Рэнесанс Новага драматычнага тэатра

Пачатак новага года заўсёды прымушае падводзіць пэўныя вынікі яго папярэдніка. На маю суб’ектыўную думку, галоўнымі падзеямі ў жыцці сцэнічных калектываў сталіцы ў 2011 годзе стала адраджэнне Новага драматычнага тэатра.


Будынак Новага драматычнага тэатра.
Фота з сайта http://minsk.gov.by

Ад “Дзе-Я?” да Новага драматычнага
Парадокс, але шэраг тэатралаў дагэтуль не ўспрымае прадукцыю гэтага калектыву як паўнавартасную мастацкую з’яву. Прычыны трэба шукаць у гісторыі. У другой палове 1980-х гадоў у Беларусі ўзнікла некалькі дзесяткаў тэатраў-студый. Яны імкнуліся стварыць альтэрнатыву рэпертуарным калектывам, якія арыентаваліся на пастаноўкі, вырашаныя ў рэчышчы псіхалагічнага тэатра. Аднак шэраг фактараў, перш за ўсё фінансавых, прывялі да паступовага згортвання студыйнага руху.

Адзіным выключэннем стаў лёс тэатра-студыі “Дзе-Я?” на чале з рэжысёрам Міколаем Труханам, які ў 1992 годзе атрымаў статус гарадскога тэатра. Калектыў карыстаўся значнай папулярнасцю сярод гледачоў. Але ў 1999 годзе М.Трухан памёр, пасля чаго для тэатра наступілі цяжкія часы. “Дзе-Я?” перажыла шэраг пературбацый: змену агульнай канцэпцыі (у прыватнасці пераход да пастаноўкі (двухмоўных) спектакляў на двух мовах замест ранейшых беларускамоўных), назвы (з 2004-га тэатр быў перайменаваны ў Новы драматычны), кіраўніцтва, амаладжэнне акцёрскага складу. Некалькі гадоў у будынку доўжыўся капітальны рамонт, які завяршыўся ў 2009 годзе.

Усе акрэсленыя акалічнасці паўплывалі на змену аўдыторыі тэатра. У тэатр прыйшлі больш дэмакратычныя гледачы. Калектыў пачаў ставіць спектаклі, арыентаваныя на іх густ. У выніку Новы драматычны пэўны час успрымаўся як калектыў другога эшалона. Акрамя таго, ён размешчаны не ў цэнтры сталіцы, а ў раёне метро “Аўтазаводская” (будынак былога кінатэатра “Радзіма”), што аддаляе частку патэнцыйных гледачоў.

Але прэм’еры апошняга года даюць падставы гаварыць пра своеасаблівы рэнесанс тэатра, які выходзіць на новы віток свайго развіцця. Гаворка пра спектаклі “Шанс, якога чакаеш ўсё жыццё” і “Бляск летняй вады”.

Бляск літоўскай рэжысуры
Апошнія некалькі дзесяцігоддзяў сталі часам сусветнага прызнання літоўскай рэжысуры. Імёны Вайткуса, Некрошуса, Каршуноваса, Латэнаса зрабіліся культавымі для айчынных тэатралаў. Падчас міжнародных фестываляў пастаўленымі імі спектаклі карыстаюцца павышанай увагай публікі. Але рэакцыя гледачоў заўсёды была надзвычай рознай, яна адлюстроўвала і эйфарыю, і поўнае непрыманне. Бадай, такія ацэнкі можна патлумачыць тым, што творчасць адзначаных рэжысёраў з’яўляецца тэндэнцыяй, хутчэй характэрнай для Заходняй Еўропы. Пошукі літоўскіх пастаноўшчыкаў выступаюць у якасці антытэзы расійскаму тэатру і традыцыям школы Станіслаўскага, што пануюць у апошнім. А паколькі беларускі тэатр развіваецца пераважна ў тым жа рэчышчы, што і ва ўсходніх суседзяў, літоўскія традыцыі часам не зразумелая беларусам. Менавіта таму іх пастаноўкі з’яўляюцца на айчыннай сцэне рэдка і надоўга не затрымліваюцца ў рэпертуары.

З гэтай прычыны выклікае захапленне смеласць Новага драматычнага тэатра: рэжысёр Віргінія Тарнаўскайтэ паставіла спектакль “Бляск летняй вады” (паводле аднайменнай п’есы літоўскага драматурга Сінціі-Лаўры Чарняўскайтэ). У аснове спектакля – лёс скульптара Бенаса (В.Агаян) і яго 11-гадовай дачкі Базіле (В.Сакалова). Жыццё сям’і жыццё азмрочана трагедыяй: Юдзіта (іх жонка і маці) сканчвае жыццё самагубствам…


Бенас (Валерый Агаян). Фота з сайта http://kimpress.by

Галоўным вобразным элементам пастаноўкі выступае рака. Менавіта там адзінокая Базіле шукае сэнс далейшага жыцця. Яднанне з прыродай дасягаецца праз веру дзяўчынкі ў тое, што ўсе навакольныя істоты – жывыя. Так, Базіле размаўляе з Рыбай, якая з’яўляецца раннехрысціянскім увасабленнем Бога (у такой якасці яна згадваецца, напрыклад, у рамане Г.Сянкевіча «Quo vadis?»). Акрамя таго, водная паверхня становіцца сімвалам хуткаплыннасці жыцця, яго зменлівасці і адначасова адлюстраваннем таго, што любыя няшчасці застаюцца ў мінулым, а чалавечае існаванне працягваецца.

