Музычны тэатр рассакрэціў свае архівы

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр ажыццявіў вяртанне да ўласнай тэатральнай гісторыі.


Для большасці беларусаў іх уласная тэатральная гісторыя, на жаль, з’яўляецца не любімай дачкой, а Папяпушкай. Сучасныя спектаклі, іх стваральнікі і выканаўцы выклікаюць шчырае захапленне, удзячнасць, авацыі. Але праходзіць час, і пасля таго як акцёры, рэжысёры, сцэнографы, харэографы адыходзяць ад актыўнай дзейнасці, інтарэс да іх аўтаматычна знікае. А рэдкія спробы адшукаць неабходную інфармацыю ў інтэрнэце хутчэй за ўсё з’яўляюцца безвыніковымі. Ведаю гэта на ўласным прыкладзе: падчас напісання некаторых матэрыялаў пра народных артыстаў Беларусі і СССР пашуковыя сістэмы выдавалі па дзве-тры спасылкі.

Але заўсёды ёсць людзі, якія рухаюцца супраць цячэння і робяць усё магчымае, каб выправіць сітуацыю. Гаворка ідзе пра Вольгу Нікалаеўскую і Надзею Машкарову, у мінулым, адпаведна, журналістку Беларускага радыё і бібліятэкарку. У 2008 годзе яны пачалі збіраць матэрыялы па гісторыі Музычнага тэатра. Для гэтага давялося перагледзець старыя часопісы, газетныя падшыўкі, буклеты, праграмкі. Адсканіраваць або набраць сваімі рукамі тэксты. У выніку рэцэнзіі, творчыя партрэты, агляды, біяграфіі салістаў былі пераведзены ў электронны фармат.

У часы папярэдняга кіраўніцтва тэатра такія праекты былі нікому не цікавыя. Таму ў тым жа годзе Вольга і Надзея заснавалі прыватны сайт “Архівы Музычнага тэатра”, дзе размясцілі ўсю інфармацыю. Зараз праект атрымаў новую прапіску на сайце тэатра. Пакуль што публікацыі дадаюцца ў адпаведнасцю з храналогіяй. Пазней плануецца зрабіць адпаведныя спасылкі на старонках, якія прысвечаныя асобным спектаклям або выканаўцам.

Перад вамі – уся гісторыя Музычнага тэатра з часу яго адкрыцця ў 1971 годзе. Яго ўзлёты і падзенні, бліскучыя прэм’еры і грандыёзныя правалы, скандалы і інтрыгі, творчыя поспехі вялікай Наталлі Гайды і яе партнёра па сцэне Рыгора Харыка, рэжысёраў Вячаслава Цюпы і Барыса Уторава, дырыжораў Іосіфа Абраміса і Анатоля Лапунова, а таксама шэрагу іх калег.

У іншых краінах такія праекты ажыццяўляюць за вялікія гранты спецыяльныя інстытуты. У нас яны застаюцца прыватнай справай асобных людзей. Усё, што я магу зрабіць, гэта напісаць пра “рассакрэчаныя архівы” на блогу. А таксама сказаць: Вольга і Надзея, я вамі ганаруся!

Музычны тэатр рассакрэціў свае архівы: 3 комментария

  1. Дарэчы, дзякуючы «расскакрэчаным архівам» у электронным варыянце можна прачытаць і некалькі артыкулаў аўтара гэтых радкоў.

    У прыватнасці, гэта мая самая першая рэцэнзія (на балет «Баль кветак»):http://www.musicaltheatre.by/index.php?contentid=1&nodeid=852

    А таксама рэцэнзія на спектакль «Бабін бунт». Пасля яе мяне нават не пускалі ў тэатр:):http://www.musicaltheatre.by/index.php?contentid=1&nodeid=881

Комментарии запрещены.