Беларуская Эстонія

Здавалася б, у лёсах Беларусі і Эстоніі прысутнічае куды больш адрозненняў, чым падабенстваў. Вытокі нашай нацыі ў славяна-балцкім асяроддзі, тады як насельніцтва прыбалтыйскай рэспублікі мае фіна-угорскія карані. Уласная дзяржаўнасць прасочваецца ў беларусаў з Сярэднявечча, а вось у эстонцаў яна адсутнічала да пачатку ХХ стагоддзя. Тым не менш шматлікія культурныя сувязі паміж двума народамі даюць усе падставы гаварыць пра існаванне феномена “беларускай Эстоніі”.


Талін

Аповесць мінулых часоў
Каб увесці чытача ў кантэкст размовы, дазволю сабе ахарактарызаваць ход эстонскай гісторыі і, адначасова, узгадаць агульныя гістарычныя старонкі. Як ужо адзначалася, сталым насельніцтвам краіны з’яўляліся фіна-угры, у прыватнасці, племя эстаў. У ІХ – Х стагоддзях тэрыторыя краіны ненадоўга трапляе ў сферу ўплыву Кіеўскай Русі. У наступныя тры стагоддзі складваюцца феадальныя адносіны, паступова ўзнікаюць перадумовы для стварэння нацыянальнай дзяржавы. Але на шляху эстонцаў паўстаюць крыжакі. Пікам змагання з імі становіцца паўстанне 1223-1224 гадоў. Адзін з яго кіраўнікоў — князь Вячка (дарэчы, галоўны герой гістарычнага рамана Леаніда Дайнекі). Пасля падаўлення таго выступлення ўладарамі Эстоніі з’яўляліся Лівонскі ордэн і (непрацяглы час) Данія. Праз пэўны час мясцовыя гарады ўвайшлі ў Ганзейскі саюз.


Вежа «Тоўстая Маргарыта». Пабудавана ў пачатку 16 стагоддзя

За стратэгічна важную тэрыторыю ўвесь час змагаліся і іншыя краіны. Сярод іх былі і нашыя суайчыннікі. На завяршальным этапе Лівонскай вайны войскі караля Стэфана Баторыя далучылі паўднёвую Эстонію з гарадамі Дэрпт і Пернаў (цяпер Пярну) да Рэчы Паспалітай. На працягу чатырох дзесяцігоддзяў сучасныя эстонцы і беларусы жылі ў агульнай дзяржаве, пакуль да 1625 года Швецыя не заваявала амаль усю мацерыковую Эстонію. Крыху менш чым праз сто гадоў Эстонія трапляе ў склад Расійскай імперыі. Але фактычна ў краіне захавалася панаванне і нямецкай мовы, на якой вялося справаводства, і заходніх традыцый. Істотна, што асабістую волю (без зямлі) мясцовыя сяляне атрымалі яшчэ ў 1816-1819 гадах.

Здавалася б, сітуацыя ў Эстоніі ў плане нацыянальнай свядомасці з’яўлялася на працягу стагоддзяў куды горшай, чым у Беларусі. Але калі ў другой палове ХІХ стагоддзя ў краіне пачалося развіццё капіталізму, высветлілася, што тут маюцца ўмовы для развіцця буржуазнага грамадства. У мясцовых жыхароў сфарміравалася заходняя свядомасць, у іх адсутнічала культурная і эканамічная залежнасць ад метраполіі. Таму не дзіўна, што ў краіне ўзнікла нацыянальная буржуазія і інтэлігенцыя, якія пасля рэвалюцыі 1917 года змаглі абвясціць незалежнасць Эстоніі і стварыць самастойную дзяржаву.


Манумент перамогі ў Вызваленчай вайне 1918-1920 гадоў, калі Эстонія абараніла сваю незалежнасць

Далейшыя падзеі ўжо добра вядомыя: далучэнне Эстоніі да СССР у 1940-м, акупацыя рэспублікі немцамі, аднаўленне савецкай улады.

