Да пабачэння, «Панарама»!

З 20 да 27 лістапада 2011 года ў Мінску прайшоў V Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва “Панарама”, заснавальнікамі і арганізатарамі якога з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэтам і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Прапаную чытачам свае ўражанні.


Лагатып «Панарамы»

З гісторыі “Панарамы”
Дзень, а дакладней год нараджэння “Панарамы” кожны глядач можа вызначаць па-свойму. Наогул Міжнародны тэатральны фестываль “Панарама” быў заснаваны ў 2004-м. Але за год да таго, у 2003-м, у Мінску адбыўся І Міжнародны фестываль сучаснага тэатра “Адкрыты фармат”. Менавіта яго пачалі лічыць першай “Панарамай”, а фестываль 2004 года – другой. Трэці і чацвёрты па ліку фестывалі адбыліся ў 2007-м і 2009-м. Паколькі “Панарама” адбываецца праз год, сёлета надышоў час пятай.

Трэба адзначыць: пры яе правядзенні арганізатары сутыкнуліся з пэўнымі складанасцямі. Першай з іх стаў рамонт Купалаўскага тэатра, што пазбавіў “Панараму” сталай пляцоўкі і прымусіў праводзіць спектаклі ў Доме афіцэраў, Палацы культуры прафсаюзаў, Канцэртнай зале “Мінск” і Беларускім тэатры лялек, а творчыя сустрэчы з гасцямі фестывалю – у Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў. Другая складанасць звязана са зменай каманды, якая рабіла папярэднія фестывалі. Зразумела, такая акалічнасць магла змяніць агульную канцэпцыю “Панарамы” і паўплываць на яе мастацкі ўзровень. Наколькі новая каманда на чале з выканаўчым дырэктарам Аленай Ліопай змагла вырашыць праблему? Як наогул прайшла “Панарама”?

Што прыхоўвае айсберг?
Мяркую, што любую мастацкую з’яву можна параўнаць з айсбергам. Над паверхняй вады толькі яго невялікая частка – уласна спектаклі, якія бачыць шэраговы глядач. Але пад вадой схавана большая частка айсберга – арганізацыйная праца стваральнікаў.

Не будзе перабольшваннем сказаць, што яна была зроблена на высокім прафесійным узроўні. Праграмкі, вытрыманыя ў стылі мінулых “Панарам”. Буклет, падрыхтаваны А.Ганчаровым, Л.Грамыка А.Ліопа, І.Краўчэня і А.Бандарчук. Экраны, на якіх ішоў пераклад іншамоўнага спектакля. Дарэчы, вельмі істотна, што іх было два замест ранейшага аднаго, што дапамагала канцэнтравацца на падзеях на сцэне, а не на бягучым радку. Нумаркі ў гардэробе, дзякуючы якім можна было атрымаць прыз на радыёстанцыі “Юністар”. Згаданыя вышэй сустрэчы з гасцямі форуму. Арганізатары ўсяляк спрыялі творчай актыўнасці журналістаў, для якіх былі створаны ўсе ўмовы для працы. Прыемна было ўбачыць на спектаклях мінскі тэатральны бамонд. Магчыма, не ўсе рэжысёры і акцёры змаглі прыйсці на кожны спектакль з-за сваёй занятасці ва ўласных тэатрах. Але Валерыя Анісенку і Сяргея Чэкерэса аўтар гэтых радкоў бачыў ці не на кожнай пастаноўцы.

Нарэшце, трэба адзначыць вельмі ўдалы выбар праграмы. Мяркую, праграмная дырэкцыя “Панарамы” займалася менавіта міжнароднай часткай (пра беларускую частку, за якую, на маю думку, адказваў не сам тэатр, а іншыя арганізатары, гаворка ніжэй). Зразумела, кожны спектакль можна ацэньваць па-рознаму, таму падчас абмеркавання пастановак у кулуарах, здаралася, выказваліся дыяметральна супрацьлеглыя меркаванні. Але ўсе згадзяцца з наступным: сярод прадстаўленых спектакляў не было “выпадковых гасцей” (вынясу за дужкі пастаноўку “Прысвячэнне Еве” ў выкананні артыстаў вахтангаўскага тэатра, які не давялося ўбачыць, бо паралельна паказваўся “Ідыёт”). Кожны з іх можна лічыць паўнавартаснай мастацкай з’явай. Акрамя таго, сталічныя тэатралы бачылі свежыя спектаклі (прэм’еры мінулага года), што давала адчуванне далучанасці да сусветнага тэатральнага працэсу.

