Тэатральныя вынікі 2011 года

Прапаную чытачам сваю версію мастацкіх вынікаў 2011 года сярод музычных і драматычных тэатраў. Нагадаю, што ўпершыню яны былі падведзены мною па выніках мінулага, 2010 года.

ДРАМАТЫЧНЫ ТЭАТР

Намінацыя “Лепшы драматычны спектакль-2011”
“Шанец, якога чакаеш усё жыццё”, Новы драматычны тэатр (па матывах п’есы Вудзі Алена «Лямпачка, якая лунае»), рэжысёр Дзяніс Нупрэйчык, сцэнаграфія Яўгена Волкава.

П’есу «Лямпачка, якая лунае» Вудзі Ален напісаў пра сваё дзяцінства, якое прайшло ў 1940-х гадах у адным з бедных кварталаў Нью-Йорка. Рэжысёр Дзяніс Нупрэйчык першы ў Беларусі звярнуўся да творчасці гэтага аўтара. Вынікам стала моцная пастаноўка, якая характарызуецца адзінствам рэжысуры, сцэнаграфіі, харэаграфіі і акцёрскіх прац.

Намінацыя “Лепшая рэжысёрская праца ў драматычным тэатры-2011”
Дзяніс Нупрэйчык, “Шанец, якога чакаеш усё жыццё”, Новы драматычны тэатр

Дзяніса Нупрэйчыка нельга назваць рэвалюцыянерам у тэатры. Яго спектакль, пастаўлены ў псіхалагічным рэчышчы, уражвае глыбінёй увасаблення амерыканскага жыцця і актуальнасцю праблем, што стаяць перад героямі.

“Лепшая мужчынская роля ў драматычным тэатры-2011”
Юрый Шаланкоў, роля Пола Полака, “Шанец, якога чакаеш усё жыццё”, Новы драматычны тэатр”

Вобраз адзінокага дзівака, які марыць стаць фокуснікам, але саромеецца гледачоў, сцэны, аднагодкаў і пры гэтым апантана верыць у сваю мару, выклікаў фантастычнае ўражанне ад ігры Юрыя Шаланкова. Для яго гэтая роля стала бясспрэчным творчым прарывам.

Намінацыя “Лепшая жаночая роля-2011”
У гэтым годзе намінацыя засталася без пераможцы

Намінацыя “Лепшая сцэнаграфія драматычнага спектакля-2011”
Зіновій Марголін, “Ноч на Каляды”, Нацыянальны акадэмічны тэатры імя Янкі Купалы

Сцэнаграфія знакамітага Зіновія Марголіна стала самым моцным элементам спектакля, якога тэатральны крытык Алена Мальчэўская дасціпна назвала «ранішнікам для дарослых».

Намінацыя “Лепшы дэбют у драматычным тэатры-2011”
Валерыя Сакалова, роля Базіле, “Бляск летняй вады”, Новы драматычны тэатр

12-гадовая Валерыя Сакалова вучыцца ў звычайнай мінскай гімназіі і адначасова наведвае заняткі ў тэатральнай школе пры Новым драматычным тэатры. Галоўная роля ў спектаклі рэжысёра Віргініі Тарнаўскайтэ засведчыла як пра здольнасць маладой актысы выступаюць нароўні з «дарослымі», так і пра яе значны патэнцыял

Намінацыя ““За ўклад у развіццё драматычнага тэатра-2011”
Ігар Сігоў, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі

Для таго, каб зразумець уклад таго ці іншага чалавека ў развіццё тэатра, дастаткова пэўны час не бачыць яго на сцэне. Сёлета Ігар Сігоў, прэм’ер РТБД, намінант на прэмію «Оскар», зведаў сур’ёзныя праблемы са здароўем. Дастаткова паглядзець на цяперашнюю афішу РТБД, каб зразумець, на кім трымаўся тэатр і які яго часовы ўзровень без Сігова. Выздараўлівайце, Ігар Аляксеевіч!

МУЗЫЧНЫ ТЭАТР (БАЛЕТ, ОПЕРА, АПЕРЭТА, МУЗЫЧНАЯ КАМЕДЫЯ, МЮЗІКЛ)

Намінацыя “Лепшы музычны спектакль-2010”
Опера «Снягурка», Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, рэжысёр Сусана Цырук, дырыжор-Віктар Пласкіна, сцэнаграфія Кірыл Піскуноў, хармайстар Ніна Ламановіч

Як і любая класічная опера ХIХ стагоддзя, «Снягурка» досыць працяглая па часе. Але ў партытуры зроблена разумныя купюры, а спектакль пастаўлены рэжысёрам так прафесійна, што трымае ўвагу на працягу ўсяго вечара. У выніку атрымліваецца сучасная і відовішчная пастаноўка, у якой не губляюцца ўсёабдымныя ідэі і думкі, закладзеныя драматургам і кампазітарам.