У канцы 1980-х пачаўся рух за незалежнасць, які прывёў да аднаўлення незалежнасці ў 1991-м. З таго часу дзве краіны, нібы тыя караблі, далёка разышліся ў моры. Як цяпер жыве беларуская дыяспара? У якіх умовах адбываюцца эстонска-беларускія сувязі?

Дыяспара
Паводле дадзеных перапісу 1989 года, колькасць нашых суайчыннікаў у рэспубліцы дасягала 28 тысяч. У тым жа годзе ў горадзе Йыхві пачало дзейнічаць “Беларуска-эстонскае згуртаванне”, якое імкнулася кансалідаваць беларусаў. Пачатак 1990-х гадоў становіцца пікам актыўнасці дыяспары. У 1993-м пачаў выдавацца беларускі гістарычны часопіс “Грунвальд”. У 1994-м у Таліне заснаваны Беларускі культурны цэнтр “Бацькаўшчына”. Падобныя суполкі ўзніклі і ў іншых гарадах Эстоніі.

У цяперашні час дзейнічаюць Беларускае таварыства культуры “Лёс” (у Таліне), пры якім працуе фальклорны ансамбль; Беларускае культурнае таварыства “Ялінка” ў Маарду, пры якім існуе вакальная група; Беларускае культурнае таварыства “Сябры” (тут створаны ансамбль беларускай песні) і Беларуска-эстонскае культурна-асветніцкае таварыства “Спадчына” – у Нарве; Беларускае культурнае таварыства “Лад” у Пярну (існуе газета “Панарама”, а таксама яе блог у інтэрнэце, дзе публікуюцца тэксты); аб’яднанне беларусаў “Крыніца” у Сіламяе, дзе працуе фальклорны ансамбль. У горадзе Йыхві працягвае існаваць БЭЗ.

Як бачна, большасць суполак сканцэнтравалі дзейнасць на прапагандзе беларускага фальклору. Несумненна, гэта надзвычай карысная справа, бо спрыяе захаванню вуснай народнай творчасці. У выканальніцкім майстэрства ансамбляў можна пераканацца на падставе іх выступленняў як у Эстоніі, так і ў Беларусі (фальклорны ансамбль таварыства “Лёс” быў прадстаўлены ў праграме “Славянскага базару”).

Але відавочна, што такі аспект ахоплівае далёка не ўсю сферу культуры. А справа ў апошняй выглядае далёка не ідэальнай. Цяпер беларуская дыяспара ў Эстоніі з’яўляецца чацвёртай па колькасці і налічвае каля 14 тысяч чалавек. Чаму ж адбылося такое скарачэнне, ажно у два разы? Хтосьці памёр, іншыя маглі з’ехаць. Але думаецца, частка дзяцей эмігрантаў пачала запісвацца рускімі або эстонцамі. Акрамя таго, беларусы ў другім ці трэцім пакаленні выхоўваюцца ў небеларускім асяроддзі і таму зусім не ведаюць родную мову. Гэта выклікала неабходнасць у адукацыі па-беларуску.

Адукацыя
Першыя сувязі паміж адукацыйнымі ўстановамі Беларусі і Эстоніі ўсталяваліся яшчэ ў часы Расійскай імперыі. У прыватнасці ў 1898-1899 гадах у Тартускім універсітэце вучыўся дзеяч рэвалюцыйнага руху Пётр Карповіч, адзін з кіраўнікоў баявой арганізацыі эсэраў, а ў 1911-м установу закончыў гісторык і грамадскі дзеяч Усевалад Ігнатоўскі.

