзе чутак ці плётак, кімсьці занатоўваюцца на паперу і тым самым прэзентуюцца больш шырокаму колу людзей, жывуць доўгае ці кароткае жыццё. А потым яны ці паміраюць – бо людзі забываюць пра іх існаванне, ці пераходзяць з міфа ў рэальнасць. Але часцей за ўсё яны проста жывуць, выклікаючы захапленне ці нават зайздрасць.

Любы літаратурны міф нібы прыварожвае чытачоў і даследчыкаў. Згадаем забытую гісторыю. Размова пойдзе пра магчымае існаванне працяга знакамітага рамана Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”.

Усё бярэ пачатак ад інтэрв’ю У.Караткевіча, дадзенае А.Мальдзісу, якое было змешчана ў газеце “ЛіМ” 21ліпеня 1967 года пад назвай “Каласы з цагліны”. На пытанне: “У пачатку года “Полымя” абвясціла, што сёлета ў часопісе будзе друкавацца другая кніжка рамана. Значыць, яна ўжо таксама напісана?” пісьменнік адказаў: “У асноўным так. Уласна кажучы, гэта будзе не другая, а трэцяя і чацвёртая кніжкі, таму што першую я вымушаны быў падзяліць на дзве. Праўда, работа над імі крыху зацягваецца. (…), паступаюць усё новыя і новыя матэрыялы”.

Думаецца, што гэтыя словы прагучалі не проста так: Караткевіч пабаяўся б сурочыць, казаць на ўсю літаратурную Беларусь пра яшчэ не напісаны твор. Значыць працяг існаваў? Чаму ж ён невядомы сённяшняму чытачу? Той жа Адам Мальдзіс у сваёй кнізе “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” выказаў меркаванне, “што чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг (калі ён існаваў) хутчэй за ўсё знік летам 1982 года”, калі Караткевіч з жонкай быў у Сімферопале і тады абакралі іх кватэру.

З гэтым пагаджаюцца не ўсе. Напрыклад, Анатоль Верабей у сваёй кнізе “Абуджаная памяць. Нарыс жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча” мяркуе, што “архіўныя матэрыялы не дазваляюць сцвярджаць, што раман быў закончаны”. Пры гэтым ён прыводзіць наступнае сведчанне. У аўтабіяграфіі пісьменніка, напісанай 1 снежня 1964 года, ёсць наступныя радкі: “Пасля двух год перапынку здаў у “Полымя” новы свой раман “Каласы пад сярпом тваім”. Здаў першы том. Другі не выпускаю з рук, дапрацоўваю. Пастараюся заплаціць гэтай кнігай доўг Дняпру, людзям паўстання 1863 г., Беларусі”. Трэба заўважыць, што тады падзелу вядомай нам часткі “Каласоў…” не было. Першая частка – гэта тая, якая ўбачыла свет. Другая – гэта менавіта той працяг, які мы шукаем. Яшчэ адзін аргумент на нашую карысць?

Але не. У той жа кнізе А.Верабей прыводзіць яшчэ адну цытату з гэтай жа аўтабіяграфіі: “Цяпер працую над гістарычным кінасцэнарыем “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Вядома, што яго Караткевіч закончыў 31 сакавіка 1965 года. А ўжо 7 красавіка таго ж года пачаў пісаць аднаймены раман. Атрымоўваецца, што як быццам бы і часу, і магчымасці працягваць твор у пісьменніка не было.

Акрамя гэтага можна згадаць і тое, што на абмеркаванні свайго рамана ў Саюзе пісьменнікаў 22 лютага 1967 года (за паўгода да інтэрв’ю Мальдзісу) Караткевіч сказаў: “Твор яшчэ не закончаны”. Але што значыць “яшчэ не”? Гэта можна трактаваць і як тое, што раман пакуль што закончаны на двух першых кніжках, і як тое, што працяг рамана пішацца, але праца зроблена не да канца.

Ёсць яшчэ два факта. На пачатку 1982 года Караткевіч напісаў тагачаснаму дырэктару выдавецтва “Мастацкая літаратура”: “Абавязуюся здаць канец “Каласоў” М. Ф. Дубянецкаму ў канцы снежня 1982 года. Ул. Караткевіч. 5 сакавіка 82 года. План выхаду – 84 год (83 – рэдпадрыхтоўка). 44 аркушы. На машынцы 1000 старонак. 4 ст. на дзень”. Анатоль Верабей сцвярджае, што гэты матэрыял, “асабліва прыпіска ў канцы, сведчыць, што пісьменнік думаў хутчэй за ўсё не пра напісаны твор, а пра яго напісанне”.

У запісах Уладзіміра Караткевіча захаваліся наступныя радкі, датаваныя 25 кастрычніка 1982 года: “Так, цяпер складаць зборнік вершаў, а там, можа, калі дасць бог, да вясны рабіць “Каласы”. Праўда, час ужо”. Так, аргументы супраць існавання працягу “Каласоў…” даволі важкія. Але ў тым і сэнс, што гэта не аргументы, а контраргументы. Доказ “ад супрацьлеглага”. Нічога крыўднага тут няма. Як па іншаму даказаць існаванне рэчы, якую ты не трымаеш у руках? Толькі праз адмаўленне яе існавання. Значыць, нам трэба знайсці больш важкія аргументы, чым у апанентаў.

