Купальская ноч у беларускай філармоніі

Купальская ноч у беларускай філармоніі

Сёлета ўвесь свет урачыста адзначае 200-годдзе з дня нараджэння вялікага польскага кампазітара Фрэдэрыка Шапэна. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета прысвяціў яму прэм’еру адноўленага балета “Шапеніяна”. Пры канцы чэрвеня эстафету ад тэатра пераняла Беларуская дзяржаўная філармонія. У Вялікай зале быў прэзентаваны праект “Ноч музыкі”: Трыо-фэст сучаснага мастацтва (музыка – жывапіс – харэаграфія).

Нягледзячы на завяршэнне сезона, летні перыяд адпачынкаў і досыць дарагія квіткі, “Ноч музыкі” сабрала поўную залу прыхільнікаў сучаснага мастацтва, якіх асабілва вабіла асоба ініцыятара фестывалю — Ларысы Сімаковіч, кампазітара, кіраўніка фольк-тэатра “Госьціца”. Яе папярэдні праект, паказаны ў вялікай зале філармоніі, “Дзень Максіма Багдановіча”, уразіў арыгінальнай рэжысёрскай задумай, дынамізмам дзеяння, экспрэсіўнасцю выканаўцаў. І наогул жывой і небанальнай інтэрпрэтацыяй беларускай культуры і яе ключавых, знакавых постацей. (Напрыклад, у тым спектаклі Максім Багдановіч, якога ўвасабляла вядомая купалаўская артыстка Святлана Зелянкоўская, вёў дыялогі не толькі з Моцартам і Сальеры, але і з музыкантамі вядомых беларускіх гуртоў). Арганізатары фестывалю мыслілі досыць лагічна: калі надзвычайную папулярнасць набываюць у Мінску такія акцыі, як “Ноч музеяў”, дык чаму не можа з’явіцца “Ноч музыкі”? Першапачаткова філарманічны праект быў заяўлены як дзея ў чатырох частках, але паступова чатыры трансфармаваліся ў пяць. “Ноч” – у назве праекта, азначэнне “купальская ноч” з боку вядучых сапраўды адпавядалі рэальнасці: дзея пачалася а сёмай вечара, а завяршылася а палове першай ночы.

Знаёмства з праектам пачыналася ўжо ў фае, дзе былі прадстаўлены досыць арыгінальныя творы сучаснага жывапісу. Але, на жаль, ніводны з іх не быў падпісаны, таму іх аўтары засталіся невядомымі. Пачатак інтрыгаваў: у паўцемры сцэны салісты “Госьціцы” расставілі пюпітры і вывелі на сцэну Дзяржаўны камерны аркестр (дырыжор Яўген Бушкоў). Вядучыя, купалаўскія артысты Святлана Зелянкоўская і Мікалай Зуй, нязмушана прадстаўлялі выканаўцаў.

У другой частцы праекта ярка саліраваў польскі гурт “Zespol polski”. Шасцёра выканаўцаў, апранутыя ў традыцыйныя польскія строі, прэзентавалі мінскай публіцы старадаўнія нацыянальныя песні, а таксама полькі, мазуркі, абэркі, куявякі – “якімі іх чуў Шапэн, якімі мы чуем у Шапэна…”. Сярод музычных нумароў пераважала фольк-стыль, дасціпна і разнастайна інтэрпрэтаваны польскімі выканаўцамі. Сустракаліся і знакамітыя інструментальныя сачыненні Шапена, перакладзены для нязвыклага, а таму асабліва арыгінальнага гучанання народных інструментаў.

У трэцяй частцы праекта, “Message from America”, пераважала інструментальная музыка кампазітараў авангарднага кірунку (А.Хаванэс, Дж.Кейдж, М.Фельдман, А.Пярт і Ф.Глас), якую прадставілі салісты з ЗША Крысціна Фонг (скрыпка) і Майкл Карнацкі (кларнет), а таксама беларускія піяністы Сяргей Мікулік і Аляксандр Палякоў. Напаўпустая сцэна, зеленаватае святло стваралі асаблівую, камерную атмасферу. Асаблівым меладызмам і прыгажосцю вызначалася кампазіцыя “Люстэрка ў люстэрку” Арва Пярта, здавалася, створаная для лірычнага балетнага адажыо. Жывымі элементамі прывабліваў “Сучасны вальс кахання” Філіпа Гласа. Шкада, але астатнія нумары прымушалі ціха нудзіцца з прычыны іхняй расцягнутасці і неакрэсленасці музычнай формы. Ці то мы яшчэ пакуль не дараслі да музычнага авангарду, ці то ў праекце былі прадстаўлены нялепшыя яго ўзоры, але публіка ў зале літаральна засынала. Як высветлілася не толькі ў нас. Пасля выканання аднаго з цыклаў вядучыя прызналіся, што ў Амерыцы гэтак жа робіць палова публікі.