Намінацыі “Лепшая праца рэжысёра ў музычным тэатры-2011”
Сусана Цырук, опера “Снягурка”, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, аперэта «Сільва», Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр

Без усякага перабольшання, Сусана Цырук з’яўляецца адзіным беларускім рэжысёр, які існуе ў еўрапейскай сістэме каардынат. Мабыць, галоўнае, што яна прынесла у беларускі тэатр – гэта сучасныя сусветныя тэндэнцыі і дух змен. Стыльная «Снягурка», пастаўленая з еўрапейскім густам, не можа не выклікаць захаплення

Намінацыя “Лепшая мужчынская роля ў музычным тэатры-2011”
Віталь Краснаглазаў, партыя Кісы Вераб’янінава, балет “12 крэслаў”, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр

Адной з найбольш значных удач балета «12 крэслаў» стаў, на маю думку, вобраз Кісы Варабьянінава. На першы погляд, відавочны «прасцяк», які амаль поўнасцю залежыць ад ідэй і рашэнняў Бэндэра. Але калі прыглядзецца бліжэй, становіцца бачныя абрысы дваранскага мінулага “бацькі рускай дэмакратыі”. Кіса настолькі зжыўся з маскай прасцяка, што ўжо не ўяўляе свайго існавання без яе.

Намінацыя “Лепшая жаночая роля ў музычным тэатры-2011”
Таццяна Гаўрылава, партыя Снягуркі, опера “Снягурка”, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь

Партыя Снягуркі ўспрымаецца як сапраўдны беніфіс Таццяны Гаўрылавай, якая здолела пераканаўца перадаць эвалюцыі вобраза. Спярша юная, наіўная, «снежна-халодная, а потым нястрымна-гарачая» (па словах кампазітара). Яе гісторыя распавядзе гледачам пра абуджэнне хвалюючага пачуцця кахання і лепш за словы перадасць адчуванне шчасця.

Намінацыя “Лепшая сцэнаграфія музычнага спектакля-2011”
Кірыл Піскуноў, опера “Снягурка”, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь

Сцэнаграфія Кірылы Піскунова дазволіла ўвасобіць на сцэне спектакль у жанры “рускага фэнтэзі”, дзе «жыццё зараджаецца сярод касмічнага хааса, дзе дзеянне адбываецца на абломку нейкага нябеснага цела, дзе багі і людзі знаходзяцца ў надзвычай цеснай, непарыўнай сувязі».

Намінацыя “Лепшы дэбют у музычным тэатры-2011”
Дзмітрый Якубовіч, балет “12 крэслаў”, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр

Саліст Музычнага тэатра, фенаменальны «прасцяк» у класічных аперэтах, галоўны герой мюзіклаў, Дзмітрый Якубовіч сёлета паставіў свой першы паўнавартасны балет, які быў падзелены на дванаццаць сцэн. Такая пабудова дазволіла развіць сюжэт, аб’яднаць рознахарактарныя сцэны эксцэнтрычнасцю агульнай дзеі, а таксама падкрэсліць адметнасці трупы і прыхаваць яе асобныя недахопы

Намінацыя “За ўклад у развіццё музычнага тэатра-2011”
Ірына Уторнікава

Мастак па святлу Ірына Уторнікава ажыццявіла міні-рэвалюцыю ў музычных тэатрах краіны. Раней у Беларусі не надаваў святлу столькі ўвагі. «Снягурка» (тэатр оперы і балета) і «Сільва» (Музычны тэатр), якія Уторнікава паставіла разам з Сусанай Цырук, характарызаваліся бездакорным густам і прадуманасцю светлавой партытуры.

Аўтар віншуе ўсіх пераможцаў!

Выкарыстаны фотаздымкі сайтаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (http://kupalauski.by), Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь (http://belarusopera.by), Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (http://musicaltheatre.by), Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (http://rtbd.by) часопіса «Мастацтва» і газеты «Культура (http://kimpress.by), газет «Беларусь сегодня» (http://sb.by), «Раніца» (http://ranitsa.by), канала СТБ (ctv.by), а таксама з архіва аўтара.

Тэатральныя вынікі 2011 года: 3 комментария

  1. Денис, а Вы в Оперном театре кроме «Снегурочки» что-нибудь слушали?

  2. З форума http://forums.tut.by/showthread.php?t=3019832&page=68:

    Mуся 29.12.11 14:50
    Поздравляю Виталия Красноглазова с заслуженной победой! К моему сожалению, пока не видела эту его роль, но после Орфея верю, что Виталий был великолепен!

    Ульрика 30.12.11. 17:07
    Меня радует то, что отметили «Снегурочку» Сусанны Цирюк. При всей спорности ее «Сильвы» она талантливый человек.

  3. Уважаемая Zinirina, как это Вы обо всём догадались? :) Действительно, зачем ходить на все спектакли, если можно попасть на один, а затем сделать его победителем? :)

    А если серьёзно, то понимаю Вашу… иронию. Но, на мой взгляд, «Снегурочка» на голову выше как «Аиды», так и «Севильского цирюльника».

Комментарии запрещены.