Хтосьці можа назваць пэўныя згаданыя дэталі дробнымі кавалачкамі пазла, але менавіта з іх складваецца агульная карціна. Таму, на маю думку, працу праграмнага дырэктара “Панарамы” Алены Ліопы, яе памочнікаў (Ганна Чыжова, Іван Краўчэня, Алёна Бандарчук), шматлікіх валанцёраў, тэхнічнай часткі (Іосіф Турко, Мікалай Суркоў, Яўген Журавель, Павел Захаранка), а таксама іншых купалаўцаў можна ацаніць на “выдатна”.

Што датычыцца недахопаў… Магчыма, на сёлетняй «Панараме» не хапала такой «разынкі» мінулага фестывалю, як праект «Тэатр online», калі рэжысёры рыхтавалі пастаноўкі за некалькі «панарамных» дзён. Будзем спадзявацца, што з вырашэннем фінансавых і арганізацыйных праблем ён вернецца ў праграму.

Пра міжнародную праграму
Яна складалася з шасці спектакляў, давялося ўбачыць амаль усе. Якія ўражанні яны пакінулі? Для адказу на гэтае пытанне спынюся больш падрабязна на аглядзе трох спектакляў, якія падаліся найбольш маштабнымі.

Прызнаюся, асабіста для мяне найбольш яркай падзеяй “Панарамы” сталася “Ганна Карэніна” (Тэатр танца Анжалікі Холінай, Вільнюс, Літва), пастаўленага паводле рамана Л.Талстога. Прызнаюся, на гэта ёсць свае прычыны. Той, хто цікавіцца беларускім балетам, ведае, апошні перыяд яго развіцця характарызуецца застойнымі тэндэнцыямі. Таму патрэба ў цікавай і новай харэаграфіі надзвычай глыбокая. У дадатак давялося бачыць у Мінску “Ганну Карэніну” ў харэаграфіі Барыса Эйфмана, якая пакінула вельмі моцнае ўражанне. Таму ў глыбіні душы прысутнічаў скепсіс: ці зможа вільнюская “Ганна” нароўні спаборнічаць з санкт-пецярбургскай? Тым не менш вынік пераўзышоў усе чаканні.


«Ганна Карэніна». Фрагмент пастаноўкі

Пры стварэнні спектакля А.Холіна пайшла дастаткова нечаканым шляхам. Яна аб’яднала ў трупе прафесійных танцоўшчыц (жаночыя партыі) і драматычных акцёраў (мужчынскія партыі). У выніку атрымаўся фантастычны эфект спалучэння балета, пластыкі і драмы.

У спектаклі знайшлі ўвасабленне некалькі сюжэтных ліній рамана (Сцівы і Долі, Кіці і Левіна). Але асноўнай, зразумела, стаў трохкутнік: Ганна Карэніна (Беата Маліце) – Аляксей Вронскі (Гінтарас Высоцкіс) – Аляксей Карэнін (Мантас Вайцякунас). Лёгкасць, грацыёзнасць, унутраны арыстакратызм Ганны супярэчаць рэзкай пластыцы Карэніна, папяровага жука, сутулага чыноўніка. На шляху пачуццяў Ганны і Вронскага, увасобленых у свабоднай, раскаванай лірычнай харэаграфіі, існуюць дзве перашкоды: сын Ганны, якога бацька не збіраецца вяртаць маці, і светскае грамадства, якое асуджае адкрытасць у адносінах каханых.

