Вельмі часта блогі з’яўляюцца для іх аўтараў магчымасцю распавесці пра саміх сябе. Канцэпцыя майго блогу адразу прадугледжавала акцэнт на ўласныя публікацыі. Але часам так хочацца зрабіць нешта наадварот!:) Таму выкладваю сюды 12 фактаў са сваёй біяграфіі. Як любяць пісаць у такіх выпадках, гэта тое, што вы даўно жадалі спытаць, але саромеліся:))
№ 1. Ляўшун
Заўсёды пішу і ем левай рукой = ляўшун. Праўда, у дзяцінстве мяне імкнуліся перавучыць, але, дзякуй Богу, аказаўся няздольным вучнем:)). Праўда, вітаюся правай – традыцыя.
№ 2. Да школы — дамасед
Амаль ніколі не наведваў дзіцячага садка. Толькі пачаў хадзіць – захварэў, толькі выйшаў – зноў. Бацькі вырашылі пакінуць мяне дома. Таму традыцыі дашкольнай адукацыі засталіся таямніцамі.
№ 3. Марыў стаць мастаком
Сваякі расказвалі, што ў дзяцінстве, як і ўсе нармальныя хлопцы, жадаў стаць шафёрам. Але ў маёй памяці такі факт не захаваўся. Што дакладна памятаю, марыў стаць мастаком. Маляваў увесь час, таму пайшоў не ў школу па месцу жыхарства, а ў мастацкі клас мінскай школы № 7 (зараз гэта школа мастацтваў). У нас выкладалі малюнак, жывапіс, кампазіцыю, гісторыю мастацтва. Але ў 3 класе прыйшла настаўніца, якая сваімі метадамі выкладання забіла ўсё жаданне маляваць. Пакуль вучыўся, яшчэ выконваў заданні. Але як толькі ў пачатку 8 класа сышоў у ліцэй, больш за фарбы не браўся ніколі . Хоць некалькі дзіцячых спробаў дагэтуль вісяць на сценах кватэры.
№ 4. Пунічныя войны – як форма заробку
Паколькі вольнае месца свабодным не бывае, у 3 класе зацікавіўся гісторыяй. Тады ж прачытаў першую кнігу па гэтай тэме – “Напалеона” Яўгена Тарле. З таго часу не сумняваўся, што стану гісторыкам. На адзін з дзён нараджэння брат Ягор падарыў мне кнігу пра Пунічныя войны (войны, якія ішлі паміж Рымам і Карфагенам за ўладу ў Міжземнамор’і). Мне яна так спадабалася, што антычнасць стала адным з маіх любімых перыядаў. І вось ўявіце сітуацыю. Лета. Лес у Валожынскім раёне. Маці і брат збіраюць ягады, а расказваў ім пра Пунічныя войны, за што перадычна атрымліваю зарплату натуральным прадуктам. У час дзяцінства я наіўна спадзяваўся, што расказваю настолькі цікава, што ўсе мяне слухаюць. Пасля таго, як высветілася, што ніхто нічога не запомніў, мая вера пахіснулася. Але ж чаму тады слухалі? Маці, напэўна, падтрымлівала першыя крокі ў выкладчыцкай прафесіі. А хітры брат разумеў: менш народу, болш ягад у роце:))
№ 5. Рукапісны часопіс
Першыя дзіцячыя «творчыя» спробы адносяцца да 1996 года. Тады пачаў выдаваць рукапісны часопіс накладам адзін асобнік – для сям’і. Спрабаваў рыфмаваць радкі, маляваў карыкатуры, рабіў апытанні. Потым пачаўся крызіс, падаражэла папера:), і выданне аднавіла свой выхад толькі ў 2000-м. Там ужо пераважала гісторыя і футбол.
№ 6. Футбольны фанат
У 1998 годзе ўпершыню паглядзелі з братам чэмпіянат свету па футболу, што праходзіў у Францыі. З таго часу і на доўгі перыяд фанацелі ад гэтай гульні. Чыталі “Прессбол”, збіралі футбольныя налепкі, куплялі сабе майкі: у брата быў Верон (“Лацыо”) і Мендз’ета (“Валенсія”), у мяне – Батыстута (зборная Аргенціны). А яшчэ гулялі на вуліцы з раніцы да вечара.
№ 7. Дзіцячая журналістыка
Першыя больш-менш сур’ёзныя публікацыі пачаліся ў 1999 годзе ў газеце “Раніца”, якую ўзначальваў Міхась Дзмітрыевіч Хамец. Аднойчы прачыталі ў выданні пытанні футбольнай віктарыны і падумалі: “Мы ж таксама можам!”. Склалі сваю віктарыну і даслалі ў рэдакцыю. Нам адказалі і пачалося супрацоўніцтва.
