Памёр Валерый Раеўскі

Учора памёр легендарны беларускі рэжысёр Валерый Раеўскі. Народны артыст Беларусі, лаўрэат дзяржаўных прэмій СССР і РБ, ён узначальваў Купалаўскі тэатр у 1973 да 2008 гадах (спачатку як галоўны рэжысёр, потым як мастацкі кіраўнік тэатра).


Фота з сайта тэатра www.kupalauski.by

Каб зразумець значнасць асобы Раеўскага, перанясемся ў 1960-я гады. Таццяна Арлова, адзін з найбольш аўтарытэтных даследчыкаў і крытыкаў, у размове са мной назвала гэтае дзесяцігоддзе «застойным» для айчыннага тэатра. Паводле яе слоў, тады ў тэатрах амаль не з’яўлялася новых, арыгінальных пастановак, а сітуацыю ратавалі толькі гастролі украінскіх калектываў.

І вось у далёкім 1967 годзе на працу ў Купалаўскі тэатр былі прынятыя два выпускнікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута: Валерый Раеўскі і Барыс Луцэнка. Рэдкі выпадак, але ўжо іх першыя спектаклі прымусілі загаварыць пра сябе. Валерый Мікалаевіч паставіў «Што той салдат, што гэты» Брэхта (1969), «Праўду! Нічога апроч праўды!!!» Аля (1970), «Трыбунал» Макаёнка (1971). Барыс Іванавіч увасобіў «Традыцыйны збор» Розава (1967),«Памяць сэрца» Карнейчука (1970), «Зацюканы апостал» Макаёнка (1971), «Раскіданае гняздо» Купалы (1972).

Не дзіўна, што ў 1973-м абодва ўзначалілі вядучыя драматычныя калектывы Беларусі (адпаведна, Купалаўскі і Рускі тэатры). Іх творчае суперніцтва на доўгія гады стымулявала сталічны ды і творчы працэс у рэспубліцы. А калі ўлічваць, што ў тым жа 1973-м галоўным балетмайстрам тэатра опернага тэатра стаў Валянцін Елізар’еў, можна смела назваць гэты час пачаткам новага перыяду ў развіцці айчыннага тэатра.

Толькі на Купалаўскай сцэне Раеўскі паставіў больш за 35 спектакляў па п’есах айчынных, рускіх і замежных драматургаў. Цяпер на вялікай сцэне можна ўбачыць такія яго спектаклі як «Вечар», «Чорная панна Нясвіжа» і «Чычыкаў» (апошні ў дадзены момант знаходзіцца на рэканструкцыі), на малой сцэне — «Старамодную камедыю». Лепшыя пастаноўкі мінулага ўжо сталі нашай тэатральнай гісторыяй.

На жаль, сённяшняе маладое пакаленне гледачоў можа мець толькі прыблізнае ўяўленне пра творчасць Валерыя Раеўскага. Тым не менш, мы павінны надзвычай дакладна ўсведамляць маштаб здзейсненага ім.

Валерый Мікалаевіч змяніў беларускі тэатр, які без яго спектакляў з’яўляўся б зусім іншым, чым цяпер. На яго спектаклях вырасла не адно пакаленне рэжысёраў, артыстаў, гледачоў. Асоба Раеўскага стала адным з сімвалаў беларускага тэатра. А лепшыя спектаклі — нед’емнай часткай айчыннай тэатральнай гісторыі.

Вечная памяць!

Памёр Валерый Раеўскі: 1 комментарий

Комментарии запрещены.