У перадачы сюжэтных перэпетый спектакля Холіна прадэманстравала незвычайную фантазію, багацце сцэнічнага і пластычнага вырашэння мізансцэн. Чаго вартая толькі фантастычная сцэна скачак, калі светская публіка хаваецца за бар’ерамі, якія паварочваюцца па сцэне, а наезнікі (нібыта людзі, а магчыма, і коні) бяруць гэтым бар’ер! Заўважым, харэограф выкарыстала ў “Карэніне” мінімум рэквізіта (бадай, толькі крэслы), што аднак гэта не перашкодзіла эфектнасці і стыльнасці спектакля. Надзвычай глыбокай і шматзначнай ўспрымаецца і фінал пастаноўкі, калі менавіта стук ножак крэслаў нагадвае няспынны стук колаў цягніка…

Спектакль “Пінская шляхта” (паводле В.Дуніна-Марцінкевіча) мінскія гледачы ўпершыню ўбачылі ў інтэрпрэтацыі М.Пінігіна некалькі гадоў таму, у 2008-м. Пастаноўшчык, які тады з’яўляўся рэжысёрам пецярбургскага БДТ імя Таўстаногава, увасобіў п’есу на сцэне Купалаўскага тэатра. Восенню 2010-га Пінігін перанёс пастаноўку ў варшаўскі тэатр “Рампа”. Калі параўнаць мінскую і варшаўскую версіі, дык у гастрольным спектаклі найбольш цікавымі падаліся акцёрскія работы. Бо рэжысёрская канцэпцыя, сцэнаграфія, музыка да абодвух спектакляў супадаюць. Агульным момантам з’яўлялася і прысутнасць на сцэне двух нашых артыстаў. Удзел у польскай пастаноўцы Віктара Манаеў, выканаўцы ролі пісара Кручкова, быў прадуглежаны загадзя. А вось наш Мікалай Кучыц (Харытон Куторга) быў вымушаны тэрмінова ўводзіцца ў варшаўскі спектакль з-за хваробы польскага выканаўцы.

Надзвычай прыемна, што “польскі варыянт” глядзеўся не горш за “беларускі”. Закладзеныя М.Пінігіным ідэі знайшлі сваё ўвасабленне. Аднак адначасова адбылося пэўнае змяшчэнне акцэнтаў. У купалаўскай пастаноўцы, набліжанай да беларускіх рэалій і першапачатковай задумы В.Дуніна-Марцінкевіча, дробныя шляхцічы, калі не нагадвалі сялян, дык эвалюцыяніравалі ў іх бок. Менавіта таму ў спектаклі з дакладнасцю і глыбінёй паказвалася дэградацыя шляхты, беспесперспектыўнасць і немагчымасць яе змагання за былыя правы. Як заўважыла крытык Таццяна Команава, “беларуская” “Пінская шляхта” была цесна звязана з ранейшай пастаноўкай Пінігіна, “Сымонам-музыкай”. Сапраўды, па часе дзеяння іх аддзяляюць усяго некалькі дзесяцігоддзяў. Менавіта вынішчэнне шляхты з-за знешніх абставінаў і яе выраджэнне з-за ўнутраных прычын вывела ў авангард беларускага нацыянальнага руху сялянства і інтэлігенцыю.

Што да варшаўскага спектакля, дык польскія выканаўцы не змаглі ці не захацелі інтэрпрэтаваць шляхту такім чынам. У гэтым бачыцца ўнутраная логіка. Калі Беларусь у ХХ стагоддзі адмовілася ад шляхецка-еўрапейскага накірунку і фактычна прызнала віну шляхты ў падзеле Рэчы Паспалітай, дык Польшча хутчэй аспрэчыла ролю канкрэтных людзей, чым агульны “заходні” накірунак. Таму, нягледзячы на несумненны поспех, польская інтэрпрэтацыя гісторыі, расказаная В.Дуніным-Марцінкевічам, набыла больш прыватны, камічны характар і не спазнала шырыні абагульнення, уласцівага купалаўскай пастаноўцы.

Спектакль “Ідыёт”, пастаўлены Эймунтасам Някрошусам у Тэатры-студыі “Мена Фортас” (Вільнюс, Літва) на аснове аднайменнага рамана Ф.Дастаеўскага, быў прадстаўлены арганізатарамі як галоўная “разынка” фестывалю. Тут сваю ролю ігралі адразу некалькі фактараў. З аднаго боку, асоба рэжысёра – аднаго з класікаў сучаснага еўрапейскага тэатра. З другога, працягласць спектакля, якая складала ажно пяць з паловай гадзін. Для пастаноўкі быў выбраны дастаткова вялікі па памеры раман, увасоблены на сцэне цалкам. Спектакль пакінуў дастаткова моцнае ўражанне.