У незалежнай Эстоніі адукацыйныя сувязі з Беларуссю ажыццяўляюцца праз стварэнне ў Таліне Беларускага цэнтра ў Эстоніі. Пры ім дзейнічае Нядзельная школа беларускай культуры імя Уладзіміра Караткевіча, што размяшчаецца ў старым горадзе (адкрыццё адбылося ў 2010-м, калі адзначалася 80-годдзе з дня нараджэння пісьменніка). Дырэктар установы Артур Цурбакоў падзяліў праграму школы на дзве часткі. Першы этап накіраваны на вывучэнне нацыянальнай мовы да ступені поўнага разумення (пасіўнага валодання мовай) і знаёмства з культурай і гісторыяй краіны.

Другі этап павінен “прасунуць” слухачоў школы да актыўнага валодання мовай у некаторых сферах побыту і паглыбленаму вывучэнню абраных вучнямі накірункаў гісторыі і культуры. Асновай для вывучэння Беларусі з’яўляюцца творы У.Караткевіча. Заўважым: школа, у якой займаюцца 26 чалавек ад 4-х да 16 год, фінансуецца дзяржавай, якая аказвае вельмі значную дапамогу нацыянальным меншасцям (усяго ў Эстоніі існуе 23 нацыянальныя нядзельныя школы).

Літаратура
Як беларуская літаратура прадстаўлена ў Эстоніі? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба вылучыць тры аспекты. Па-першае, фізічную прысутнасць пісьменнікаў у Эстоніі. У 1917 годзе ў Рэвеле (цяпер – Талін) у сям’і нашых суайчыннікаў нарадзіўся паэт Пімен Панчанка. А ў другой палове 1940-х гадоў на эстонскім сланцахімічным камбінаце працаваў пісьменнік Ян Скрыган (вызвалены пасля першага зняволення, ён не мог жыць у Беларусі. Таму выбраў Эстонію, каб быць бліжэй да Радзімы). У 1998-м у горадзе Ківіылі яму ўсталяваны помнік. У Эстоніі жыве беларускамоўны пісьменнік Уладзімір Дзехцярук, аўтар кнігі вершаў і апавяданняў “Сярод белых эстонскіх начэй”.

Па-другое, перакладчыцкі аспект. Прызнацца, пра існаванне беларускіх кніг на эстонскай мове даведаўся выпадкова. Вандруючы па Таліну, зайшоў у Рускі цэнтр Эстоніі, што размяшчаецца на Нарвенскай шашы. Не спадзяючыся на значныя адкрыцці, папрасіў гаспадара цэнтра, Аляксандра Дармідонтава, паглядзець што-небудзь з беларускай літаратуры. А калі завітаў туды праз некалькі дзён, нечакана ўбачыў ажно сем беларускіх празаічных кніг на эстонскай. Гэта былі трылогія Я.Коласа “На ростанях” у 2-х кнігах (1-я і 2-я выйшлі адным выданнем), аповесці В.Быкава ў адной кнізе (там прысутнічалі “Абеліск” і “Трэцяя ракета”), “Тартак” І. Пташнікава, проза Я.Брыля (аповесць “Апошняя сустрэча”), “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” І.Мележа. Яшчэ адно нечаканае выданне знайшоў у талінскай кнігарні, размешчанай у цэнтры старога горада. У раздзеле рускамоўнай літаратуры адшукаў трохмоўнае выданне “Кургана” Янкі Купалы (на беларускай, рускай і эстонскай).


Цэнтральная плошча. Справа — кнігарня

Амаль усе творы былі перакладзены на эстонскую мову Олевам Йыгі (1919-1989). На жаль, пасля яго смерці перакладчыцкая прастора засталася незапоўненай.

Па-трэцяе, наяўнасць у краіне беларускіх кніг. Пры Нядзельнай школе імя У.Караткевіча існуе добрая бібліятэка, у якой прадстаўлена як беларускай класіка, так і сучасная літаратура. Адзначым дапамогу Іванаўскай раённай і Барысаўскай гарадской бібліятэк (чытачы перадалі ўстанове большую частку яе фонду), а таксама пасольства Беларусі ў Эстоніі, якое перадала падарункі ад Нацыянальнай бібліятэкі і ўзяло на сябе дастаўку выданняў у Талін. Іх прывезлі ў дзень народзін Караткевіча і урачыста передалі ў дар бібліятэцы. Што датычыцца новых выданняў, дык госці часцей за ўсё прыязджаюць у Талін не з пустымі рукамі. Не стаў выключэннем і аўтар гэтых радкоў, які перадаў у бібліятэку апошнія навінкі беларускай прозы, паэзіі, краязнаўства з аўтографамі аўтараў.