№ 8. Вучоба ў двух лепшых ліцэях Беларусі
Мне пашанцавала вучыцца ў двух ліцэях, без перабольшвання, лепшых у Беларусі: Нацыянальным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа і ліцэі БДУ.
Навучанне першым з іх надзвычай паўплывала на характар і свядомасць. Асабліва істотна было тое, што ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску, а ў самой установе панавала беларускай атмасфера. Нельга сказаць, што ў нашай сям’і цураліся мовы. Наадварот, бацькі размаўлялі з намі на абедзвюх мовах, чыталі нам беларускамоўныя кніжкі. Але беларускасць ніколі не навязвалі, таму для мяне яна канцэнтравалася ў сферы гісторыі. А ліцэй стаў ідэальнай пляцоўкай, дзе былі створаны ўсе ўмовы для авалодвання духам беларускасці. А настаўнікі… Адны толькі Павел Лойка і Андрэй Хадановіч чаго вартыя.
А дзякуючы ліцэю БДУ сустрэў вельмі шмат цікавых і патрэбных мне людзей. І адначасова даведаўся, каго з сяброў можна лічыць сапраўднымі.
№ 9. Гістарычныя алімпіяды
З 9 класа ўдзельнічаў у рэспубліканскіх алімпіядах па гісторыі. Ужо падчас першай з іх паставіў сабе мэту трапіць ва універсітэт без іспытаў,чаго і дасягнуў. Затое вельмі шкадаваў, што няма міжнародных алімпіяд. Дарэчы, у складзе зборнай Беларусі там перамагалі ліцэйскія географы. “Што ты хочаш? – казалі сваякі. – Каб французы і англічане адказвалі на пытанні пра Стогадовую вайну?”.
№10. Удзельнік «Што? Дзе? Калі?»
На працягу некалькі гадоў (10-11 клас, а потым 2 курс універсітэта) гуляў у “Што? Дзе? Калі?”. Першы год – у складзе каманды “Безумник”, з якім узялі кубак Мінску ў 2003-м. А потым у камандзе «Дурол» (чэмпіёны Беларусі па «Брэйн-рынг» і бронзавыя прызёры «Што? Дзе? Калі?» у 2004, сярод школьнікаў). Пра ўзровень другой каманды кажа той факт, што адзін з яе ігракоў зараз іграе ў беларускай элітарцы. Можа, праз гадоў дзесяць буду даваць інтэрв’ю і расказваць, з кім даводзілася кантактаваць:)
№ 11. Тэатральны фанат
У драматычны тэатр, музкамедыю і балет мяне вадзілі ў дзяцінстве. Хутчэй за ўсё, для пашырэння кругагляду і павышэння культурнага ўзроўню. Але ў ліцэйскія часы і першы два гады універсітэта трапіў у тэатр лічаную колькасць разоў. А тут у пачатку 3 курса (восень 2006) мой сябра прапанаваў далучыцца да яго кампаніі і схадзіць на балет. З таго часу пачалася мая тэатраманія. Не блытаць з аднайменным спектаклем, што калісьці ішоў у Купалаўскім тэатры.
№ 12. Аматар падарожжаў
Вельмі люблю падарожнічаць. Да сённяшняга дня акрамя Беларусі вандраваў у 12 краінах. Гэта Літва (Вільнюс, Каунас, Тракай), Украіна (Кіеў, Львоў, паўднёвы бераг Крыма, Балаклава), Расія (Масква, Санкт-Пецярбург, Іванава, Плёс, Сочы), Германія (Берлін – на жаль, усяго некалькі гадзін у цэнтры горада), Галандыя (Амстэрдам), Францыя (Парыж, Версаль), Люксембург, Чэхія (Прага), Аўстрыя (Вена), Балгарыя (Варна, Балчык, Несебр), Фінляндыя (Хельсінкі), Эстонія (Талін). А колькі яшчэ няўбачанага!
Дзяніс, даволі цікавы Вы чалавек
Я таксама люблю вандроўкі. праз падарожжа неяк інакш люструецца не толькі Радзіма, замежжа, але і людзі.
Дзяніс, не памятаю, афіцыйна ці не вас на днях адзначылі па літаратурнай галіне?
Я не памыляюся?
Дзякуй!
Дарэчы, не ведаю, як для каго, а для мяне самае складанае ў падарожжах, гэта вяртанне дадому. За час, праведзены ў вандроўках, прызвычайваешся да новых мясцін, бясконцых яркіх уражанняў. А потым вяртаешся — і зноў звыклы свет, усё прадказальна. Пазаўчора Парыж, а сёння Мінск…
Аднак неўзабаве зноў прызвычайваешся і да яго:)
Прабачце, Paval, што толькі цяпер адказваю. Ваш каментарый аўтаматычна пайшоў у спам. Як толькі заўважыў яго, вярнуў:))
Ды не, здаецца нічым не адначалі