«Ідыёт». Фрагмент пастаноўкі

Захапленне было выклікана ўдалай інсцэніроўкай, дзякуючы якой спектакль змог перадаць асноўныя сюжэтныя лініі рамана і задуму пісьменніка; лагічным пераходам ад кожнай сцэны да наступнай, дзякуючы чаму, з аднаго боку, перадаваўся парывісты, нецярплівы дух Дастаеўскага, а з другога боку, не затрымлівалася дзеянне; арыгінальнымі вырашэннямі некаторых мізансцэн (у эпізодзе гульні, падчас якой госці Настассі Піліпаўны па чарзе расказвалі пра свае самыя брудныя ўчынкі; або ў пачатку спектакля князя Мышкіна прыносілі на насілках і скідвалі на падлогу – хіба не сімвал яго былой хваробы і асваення новай рэчаіснасці?). Наогул “Ідыёт” прывабіў адзінствам рэжысуры, сцэнаграфіі, музыкі (кампазітар Фаўстас Латэнас). Дагэтуль з пастановак Някрошуса даводзілася бачыць толькі “Атэла”. Аднак калі той спектакль пакінуў спакойнае ўражанне, дык “Ідыёт” пераканаў асабіста мяне ў слушнасці сусветнага прызнання рэжысёра.

На апошняй “Панараме” давялося пабачыць таксама “Чайку” А. Чэхава (Тэатр-фестываль “Балтыйскі дом”, Пецярбург, Расія) і “Цырульніцу” С.Мядзведзева (тэатр імя Міхая Чаканаі, Дэбрэцэн, Венгрыя). Прызнаюся, “Чайка” расчаравала найбольш.


«Чайка». Фрагмент пастаноўкі

Пастаноўку ажыццявіў Ёнас Вайткус, патрыярх літоўскай рэжысёрскай школы, кіраўнік Рускага тэатра ў Вільнюсе. Аўтару гэтых радкоў даводзілася пісаць пра оперу “Ксеркс”, пастаўленую Вайткусам на гэтай сцэне, яны выклікала сапраўднае захапленне. Але імкнучыся па-свойму інтэрпрэтаваць Чэхава, Вайткус занадта паглыбіўся ў знешнія формы і абстрактныя канструкцыі, за якімі адшукаць сэнс і глыбіню п’есы так і не атрымалася.

Што датычыць “Цырульніцы” ў пастаноўцы Віктара Рыжакова, дык яна выклікала шчырае захапленне і разам з “Карэнінай” стала сапраўдным шэдэўрам “Панарамы”.


«Цырульніца». Фрагмент пастаноўкі

Зрэшты, для мяне асабіста венгерскі спектакль меў дадатковую інтрыгу. Як вядома, у апошні час на еўрапейскай і расійскай тэатральнай прасторы атрымаў распаўсюджванне новы накірунак, які называецца “новая драма”. Да Мінску гэты феномен амаль не дайшоў. Адным з нештматлікіх выключэнняў стаў спектакль “Сталіца Эраўнд”, пастаўлены ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Яго ацэнкі былі прама супрацьлеглыя: ад эйфарыі да поўнага непрыняцця. “Цырульніца”, якую таксама можна аднесці да “новай драмы”, пераканала ў мастацкіх вартасцях накірунку і яго перспектывам на беларускай глебе.

Як пазбавіцца ад дубліравання?
Тры айчынныя пастаноўкі на “Панараме” можна ўмоўна падзяліць на дзве катэгорыі: спектакль арганізатараў фестывалю (“Тэатр Уршулі Радзівіл”), а таксама пераможцы Першай нацыянальнай тэатральнай прэміі (“Драй швэстэрн” тэатра лялек і “Не мой” Купалаўскага тэатра).