Сцэнаграфія спектакля (мастак Яўген Волкаў) заснавана на адзінстве падзей, што адбываюцца з дачкой і бацькам: майстэрня скульптара з’яўляецца адначасова і памосткамі на беразе ракі. Сувязь паміж роднымі праяўляецца і на эмацыйным узроўні: Бенас і Базіле
настойліва шукаюць выйсце з духоўнага крызісу. Бацька – праз стварэнне скульптуры жонкі-нябожчыцы, а таксама праз узаемаадносіны з настаўнікай Адай (К.Ермаловіч). Дачка – праз лекаванне людзей, да чаго мае дар.

Найбольшай удачай спектакля стаў вобраз Базіле, якую ўвасобіла 12-гадовая Валерыя Сакалова. Вучаніца мінскай гімназіі, яна адначасова наведвае заняткі ў тэатральнай школе пры Новым драматычным тэатры. Галоўная роля ў спектаклі засведчыла як здольнасць маладой актысы выступаюць нароўні з дарослымі, так і пра яе значны патэнцыял. В.Сакалова здолела пераканаўча перадаць адчай і адзіноту гераіні, рэўнасць, якую выклікаюць пачуцці бацькі да Ады, непасрэднасць, што праяўляецца ў гульні з Кіпрыянісам (навучэнец тэатральнай школы С.Засценскі).

На ўспрыняцце спектакля паўплывала тая акалічнасць, што дарослыя, якія атачалі Базіле, ставіліся да яе як да дзіцяці. Можа таму яны часам дэманстравалі або вызначаную лінію паводзінаў, або пэўную рысу характару. Магчыма, дарослыя аказаліся не такімі гнуткімі да ўспрыняцця літоўскай драматургіі і рэжысуры? Гэтая акалічнасць крыху спрасціла асобныя вобразы і не дазволіла казаць пра ідэальны акцёрскі ансамбль.

Адным словам, шчыра рэкамендую “Бляск летняй вады” для прагляду. З аднаго боку, спектакль знаёміць з айчыннымі спробамі літоўскай рэжысуры (В.Тарнаўскайтэ, прадстаўніца гэтай нацыянальнасці, даўно жыве і працуе ў Беларусі). А з другога, прымушае думаць, а гэта, бадай, галоўнае.

Ці дачакаюцца героі свайго шансу?
Спектакль “Шанец, які чакаеш усё жыццё” стаў першым знаёмствам беларускай публікі з творчасцю знакамітага Вудзі Алена. Амерыканскі кінарэжысёр, акцёр, прадусар, трохразовы уладальнік прэміі “Оскар” вядомы таксама як празаік і драматург. Дзяніс Нупрэйчык, галоўны рэжысёр Новага драматычнага тэатра, выбраў для пастаноўкі п’есу “Лямпачка, якая лунае”.


Сцэна са спектакля. Фота з сайта http://kimpress.by

Дзеянне спектакля адбываецца ў Нью-Ёрку ў 1940-х гадах. Сям’я Полак перажывае цяжкія часы. Макс (І.Падлівальчаў) зусім не клапоціцца пра сваякоў і ўсе грошы аддае маладой каханцы Бэці. Яго жонка Энід (Т.Папова) вымушана сама забяспечваць сыноў, у якіх пачаўся пераходны ўзрост. Але калі Стыў (П.Чарноў) выглядае маладым разняволеным хлопцам, дык Пол (Ю.Шаланкоў) – поўная яго супрацьлегласць. У кожнага героя ёсць уласныя праблемы, але кожны чакае шанец, які можна стаць адзіным у жыцці. Макс спадзяецца сысці з сям’і. Энід – знайсці асабістае шчасце з прадусарам Джэры Уэкслерам (В.Агаян), Сціў ускладвае надзеі на поспех брата, а той марыць пра ўласную творчую рэалізацыю…

Камерная атмасфера спектакля знаходзіць ўвасабленне ў сцэнаграфіі Яўгена Волкава. Дзеянне адбываецца ў звычайнай кватэры Полак. На заднім плане бачна акно. З аднаго боку, яно выступае сімвалам іншага, новага жыцця, куды так імкнуцца героі. Але, з другога боку, гледачы бачаць праз шкло толькі Макса і Бэці. Так стваральнікі спектакля нібыта пераконваюць: каштоўнасці, да якіх так імкнуцца Полакі, ілюзорныя (бо Макс і яго каханка імкнуцца разбурыць сям’ю).

Цэнтральным вобразам пастаноўкі стаў Пол. Адзінокі дзівак, які марыць стаць фокуснікам, але саромеецца гледачоў, сцэны, аднагодкаў і пры тым апантана верыць у мару. Для Ю.Шаланкова роля зрабілася бясспрэчным творчым прарывам. Прызнаюся, падчас прагляду спектакля з’явілася думка, што на сцэне – непрафесійны акцёр-падлетак, які іграе сябе. Трэба адзначыць, што нароўні з названым выканаўцам ігралі і яго партнёры. Хоць слова “ігралі” патрабуе ўдакладнення. Яны так натуральна і пераканальна ўвасобілі сваіх герояў на сцэне, што, здавалася, хутчэй жылі іх лёсамі.

Рэдкі выпадак, але вока зануды крытыка наўрад ці знойдзе ў спектаклі Д.Нупрэйчыка недапрацоўкі, спрэчныя моманты, неабгрунтаванасць паводзін герояў. Здавалася б, усё проста, але адначасова і бездакорна. На суб’ектыўны погляд аўтара гэтых радкоў, спектакль “Шанец, які чакаеш усё жыццё” стаў лепшай драматычнай пастаноўкай мінулага года на сталічнай сцэне.

Рэнесанс Новага драматычнага// Настаўніцкая газета. 2012. 10 студзеня. № 3. С. 12.