Лепшая кніга пра сучасны беларускі тэатр

Апошнім часам з’яўленне зборнікаў крытыкі становіцца надзвычай рэдкай з’явай у кнігавыданні. Тым прыемней прадставіць чытачам “Тэатральную крытыку новага часу” (РВУ “Літаратура і Мастацтва”), напісаную Таццянай Арловай.


Таццяна Арлова.
Фота з сайта http://www.journ.bsu.by

Тэатр нездарма лічыцца для творцаў адным з самых удзячных і адначасова бязлітасных відаў мастацтва. У адрозненне ад твораў літаратуры ці музыкі, якія могуць доўга ісці да чытача, драматычныя, музычныя і лялечныя пастаноўкі знаходзяць хуткі эмацыйны водгук у аўдыторыі. Але праходзіць час, і яны непазбежна сыходзяць з рэпертуару, вызваляючы прастору для новых прэм’ер. Пры адсутнасці відэазапісаў менавіта сведчанні і ацэнкі тэатральных крытыкаў часам з’яўляюцца адзінай крыніцай для рэканструкцыі працы акцёраў, рэжысёраў і сцэнографаў. Хто, як не Таццяна Арлова, можа дапамагчы ў вырашэнні гэтай задачы?

Таццяна Дзмітрыеўна па праве лічыцца патрыярхам тэатральнай крытыкі. Доктар філалагічных навук, аўтар больш як дзясятка кніг, яна стала настаўнікам для шэрагу даследчыкаў і аналітыкаў, прайшоўшых яе школу на факультэце журналістыкі (у апошнія гады — праз курс па профілі “тэатральны крытык”, што чытаецца на кафедры літаратурна-тэатральнай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ). На маю думку, маюцца ўсе падставы казаць пра існаванне школы Т.Арловай.

Не сакрэт, што пры інтэрпрэтацыі пэўнага спектакля крытык заўсёды сутыкаецца з цяжкасцю: неабходна расказаць пра прадукт мастацтва, які з’яўляецца абстрактнай з’явай. Некаторыя тэатра­знаўцы ідуць шляхам інтэрпрэтацыі іх на высокім навуковым узроўні. Гэта ўводзіць спектаклі ў кантэкст сучаснага мастацтва, але абмяжоўвае патэнцыяльную чытацкую аўдыторыю. А вось прадстаўнікі кірунку, якога прытрымліваецца Т. Арлова, імкнуцца патлумачыць тэатральныя з’явы глыбока, але адначасова проста, дэмакратычна і зразумела для гледачоў.


А вось як выглядае вокладка кнігі

Такі прынцып знайшоў сваё адлюстраванне ў зборніку “Тэатральная крытыка новага часу”. Кніга падзелена на чатыры часткі. Першая, “Гісторыя тэатра ў асобах”, распавядае пра легендарных беларускіх акцёраў: Віктара Тарасава, Генадзя Аўсяннікава, Аляксандру Клімаву, Расціслава Янкоўскага і іншых. Другая частка, “Гісторыя аднаго тэатра (РТБД) у спектаклях”, прысвечана развіццю аднаго з самых цікавых беларускіх драматычных калектываў — Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. У трэцяй, “Гісторыі тэатральнай крытыкі ў жанрах”, аўтар дае ўзоры тэатральнага фельетона, памфлета, хронікі, рэпартажу. Нарэшце, назва чацвёртай часткі, “Гісторыя пра тое, як паядналіся тэатр і журналістыка”, гаворыць сама за сябе. Наогул, выданне можа лічыцца бездакорным навігатарам у беларускім тэатральным моры і з’яўляецца практычным дапаможнікам для любога пачынаючага творцы.

Навігатар у тэатральным моры// Літаратура і мастацтва. 2012. 27 студзеня. № 4. С. 10.