Ад Юргона да Юджына: новая аповесць Анатоля Казлова

Дванаццаты нумар “Маладосці” за 2011 год прапанаваў сваім чытачам часопісны варыянт аповесці Анатоля Казлова “Абганяючы сны”.


Згодна з сюжэтам, Юджын, галоўны герой твора, чатырнаццаты год шчасліва жыве з Русланай у грамадзянскім шлюбе. Але калі каханая жанчына накіроўваецца на поўдзень, у мужчыны прачынаецца асноўны інстынкт. Пасля вяртання Руслана выганяе Юджына са сваёй кватэры. Пазбаўлены жытла, герой начуе на вакзале, дзе бавіць час за бутэлькай з паненкамі вольных паводзін. Пры гэтым ён кахае Руслану і марыць вярнуцца да яе. Аднойчы Юджын сустракае дзіўную бабулю, чыё “цела даўно ужо не патрабуе ежы”. Менавіта яна імк­нецца падказаць герою выйсце з духоўнага крызісу…

На першы погляд, аповесць з’яўляецца досыць тыповай для творчасці пісьменніка, у якой дамінуюць жарсць і містыка. Але пры больш уважлівым разглядзе твора такую думку можна аспрэчыць. Па-першае, “юргонаўскія” матывы выглядаюць у аповесці дастаткова сціпла. Апісанне напаўаголеных прыгажунь у кароткіх халаціках, “гарачыя” сцэны, характэрныя для ранейшых твораў А. Казлова (напрыклад, “Юргону”), саступаюць канстатацыі рамантычных прыгодаў як фактаў, што адбыліся з героем. Па-другое, містычнасць уласцівая, бадай, толькі вобразу бабулі. Апошнюю можна ўспрымаць і як анёла-ахоўніка, і як душу кагосьці са сваякоў Юджына. Пра гэта сведчыць наступны фрагмент: “Ты не забыў яшчэ, як выглядала наша хата, — бабулька закашлялася, засланіла далонню вусны, выдыхнула натужна і працяжна, — твая хата як выглядала, не забыўся?”. Але самае галоўнае, што містыка звязана з арыгінальным пісьменніцкім успрыманнем часу.

Параўнальна нядаўна мы згадвалі пра “сонечную” і “начную” прозу. Характэрнай рысай другога кірунку, да якога я аднёс і творчасць А. Казлова, было названа імкненне пісьменнікаў адлюстраваць дысгармонію, паглыбіць яе, стварыць гэтым кантраст з гармоніяй і падвесці чытача да разумення неабходнасці апошняй (тады як “сонечныя” пісьменнікі імкнуцца прывесці да гармоніі сваіх герояў). Супярэчнасць паміж двума кірункамі праявілася і ва ўспрыманні часу, які стаў філасофскай асновай аповесці А. Казлова.

Для тлумачэння мадэлі чалавечых узаемаадносін, якую прапануе пісьменнік, параўнаем разуменне часу ў творцаў двух кірункаў. Паколькі “сонечныя” пісьменнікі ўспрымаюць свет гарманічна, яны бачаць еднасць сучаснага з мінулым і вышэйшую, боскую логіку ў развіцці сусвету. Напрыклад, у А. Станюты нязменнай катэгорыяй выступае прастора, якая яднае час. “Начныя” пісьменнікі нават пры адноснай, вонкавай гармоніі бачаць вытокі дысгармоніі ўжо ў мінулым. Таму яны адмаўляюць адзінства апошняга з сучаснасцю і нават з пэўнай варожасцю ставяцца да часу. Дадзены тэзіс знайшоў увасабленне ў аповесці “Абганяючы сны”.

На думку бабулі, “разуменне часу ды месца супакойвае, дае ўпэўненасць, што ў кожнага яшчэ наперадзе бязмежжа… у сотню гадоў. Але часу няма і не было. Сусвет не ведае часу. . Людзям ён патрэбны, каб не заблукаць у саміх сабе”. Гераіня лічыць, што “калі чалавек вольны, яму няма патрэбы ў снах і часе”. Катэгорыя “сноў” успрымаецца ў творы як адлюстраванне часу, дакладней – мінулага (сны Юджына заўсёды з’яўляліся “надакучлівымі ды небяспечнымі”). Менавіта таму бабуля імкнецца навучыць героя абганяць сны. “Стрымлівай звярыны пачатак у сабе. Упусці ў душу і цела радасць дня сённяшняга. Выкраслі з памяці боль учарашняга дня…”. Уменне абганяць сны можа прынесці герою ўсведамленне і адчуванне пазачасавасці. “Каб пачувацца ўтульней у пазачасавасці, чалавек і прыдумаў час”, — піша пісьменнік. Мяркую, у дадзеным кантэксце пад тэрмінам “пазачасавасць” разумеецца дасягненне чалавечай гармоніі.

Прызнацца, некаторыя фрагменты аповесці выклікаюць супярэчлівае ўражанне. Напрыклад, яе пачатак (“Вам давозілася бачыць, як паміраюць дэльфіны? Не? А як яны займаюцца сексам?”) падаецца няўцямным. А дзіцячы ўспамін героя пра пошук зоркавай кветкі мае ўстаўны характар і не ўплывае на развіццё твора. Але ўвогуле аповесць А. Казлова стала творчым поспехам пісьменніка.

Ад Юргона да Юджына// Літаратура і мастацтва. 2012. 27 студзеня. № 4. С. 5.

Ад Юргона да Юджына: новая аповесць Анатоля Казлова: 2 комментария

  1. Что ж так они всё пишут, пишут, а читать не хочется?!

  2. Скажите, если, конечно, не секрет, а почему читать не хочется? :)
    И ещё хотел спросить: когда вы пишете «они», вы имеете ввиду всех белорусскоязычных писателей?

Комментарии запрещены.