Увогуле “Каласы” ў нечым падобныя на гогалеўскія “Мёртвыя душы”. Падобныя, зразумела, не сваёй праблематыкай. Урыўкі другога тома знайшліся абсалютна выпадкова: некалькі чарнавых сшыткаў былі знойдзены пасля смерці Гогаля ў шафе, бо заваліліся за кнігі. Дзякуючы гэтаму мы можам убачыць у кнігах даволі значную частку твора. Паспрабуем зрабіць тое ж з “Каласамі…”, знайсці, а дзе і проста “склеіць” урыўкі і даказаць існаванне працяга знакамітай беларускай кнігі. І зробім гэта ў той паслядоўнасці, у якой гэтыя эпізоды павінны былі з’явіцца ў творы.

Непасрэдны пачатак трэцяй часткі “Каласоў…” у нас ёсць. Гэта рукапіс двух раздзелаў з кнігі “Брань”, які захоўваўся ў 74-ай папцы хатняга архіва пісьменніка. У ім апавядаецца пра адзін з дзён жыцця Алеся Загорскага пасля таго, як яго па загаду віцэ-губернатара Ісленьева пасадзілі пад хатні арышт. Такімі падзеямі заканчвалася вядомая нам частка “Каласоў…”, імі жа пачыналася новая. На адвароце першай старонкі гэтага рукапісу Караткевіч алоўкам напісаў: “Пачаў 18 верасня 1964 г. У 11 г. дня. Дагэтуль напісаны былі раздзелы аб Маскве і некаторыя другія”.

Якія ж гэта гэта “раздзелы аб Маскве і некаторыя другія”? Можна амаль не сумнявацца, што гэта аповесць “Зброя”, якая была ўпершыню апублікавана толькі на пачатку 80-ых. Дзеянне ў ёй адбываецца зімой і вясной 1862 года ў Маскве, куды Алесь, Мсціслаў, Кандрат Кагут і “дзядзька” Кірдун прызджаюць, каб здабыць зброю для будучага паўстання і вызваліць ад катаргі Андрэя Кагута. А калі ўзгадаць, што дзеянне двух першых раздзелаў адбываецца ў другой палове 1861 года (пасля адмены прыгоннага права), дык атрымоўваецца цэласны фрагмент.

Сам Караткевіч пра аповесць “Зброя” казаў наступнае: “Не. Гэта не працяг рамана, а яго адгалінаванне. Галоўныя героі тыя, але яны дзейнічаюць у іншых умовах іншы раз не зусім так, як табе хочацца”. Але аповесць выглядае як цэльная частка рамана. Па-першае, як сцвярджае А.Верабей, стыль твора дазваляе “выказаць думку, што аповесць магла быць напісана ў маі-верасні 1964 года”. А, па-другое, стыль маскоўскіх раздзелаў цалкам адпавядае творчым мэтам пісьменніка. З аднаго боку, мэты гэтыя тыпова асветніцкія: пазнаёміць магчыма недасведчанага чытача з гістарычным матэрыялам (такую ролю выконвалі ў першай і другой частках “Каласоў…” сцэны віленскіх вечароў). З другога боку, і пісьменнік, і кожны чытач яскрава ўяўлялі, чым павінен быў закончыцца раман – арыштамі, шыбеніцамі, катаргай. Пра гэта пісаў сам Караткевіч у дадатку да рамана “Замест пасляслоўя”: “Зараз пачынаецца нешта сур’ёзнае. Пачынаюцца мукі, пакуты асобных, дарагіх мне людзей, і народа, грамады, яшчэ больш мне дарагой, таму што я – кроў з крыві яе. З кожным з гэтых людзей, з кожным чалавекам з гэтай грамады я зрадніўся з самага пачатку дзён сваіх. Пакуты і раны кожнага з іх балюча адгукаюцца ўва мне. Гэтыя людзі, мажліва, сталі больш дарагія мне, чымся мае родныя, стрыечныя і іншыя браты, што загінулі ў войнах. І як мне цяпер – у тысячны раз – перажываць раны і смерць маіх блізкіх?!”. І надзвычай важна было хоць неяк падрыхтаваць чытача да непазбежнай будучыні сваіх любімых герояў. У некаторай ступені, аповесць “Зброя” – гэта першае кола пекла, гэта пачатак узыходжання Алеся Загорскага на сваю Галгофу. Гэта пачатак таго шляху, які ён выбраў сабе сам.

Працяг у наступным запісу

Дзяніс Марціновіч Працяг “Каласоў…” – міф ці рэальнасць? Роздум пра існаванне працягу рамана Уладзіміра Караткевіча// “Роднае слова”. 2005. Верасень. №9. С. 96-98.
Тое ж// Краязнаўчая газета. 2010. Кастрычнік. № 39. С. 4 (надрукавана са скарачэннямі).

Працяг рамана «Каласы пад сярпом тваім» – міф або рэальнасць?: 1 комментарий

  1. Рэч у тым, што мая бабуля сябравала з Караткевічам, і вось, літаральна за месяц да ягонай смерці, ягоную кватэру абрабавалі. Ён і так быў не ў форме, бо зусім нядаўна яшчэ памерла ягоная жонка. Дык вось, калі яны з бабулей размаўлялі, Караткевіч сказаў, маўляў, скралі рукапіс галоўнага твору, цяпер няма сэнсу жыць далей. Калі бабуля пацікавілася, ці не пра «каласы» ідзе гаворка, ён адказаў размыта, але стала абсалютна зразумела, што трэцяя частка была амаль скончана і проста скрадзена нейкімі ўродамі разам з іншымі рукапісамі. І менавіта гэта канчаткова «дабіла» Караткевіча

Комментарии запрещены.