Вялікая Айчынная вайна. Погляд з Германіі

На першы погляд, у айчыннай гісторыі няма больш даследаванага перыяду, чым Вялікая Айчынная вайна. Але толькі зараз беларусы адкрываюць для сябе погляд сучасных нямецкіх даследчыкаў. Якія кнігі пра вайну выходзяць у Германіі? Якія даследаванні чакаюць свайго перакладу на беларускую мову? Па гэта чытачам расказвае вядучы беларускі “германіст” Сяргей Новікаў, загадчык кафедры айчыннай гісторыі і сусветнай культуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта.


На фотаздымку — Сяргей Новікаў

Сяргей Яўгенавіч, ужо амаль дзесяць гадоў у Мінску праводзяцца штогадовыя канферэнцыі “Беларусь – Германія”. Якія нямецкія даследчыкі прымаюць у іх удзел? Якія тэмы іх даследаванняў могуць быць цікавымі беларускаму чытачу?

– Сярод нямецкіх даследчыкаў магу назваць Фелікса Акермана (Франкфурт-на-Одэры), Крысціяну Ботцэт (Фрайбург), Аляксандра Бракеля (Берлін), Крысціяна Герлаха (Берлін), Паўля Коля (Берлін), Берхарда К’яры (Патсдам), Петэра Ліба (Мюнхен), Петру Рэнтрап (Берлін), Таню Пентэр (Бохум), Дытэра Поля (Мюнхен). На жаль, большая частка іх прац не перакладзена на беларускую мову, таму застаецца маладаступнай айчыннаму чытачу. Шчаслівым выключэннем стала з’яўленне на беларускай мове кнігі Б.К’яры “Штодзённасць за лініяй фронту. Акупацыя, калабарацыя і супраціў у Беларусі 1941–1944 гг.”. Прычым гэта ўжо яе другое выданне. Першае выйшла яшчэ ў 2005 годзе і прэзентавалася ў Мінску з удзелам аўтара.

Якім жа чынам прадставіць нямецкіх аўтараў у Беларусі?

– Напрамкаў працы некалькі. Па-першае, неабходна ўлічваць існаванне прафесіяналаў, якія свабодна карыстаюцца нямецкай мовай. Для іх неабходны хутчэй не пераклад, а знаёмства з новай літаратурай. Таму актыўна выступаю з рэцэнзіямі ў “Беларускім гістарычным часопісе”, “Беларускім гістарычным аглядзе” і іншых выданнях. За апошнія гады былі прааналізаваныя шэраг манаграфій. Толькі ў мінулым годзе гэта былі кнігі Б.Квінкерт “Прапаганда і тэрор у Беларусі 1941–1944. Нямецкае “ментальнае” вядзенне вайны супраць насельніцтва і партызан”, Б.Мусяла “Савецкія партызаны: ў 1941-1944 гг.: міфы і рэчаіснасць” і А.Бракеля “Пад чырвонай зоркай і свастыкай: Баранавічы ў 1939-1944 гг. Заходняя Беларусь пад савецкай і германскай акупацыяй”. Заўважу, ўсе кнігі выйшлі ў 2009 годзе, таму з’яўляюцца навейшымі даследаваннямі. Зараз на маім працоўным стале знаходзіцца 9-томное выданне “Месца тэрору. Гісторыя нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў”, у якіх разглядаецца і ваенная Беларусь. Упэўнены, усе з іх заслугоўваюць перакладу на беларускую мову.

Як ажыццяўляецца гэты накірунак працы?

– Для нас вельмі істотным з’яўляецца кантакт з берлінскім даследчыкам Паўлем Колем, аўтарам прац пра ваенныя падзеі ў акупаваным Мінску і на тэрыторыі Беларусі. У 2007-м выйшаў пераклад на беларускую мову яго працы “Найлепшыя прывітанні з Мінску”, падрыхтаванай з удзелам выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта на чале з Сяргеем Паўлавіцкім. Пры ўдзеле выкладчыкаў універсітэту адбылося выданне на рускай мове пратакола нарады гебітскамісараў генеральнай акругі “Беларусь”, якая прайшла 8-10 красавіка 1943 года ў Мінску. Але калі апошняя праца была адразу прыкмечана гісторыкамі і амаль маланкава пераўтварылася ў бібліяграфічную рэдкасць, дык першая вельмі доўга ішла да свайго беларускага чытача.

Якое месца ў сумеснай працы займае нямецкі бок?

– Роля Германіі сапраўды значная. Праца беларускіх даследчыкаў у гэтай краіне ажыццяўляецца дзякуючы кантактам з супрацоўнікамі мясцовых універсітэтаў, інстытутаў, музеяў і архіваў. Да ліку такіх устаноў можна аднесці перш наперш Цэнтр ваенна-гістарычных даследаванняў (Патсдам), вядомы праз выданне 11-томнай серыі “Германскі рэйх і Другая сусветная вайна”, Інстытут сучаснай гісторыі (Мюнхен), Інстытут сацыяльных даследаванняў (Гамбург), Цэнтр па даследаванні антысемітызму пры Берлінскім тэхнічным універсітэце (Берлін), Цэнтр па даследаванні сучаснай гісторыі (Патсдам), Федэральны ваенны архіў (Фрайбург). Падчас навуковых стажыровак мне атрымалася папрацаваць з фондамі дакументаў і нямецкай навуковай літаратуры ў названых установах, а таксама ў Федэральным і зямельным архівах у Кобленцы, Бундэсархіве ў Берліне.

Напрыклад, наведванне Інстытута сучаснай гісторыі ў Мюнхене дало магчымасць упершыню выявіць унікальныя дакументы – дзённікавыя запісы берлінскіх яўрэяў М.Крон і Б.Руднера аб знаходжанні ў мінскім гета, а таксама выніковую справаздачу аб дзейнасці “Эканамічнага штаба Ост” на акупаванай савецкай тэрыторыі, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1943 гадах. Нямецкія дакументы несумненна патрабуюць крытычнага падыходу і навуковай верыфікацыі. Але без іх выкарыстання ў гісторыі Беларусі часоў Вялікай Айчыннай вайны яшчэ доўгі час будуць заставацца асобныя “белыя плямы”.

Якія перспектывы акрэсліваюцца ў бліжэйшы час у галіне Вашых даследаванняў?

– Сёння стала відавочным, што даследаванне некаторых пытанняў перыяду вайны на Беларусі практычна немагчыма без выкарыстання нямецкіх архіўных крыніц і даследаванняў. Прыемна, што гэта ўсведамляецца дзяржавай. Так, супрацоўнікі кафедры айчыннай гісторыі і сусветнай культуры МДЛУ удзельнічалі ў выкананні Дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў на 2006–2010 гады “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці, нацыі і культуры”. У яе рамках пад маім кіраўніцтвам даследавалася тэма “Гісторыя Беларусі перыяду Другой сусветнай вайны ў замежнай гістарыяграфіі”. Значнае месца пры гэтым было адведзена вывучэнню германскай ваеннай беларусістыкі. Будзем спадзявацца, што даследаванне гэтай тэмы будзе мець свой працяг.

Вялікая Айчынная вайна. Погляд з Германіі// Літаратура і мастацтва. 2011. 18 лістапада. № 46. C. 12.