Новая паэзія ў часопісе «Полымя»

Паэтычныя старонкі лістападаўскага нумара часопіса “Полымя” прадстаўлены імёнамі трох творцаў: Міколы Маляўкі, Анатоля Шушко і Навума Гальпяровіча.

Найбольш цікавая унутраная будова уласціва падборцы Навума Гальпяровіча. Фактычна тут сканцэнтраваны творчы шлях паэта. Вытокі свайго светапогляду аўтар выводзіць з малой радзімы: “Ад полацкіх спрадвечных купалоў, // Ад рэчачкі далёка дзяцінства // Я да спазнання ісціны ішоў, // Да адчування шчырага адзінства // (…) З падоранаю вечнасцю зямлёй, // Што поўніць сэрца сілаю гаючай”. Асэнсаванне еднасці з Айчынай прывяло аўтара да ўласных паэтычных спробаў: “Мой лёс паміж радкоў маіх пралёг // Ад ночы цёмнай да надзеі светлай. // І я ляцеў нібыта матылёк, // На ліхтары пад адзінокім ветрам”. Разам з Н.Гальпяровічам да Беларусі крочылі сябры-аднадумцы, што непапраўна рана адышлі ў іншы свет: “Праплылі, нібыта крыгі, // Па цішы вясновых вод… // Я чытаю вашы кнігі // Ўжо без вас каторы год // (…) А на могілках не трэба // Пышных і прыгожых слоў. // Тут крыжы, журбота, неба, // Тут Марук і Пісьмянкоў”. Тым не менш іх лёс і творчыя пошукі толькі надалі веры аўтару: “Без веры жыць – пакутна існаваць. // Хоць піць, гуляць і баляваць без меры, // Ды ўсё ж самотна на душы без веры – // І страху за расплату не суняць”. Верш, у якім адлюстравана творчае крэда аўтара, з’яўляецца, на мой суб’ектыўны погляд, лепшым у падборцы Н.Гальпяровіча. Яго можна лічыць адным з прыкладаў сучаснай патрыятычнай паэзіі. Прычым эфект ад такіх радкоў куды большы, чым ад любых пафасных публіцыстычных заклікаў.

У падборцы палешука Анатоля Шушко асабліва хацелася б вылучыць некалькі твораў. Рамантычная “Кветка волі” прысвечана спатканню манашкі з каханым. Твор становіцца сімвалам кахання без шчаслівага фіналу. Сімвалічным і шматзначным здаецца фінал: “Віжуе за пекнатою… // – Пара мне… // – Яшчэ паспееш… // А ранне крывёй густою // Каліны гаркавай спее”. Застаецца толькі здагадвацца пра лёс непакорнай дзяўчыны.

Настальгічны верш “Ушушканы ўспамінам” пераносіць чытачоў у дзяцінства аўтара і стварае эфект прысутнасці там чытача. А.Шумко стварае яркую маляўнічую карціну зімовых забаваў: “Ты лепш ляці на гульбішча з сябрамі // І да знямогі коўзайся з гары. // Хай Бобік з брэхам паімчыць за вамі // Хоць да вячэрняй чырвані-зары…”.

Аднак некаторыя радкі паэта выклікаюць пярэчанні. Напрыклад, “Мо таму // Здзіўляцца // Не стамлюся // Інейцы // Сівенькай // У траве // Як на старасць // Раптам // Памылюся, – // Мудрая // Ў маленства пазаве”. Але хто хаваецца пад прыметнікам “мудрая”? Зямля? Прырода? заінелая трава? З кантэксту верша разабрацца ў гэтым цяжка.

Вершы Міколы Маляўкі, сталага і прызнанага творцы, маюць найбольшы дыяпазон. Гэта лірыка як настальгічна самотная (“У мінулым замоўкла // І даўно ўжо не радуеш, // Ні пісьмом, ні паштоўкай, // Ні скупой тэлеграмаю. // (…) Не дайсці, не даехаць, // Не заплакаць ад радасці. // Безгалосае рэха… // Пакаянне без адраса”), так і юнацка-гарэзлівая (“Замяла шляхі завея, // Снег у інею карунках, // Толькі твар твой ружавее // Ад юнацкіх пацалункаў”).

Але найбольш моцна гучыць у творах філасофская лірыка. Бадай, толькі жыццёвы досвед і мудрасць могуць прывесці да такога разумення жыцця: “Усходу каснічок зіхоткі // Яшчэ румяніцца над намі, // Ды час праб’е, // І мы, як продкі, // Таксама станем каранямі”. Таксама М.Маляўка звяртаецца да Чарнобыльскай трагедыі, сімвалам якой становіцца вобраз чорнага бусла: “Здаецца, ад гора абвугліўся // Чарнобылец белы раней”. Прычым яго палёт набывае выразна метафарычны характар: “Ляціць над дамамі-магіламі // І моліцца крыламі птах”. І ў гэты момант пачынаеш разумець, што бусла можна лічыць і сімвалам усёй Беларусі. Менавіта таму “хочацца сэрцам паверыць // У сілу малітвы без слоў – // Зямля да Любові павернецца // Пад крыламі белых буслоў”.

«Без веры жыць – пакутна існаваць»// Літаратура і мастацтва. 2011. 23 снежня. № 51. С. 5.