«Драй швэстрн». Фота з пастаноўкі

Логіка іх уключэння ў праграму выклікае пытанні. Першы момант датычыцца “Уршулі”. Зразумела, ніхто не будзе аспрэчваць: гаспадар мае права прадставіць уласны спектакль, а мастацкі кіраўнік – сваю пастаноўку. Але ў Пінігіна ёсць куды больш удалыя спектаклі. “Пінская шляхта”, пастаўленая ім у Варшаве для тэатра “Rampa”, якую сёлета ўбачылі гледачы, лепшае таму падцвярджэнне.

Другі момант звязаны са спектаклямі-пераможцамі. Сёлета “Панарама” і тэатральная прэмія аказаліся блізкімі па часе. Таму ўзнікае заканамернае пытанне: калі тэатралы ўжо аднойчы паглядзелі пэўныя пастаноўкі, навошта ўключаць іх зноў у праграму фестывалю? Акрамя таго, уключэнне ў праграму айчынных спектакляў можа адбіцца на наведванні фестывалю.


«Не мой». Фрагмент пастаноўкі

Існуе пэўная пастаянная катэгорыя тэатралаў (крытыкі, акцёры, рэжысёры, студэнты тэатральных ВНУ), якія ходзяць на ўсе спектаклі. Але як паказвае практыка, большая частка публікі звычайна выбірае для прагляду 2-3 пастаноўкі. Але вось у чым праблема: спектакль з іншай краіны часцей за ўсё ўспрымаецца катом у мяху. Ён можа выклікаць фурор, а можа прымусіць збегчы не адчакаўшыся антракту. З айчыннай пастаноўкай усё прасцей: дзейнічае знакамітае “сарафаннае радыё”. Менавіта таму, на маю думку, уключэнне ў праграму больш за адну айчынную пастаноўку прыводзіць да таго, што глядачы часам не трапляюць на галоўныя фестывальныя падзей.

Існуе і яшчэ адзін момант, які таксама патрабуе ўвагі. Сёлетняя восень стала надзвычай насычанай для тэатралаў. У Мінску паслядоўна прайшлі “Тэатральны куфар”, “ТэАРТ”, “Панарама”. Наперадзе Мінскі міжнародны калядны оперны форум. Для сталіцы еўрапейскай дзяржавы ў цэнтры Еўропы такая сітуацыя нармальная. У ідэале насычанае фестывальнае жыццё павінна віраваць на працягу ўсяго сезона. Але рэальнасць, на жаль, крыху іншая. І мінскае тэатральнае кола не такое ўжо вялікае. Таму мне здаецца, што пры Міністэрстве культуры мае сэнс стварыць нейкі каардынацыйны савет з прадстаўнікоў як самога міністэрства, так і арганізатараў фестываляў, які б вызначаў час правядзення ўсіх мерапрыемстваў. Бо атрымліваецца, што восень дастаткова перагружана форумамі, а вось зіма амаль свабодная. Зазначу, такая прапанова менш за ўсё датычыцца “Панарамы”, якая праходзіць прыкладна ў адзін і той жа час, пачынаючы з 2003 года. А вось “ТэАРТ” можна крыху пасунуць па часе.

Спроба высноў
Кожны прэстыжны форум для тэатрала з’яўляецца магчымасцю магчымасцю адарвацца ад звыклых рэпертуарных будняў і на некаторы час трапіць у фестывальную казку. Але казкі маюць звычку заканчвацца. Або проста рабіць перапынак на два гады. З аднаго боку, сённяшняя “Панарама” дапамагла мінчанам судакрануцца з лепшымі тэатральнымі прэм’ерамі апошняга часу. З другога, прадставіла план далейшых дзеянняў. Так, “Ідыёт” Някрошуса працягласцю 5,5 гадзін быў і застанецца тэатральнай экзотыкай і дэлікатэсам для абраных. А вось “Цырульніца” і “Ганна Карэніна” сведчаць, у якім накірунку могуць развівацца беларуская “новая драма” і харэаграфія. Згадзіцеся, гэта не так ужо і мала…

Усе фотаздымкі з сайта «Панарамы» www.festival-panorama.by

Аўтар выказвае ўдзячнасць Дыяне Даражок і Алёне Бандарчук за спрыяненне ў наведванні спектакляў “Панарамы”.

Да пабачэння, «Панарама»!: 2 комментария

Комментарии запрещены.