Памяці Паўла Лойкі

22 кастрычніка 2010 года на 53-м годзе жыцця памёр вядомы беларускі гісторык Павел Лойка.

Яго нечаканая смерць выклікала смутак і горыч сярод калег і вучняў, якія яшчэ неаднаразова ўзгадаюць удзячным словам гэтага светлага чалавека.

Мяркую, што завочнае знаёмства майго пакалення з Паўлам Алегавічам, сынам знакамітага паэта і пісьменніка Алега Лойкі, пачалося яшчэ ў школе. У далёкім 1999 годзе мы, сямікласнікі, атрымалі яго падручнік па беларускай гісторыі – лепшы з усіх, якія мне давялося бачыць.

Лёгка і чытэльна напісаны, прыгожа аздоблены, ён не проста бліскуча сістэматызаваў веды па перыяду 16 – 18 стагоддзяў, а яшчэ вучыў патрыятызму і любові да сваёй зямлі. Упэўнены, што заклік у аўтарскай прадмове да шанавання сваіх каранёў, які завяршаўся сказам “Гэта ж мы, беларусы!”, абудзіў ад бяспамяцтва сотні неабыякавых людзей.

У тым жа годзе пашанцавала сустрэцца з аўтарам падручніка асабіста. Жонка гісторыка, Наталля Васільеўна, выкладала гісторыю на ліцэйскіх падрыхтоўчых курсах. Павел Алегавіч некалькі разоў замяняў яе. А у 9 і 10 класах выкладаў у нас спецкурс, які так і называўся – “Гісторыя Беларусі”.

Лойка не быў акадэмічным выкладчыкам. Хутчэй наадварот, таму пасля яго занятку ў сшытку ці канспекце заставалася спісанымі ўсяго некалькі радкоў. Але адначасова Павел Алегавіч меў магнетычны талент з захапленнем і падрабязнасцямі ўзнаўляць любы сюжэт з беларускай гісторыі. Прычым, нават калі ўсе падзеі былі ўжо вядомыя, яго ўсё роўна слухалі так, нібыта чулі пра тую гісторыю ўпершыню. Афарызмы, трапныя параўнанні, жарты выклікалі захапленне, смех, прымушалі ўважліва слухаць і, несумненна, спрыялі зацікаўленасці гісторыяй у слухачоў.

Сапраўдны настаўнік, Лойка адыграў у жыцці маім і многіх маіх аднагодкаў выключную ролю. Ён кіраваў секцыяй на ліцэйскіх канферэнцыях, дзе тлумачыў асновы любога даследавання і тактоўна, з гумарам паказваў самаўпэўненым аматарам гісторыі, які шлях трэба прайсці, каб хоць бы наблізіцца да навуковага ўзроўню. Разам з Наталляй Васільеўнай ён ператварыў хаатычныя звесткі з мінулага ў галовах многіх з нас у сістэматызаваныя дадзеныя, заклаў разуменне гісторыі, якое дапамагала ўдала выстцпаць і нават перамагаць на рэспубліканскіх алімпіядах. Нарэшце, сваім прыкладам Павел Алегавіч паказваў, што гісторыя – не толькі набор фактаў і праца ў запыленых архівах, а жыццё, якое звязвае мінулае з сённяшнім днём.

А колькі было зроблена ім для навукі і ўсяго грамадства! Доўгі час П.Лойка працаваў у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе ўзначальваў аддзел гісторыі Беларусі ХІІІ – ХVІІІ стагоддзяў. Там ён даследаваў праблемы аграрнай, а потым і грамадска-палітычный гісторыі Рэчы Паспалітай. Выдаў чытары манаграфіі па гэтай тэматыцы, а таксама ўдзельнічаў у стварэнні шэрагу абагульняльных калектыўных прац, у тым ліку “Нарысаў гісторыі Беларусі”, “Гісторыі сялянства Беларусі” і акадэмічнай “Гісторыі Беларусі” у 6 тамах.

Выпускнік гістарычнага факультэта БДУ, Павел Алегавіч выкладаў у сваёй alma mater, а ў 1994 годзе стаў першым загадчыкам кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў. Ён узначальваў яе на працягу дванаццаці гадоў, падрыхтаваў дзевяць кандыдатаў навук і разам са сваімі паплечнікамі фактычна ўзгадаваў навуковую школу, якая вывучае спадчыну ВКЛ. Няспынна папулярызаваў мінулае, вынікам чаго сталі стала папулярная кніга “Ці ведаеце вы гісторыю сваёй краіны?” (напісаная ў суаўтарстве), удзел у стварэнні знакамітага выдання “100 пытання і адказаў з гісторыі Беларусі”. Плённа супрацоўнічаў з сістэмай адукацыі. Павел Лойка – аўтар 4 падручнікаў і 12 дапаможнікаў для школ і абітурыентаў. Усяго на яго рахунку каля 200 прац.

А колькі чакала яго наперадзе! Абарона доктарскай дысертацыі, якая амаль ужо была напісана. Бязмерна шкада, што калегі, вучні, студэнты былі пазбаўленыя ў апошнія гады магчымасці дыскутаваць з ім на канферэнцыях, слухаць яго парады і лекцыі. На жаль, ніхто з іх ужо не дачакаецца Паўла Алегавіча. Беларускую навуку яшчэ чакае запозненае ўсведамленне таго, каго яна страціла. А нам застаецца быць удзячнымі і – памятаць…

Дзяніс Марціновіч Дзякуй, настаўнік!// Літаратура і мастацва. 2010. 29 кастрычніка. № 43. С. 14
Апублікавана з невялікімі скарачэннямі.

Памяці Паўла Лойкі: 2 комментария

  1. Так, шкада, такі чалавек ад нас зышоў. Не ведаю дасканала наконт навукі, а вось для беларускай гістарычнай адукацыі насамрэч вялізарная страта. Заўсёды з павагай і ўдзячнасцю адносіўся да Паўла Алегавіча. Яго падручнік па гісторыі Беларусі для школ, а таксама курс лекцый, які Павел Алегавіч чытаў на гістарычным факультэце БДУ, назаўсёды застануцца ў памяці як прыклад добрасумленнага і «безукоризненного» стаўлення да справы ўсяго свайго жыцця.
    ————————————————————-
    Соболезнования родным и близким.

Комментарии запрещены.