Здрада мемуарная ці літаратурная?

Кастрычніцкі нумар часопіса “Нёман” прапанаваў сваім чытачам аповесць Наталлі Касцючэнка “Здрада”. Твор распавядае пра пошукі галоўнай гераіняй, Наталляй, асабістага шчасця. Лёс зводзіць яе з трыма мужчынамі: Фёдарам, якога яна кахае; Паўлам, з якім няўдала бярэ шлюб; Валодзем, другім мужам, з якім знаходзіць часовае супакаенне, пакуль не сыходзіць і ад яго.


Няма сумненняў, што аповесць напісана моцнай, упэўненай, прафесійнай рукой. На працягу ўсяго дзеяння вытрыманы аўтарскі стыль. Удала пабудавана кампазіцыя “Здрады”: лірычныя маналогі галоўнай гераіні не становяцца перашкодай дзеянню, якое ўжо з першых старонак падхоплівае чытача і імкліва нясе яго да фінала твора.

Напісаная ад першай асобы, аповесць мае выразна спавядальны, асабісты характар. Калі параўнаць твор з аўтабіяграфіяй пісьменніцы, змешчанай у зборніку “З росных сцяжын”, дык супадаюць імя гераіні і аўтара, іх родныя мясціны (нават да назвы вёскі), прафесіі бацькоў, інстытуты, дзе абедзве атрымлівалі вышэйшую адукацыю і г.д. Гэтыя акалічнасці яшчэ можна лічыць тыповымі для аўтабіяграфічных твораў.

Але пасля знаёмства з некаторымі фрагментамі (напрыклад, узаемаадносіны гераіні з рэальнымі людзей, якія фігуруюць пад уласнымі прозвішчамі, або яе заняткі фітадызайнам з падрабязным пералікам аформленых аб’ектаў) складваецца ўражанне, што часам аўтар пераходзіць пэўную мяжу шчырасці, пасля чаго “Здрада” можа перайсці з катэгорыі мастацкага твора ў катэгорыю мемуарнай літаратуры. Калі разглядаць “Здраду” як шчырую дакументальную споведзь аўтара, асаблівых прэтэнзій ад крытыка быць не можа. Н.Касцючэнка прымусіла суперыжываць сваёй гераіні і шчыра жадаць ёй шчасця. Але калі перад намі аповесць, уражанне ад яе дастаткова неадназначнае.

З аднаго боку, “вясковыя” старонкі пакідаюць надзвычай прыемнае ўражанне. Светапогляд Наталлі, яе шчырае і крыху наіўнае чаканне шчасця, узаемаадносіны маладой дзяўчыны з Фёдарам, перададзены надзвычай глыбока, тактоўна, а ўчынкі герояў – псіхалагічна абгрунтавана. Не кожны творца зможа прайсці паміж Сцылай і Харыбдай спавядальнага жанру: з аднаго боку, бязмежнай сентыментальнасці, з другога, наўмыснай дэманстрацыі ўсяго патаемнага. Мяркую, у “Здрадзе” Н.Касцючэнка з поспехам вырашыла гэтую цяжкасць.

З другога боку, некаторыя фрагменты аповесці выглядаюць крыху спрошчана або не зусім пераканаўча. Напрыклад, тры мужчынскія персанажы твора ўяўляюць сабой класічныя тыпажы: першы — мужны, рашучы, нешматслоўны “герой”, другі – самаўлюбёны прыстасаванец, трэці – чулы і сціплы хлопец. Згаджуся, логіка дзеяння апраўдвае сітуацыю, калі Наталля выбірае спадарожніка жыцця па кантрасце з папярэднім мужчынам. Але лічу, што Павел выступае занадта адмоўным героем (нават падчас першай шлюбнай ночы ён разважае пра мінскую прапіску). Няўжо ў характары навукоўца, які ў маладым узросце абараніў доктарскую дысертацыю, не знайшлося ніводнай станоўчай рысы?

Не зусім абгрунтаванымі з’яўляюцца некаторыя ідэі твора і паводзіны герояў. Аўтар піша: “Павел, Фёдор, Валодзя… (…). Кожнаму з іх я здрадзіла”. У адносінах да Фёдара сапраўды можна казаць пра здраду. А ці падыходзіць пад такое азначэнне шлюб з Паўлам, на які гераіня згадзілася фактычна пад прымусам? Хутчэй можна казаць пра здраду з боку бацькоў галоўнай гераіні і жаніха. Што датычыць Валодзі, сітуацыя яшчэ больш складаная. Ва ўзаемаадносінах з Фёдарам гераіня з радасцю падпарадкоўвалася любімаму мужчыне. У шлюбе з Валодзем, надварот, схільны быў падпарадкоўвацца менавіта ён. Зразумела, пэўныя рысы характару выяўляюцца толькі з часам. Але ў “Здрадзе” выхад Наталлі на лідарскія пазіцыі застаўся псіхалагічна невытлумачаным. Ён падаецца проста як канстатацыя факта. Тое ж можна сказаць пра расстанне з Валодзем.

Тым не менш, нягледзячы на пэўныя крытычныя закіды, твор атрымаўся. А калі Н.Касцючэнка імкнулася шчыра спавядацца перад “нёманскай” аўдыторыі, яе задача была з поспехам выканана.

Здрада мемуарная ці літаратурная?// Літаратура і мастацтва. 2011. 25 лістапада. № 47. С. 5.

Здрада мемуарная ці літаратурная?: 2 комментария

  1. Тётка живёт с тремя мужиками. И я должен читать про такие «пошуки»?
    Как говорила Фаина Раневская, «хочется вымыть руки одэколоном».

  2. Не совсем с Вами соглашусь. Фраза «живёт с тремя мужиками» может означать, уж извините, вариант шведской семьи. В повести героиня ищет свой идеал. Мне кажется, тут нет ничего предрассудительного

Комментарии запрещены.