Тэатр
Сувязі паміж тэатрамі Беларусі і Эстоніі ўсталяваліся яшчэ ў савецкі перыяд. Акрамя таго, што ладзіліся традыцыйныя абменныя гастролі, эстонскія калектывы ставілі на сваёй сцэне п’есы К.Крапівы, А.Маўзона, А. Макаёнка, А.Дударава…

Цяпер у вядучых эстонскі тэатрах выступаюць два беларускія выканаўцы. Так, балерына Алена Шкатула з’яўляецца адной з вядучых салістак Нацыянальнай оперы “Эстонія”.


Будынак Нацыянальнай оперы «Эстонія»

Выпускніца Беларускага харэаграфічнага каледжа, яна ў 2003-2007 гадах танцавала ў трупе беларускага тэатра, выконвала партыі Ганны Парфірароднай (“Рагнеда”), а таксама не надта вялікія ролі прынцэсы Фларыны (“Спячая прыгажуня”) і Дульцынэі (“Дон Кіхот”). Потым артыстка перабралася ў Эстонію, і цяпер танцуе арыгінальны рэпертуар. Напрыклад, амаль год таму адбылася прэм’ера балета “Манон” (харэаграфія сусветна знакамітага Кенета МакМілана), дзе балерына выканала галоўную партыю. “Алена Шкатула невыказна пяшчотная ў ролі Манон, зачароўваюць яе чыстыя лініі, выразныя рукі. – пісала мясцовая крытыка. – Яна будуе вобраз паступова, на паўтонах – ад наіўнай правінцыйнай дзяўчынкі да шыкоўнай дамы паўсвета і, нарэшце, жанчыны, якая ўсвядоміла ўласную грахоўнасць. Яе Манон – ахвяра фатальных акалічнасцяў і брата, якога яна любіць і імкнецца выконваць яго ўказанні”.

У Рускім тэатры Эстоніі працуе беларус Аляксандр Сіняковіч.


Будынак Рускага тэатра Эстоніі

Выпускнік нашай Акадэміі мастацтваў (курс Лідзіі Манаковай), ён прадоўжыў вучобу ў Санкт-Пецярбурзе. А ў 2009 годзе пачаў працаваць у тэатры. У кастрычніку мінулага года тут адбылася прэм’ера спектакля “Тры мушкецёры”, дзе наш суайчыннік выканаў галоўную ролю д’Артаньяна.

Эпілог
Зразумела, тэма, заяўленая ў назве, не можа быць выкладзена ў адным артыкуле. Дарэчы, пра жыццё беларусаў Эстоніі вы можаце даведацца з першых вуснаў. У эфіры эстонскай радыёстанцыі “Радыё-4” рэгулярна (кожныя тры першыя нядзелі штомесяц, з 19.15 да 20.00) выходзіць праграма “Бацькаўшчына” на беларускай мове. Яе вядучы Артур Цурбакоў знаёміць слухачоў з асноўнымі падзеямі беларускай культуры ў Эстоніі, гутарыць з цікавымі гасцямі, што прыехалі з Бацькаўшчыны. Перыядычна ў эфіры гучаць песні нацыянальных кампазітараў і ўрыўкі з нашых радыёспектакляў.


Царква Нігулістэ

А лепш за ўсё самі наведайце Эстонію! Вашых уражанняў хопіць надоўга.

Мінск – Талін – Мінск
Фота аўтара

Беларуская Эстонія// Літаратура і мастацтва. 2012. 20 студзеня. № 3. С. 20.