Што ядуць тышкаўцы?

Спецыялісты па беларускай этнаграфіі, даследчыкі традыцыйнага беларускага харчавання і проста аматары добра па’есці атрымалі ў падарунак кнігу “Народная кухня тышкаўцоў”,

якая выдадзена пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза ў рамках сумеснага праекта Праграмы развіцця ААН і Еўрапейскага Саюза “Устойлівае развіццё на мясцовым ўзроўні”.

Як стала магчымым такое арыгінальнае выданне? У свой час адзін з яе аўтараў, сённяшні загадчык кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтва гістарычнага факультэта БДУ Тадэвуш Навагродскі абараніў кандыдацкую дысертацыю па беларускай народнай кулінарыі XIX – пачатку ХХ стагоддзя. У апошнія гады да вывучэння праблемы харчавання ў наш час далучыліся яго калегі Iрына Алюнiна i Сцяпан Захаркевiч. Збор палявога матэрыяла ажыццяўляўся студэнтамі падчас правядзення традыцыйнай этнаграфічнай практыкі.

Кніга стала вынікам сумеснага праекта кафедры і Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”. Агульнымі намаганнямі яны заснавалі серыю “Кулінарныя традыцыі Беларускага Палесся”. Сёлета адбылася прэзентацыя першай кнiгi “Народная кухня маталян”, створаная на аснове мінулагодняй працы ў вёсцы Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. “Народная кухня тышкаўцоў” грунтуецца на звестак, сабраных у суседняй вёсцы Тышкавічы, і фактычна з’яўляецца працягам даследавання.

“Народная кухня тышкаўцоў” пачынаецца з двух прадмоў: старшыні Праўлення БГА “Адпачынак у вёсцы” Валерыі Кліцунова і аўтараў кнігі. Завяршаецца тэкстам апытальніка, якім кіраваліся пры сваё працы студэнты, і фотаздымкамі, сабранымі падчас палявой працы. Асноўны змест даследавання складаюць аповеды больш васьмідзесяці жыхароў вёскі сталага ўзросту, запісаныя падчас трохтыднёвай практыкі. Прычым аўтары захавалі пры напісанні натуральную паляшуцкую гаворку. Прызнацца, апошні момант выклікае пэўныя сумненні. Фалькларыстам і лінгвістам такі прынцып несумненна прыйдзецца даспадобы. Шэраговаму чытачу ён крыху ўскладніць успрыманне матэрыяла, але, упэўнены, не зможа перашкодзіць з задавальненнем пад’есці так, як харчаваліся яго прашчуры. Смачна есці!

Дзяніс Марціновіч Што ядуць тышкаўцы?// Кніжны свет. 2010. 22 кастрычніка. Выпуск 19. С. 4.

Што ядуць тышкаўцы?: 5 комментариев

  1. Мне патрэбна гэта кніга. І іншыя падобнага кшталту. Дзе і як можна замовіць?! Дзякуй.

  2. Нават цяжка дакладна сказаць.
    Самы просты варыянт: даведацца на кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтва. Яе адрас: Мінск, вуліца Чырвонаармейская, 6, пакой 30. Усё ж такі там тры аўтары працуюць, павінны ведаць, дзе можна набыць сваю кнігу.
    На жаль, тэлефона кафедры ў мяне няма. Калі Вам не тэрмінова, магу пашукаць.

  3. Цікавы артыкул, як і фотаздымаак таксама. Таксама пачытаў бы «Народную кухню…», але я хутчэй бы хацеў даведацца ці можна знайсці дадзеную кнігу ў электронным выглядзе. А пра тое, як праходзіць этнаграфічная практыка памятаю яшчэ з лекцый Тадэвуша Антонавіча на першым курсе.
    Прапаную аўтару блога пачаць весці своеасаблівую рубрыку, прысвечаную навінкам «кнігавыдавецкай» справы гісторыкаў гістарычнага факультэта БДУ.

  4. Галоўнае, каб супрацоўнікі гістфака гэтыя кнігі выдавалі і (хаця б на некаторы час) са мной імі дзяліліся.
    А так я толькі «за»!:)

Комментарии запрещены.