Харэаграфічны працяг трэцяй дзеі быў прадстаўлены творчасцю Раду Паклітару, які рабіў у Беларусі першыя балетмайстарскія крокі, а цяпер з’яўляецца мастацкім кіраўніком трупы “Кіеў мадэрн-балет”. Усе тры мініяцюры – “Мазурка” Шапэна і “Баркарола” Афенбаха (у выкананні, адпаведна, салістак тэатра оперы і балета Надзеі Філіпавай і Юліі Дзятко), “Мюзэт” Баха, які прадстаўляла трыо Музычнага тэатра (Рына Івакіры, Рыгор Крукоўскі і Ігар Вяршынін) выклікалі цікавасць і ажыўленне залы. Чаму? Наша харэаграфічнае жыцця апошнім часам досыць ціхае. У такой сітуацыі менавіта Паклітару, які любіць пераасэнсоўваць вядомыя балетныя сюжэты, вобразы і дасціпна парадзіраваць штампы класічнай харэаграфіі, успрымаецца як парушальнік кансерватыўнасці мыслення. Дадам, што на ІІІ Міжнародным конкурсе маладых артыстаў аперэты і мюзікла, які прайшоў летась у Екацерынбургу, Крукоўскі і Івакіры заваявалі, адпаведна, 1-ю і 3-ю прэміі ў намінацыі “харэаграфічнае майстэрства”. Прычым, у адным з тураў выконвалі якраз “Мюзет”. Узровень сваіх ранейшых работ харэограф, безумоўна, падцвердзіў. У кожным з трох нумароў сустракаліся моманты, якія прымушалі захапляцца смеласцю і творчай свабодай балетмайстра. Але мініяцюры адначасова і крыху расчаравалі: у іх хапала і самацытавання, і самапаўтораў (фрагменты “Баркаролы” нагадвалі паклітараўскае “Адажыо”, а ў “Мюзэце” відавочна адчуваўся ўплыў аднаго з лепшых спектакляў харэографа, “In pivo veritas”). Так, новае прачытанне вядомых сюжэтаў і герояў, нават парадыраванне мае права на існаванне. Яны неабходныя, хаця б для кантрасту з высокай, маштабнай і трагічнай класікай. Шкада, але яны хутчэй за ўсё застануцца з’явай недаўгавечнай, звязанай з часам, у якім створаны.

Нарэшце чацвёртая дзея “Ночы музыкі” прадстаўляла музычна-харэаграфічную навэлу “Жорж Санд, мазурка і Шапэн”, у якой саліравалі артыстка “Госьціцы” Марыя Сазонава (Жорж Санд), Святлана Зелянкоўская (Кансуэла) і Ларыса Сімаковіч (мазурка). Ідэя ўвогуле цікавая, ды толькі яе ўвасабленне аказалася расцягнутым і па-рэжысёрску непрадуманым. І фінальная, пятая дзея, “Калыханка для Шапэна”, зрабілася імправізаваным творам-прэм’ерай айчынных кампазітараў, якую выканаў Дзяржаўны камерны аркестр. Магу канстатаваць, што “Калыханку…” пачула, відаць, толькі трэцяя частка гледачоў. Усе астатнія цішком збеглі і засыналі дома.

Імкненне Ларысы Сімаковіч прэзентаваць сучаснае мастацтва пры ўдзеле не толькі беларускіх, але і замежных выканаўцаў выклікае павагу. Безумоўна, такія праекты павінны неаднаразова ладзіцца надалей. Але на практыцы цікавая ідэя не атрымала годнага ўвасаблення. Творы класічнай камернай музыкі, польскі этна-гурт, амерыканскія авангардысты, беларуская харэаграфія – усё добра глядзелася б паасобку, на адпаведных тэматычных і жанравых вечарынах. Калі ж іх паспрабавалі аб’яднаць у адным праекце, высветлілася, што не хапае дынамікі, руху, моцнай рэжысёрскай рукі. Таму і кожны элемент трыо-фэста, і часткі праграмы існавалі самі па сабе, як тыя лебедзь, рак ды шчупак з басні Крылова.

Яшчэ зусім нядаўна многія глыбокія і відовішчныя праекты айчыннага мастацтва абсалютна ігнаравалі рэкламны аспект і таму заставаліся невядомымі шырокай публіцы. “Ноч музыкі” засведчыла адваротную сітуацыю: разрэкламаваны вечар, на жаль, не ўзняўся да таго ўзроўню, які быў праанасаваны. Будзем спадзявацца, што ў сваім наступным праекце няўрымслівая Сімаковіч аб’яднае два бакі аднаго медаля.

Настаўніцкая газета. 2010. 10 ліпеня. № 84.