У якіх мінскіх тэатрах ідуць п’есы Булгакава?

Тэатральны раман Міхаіла Булгакава з мінскімі тэатрамі перажывае ў апошнія гады відавочны крызіс. На сталічнай сцэне ідзе ўсяго адна п’еса пісьменніка: «Бег» у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя М.Горкага (акрамя таго Тэатрам-студыяй кінаакцёра і «Новым тэатрам» пастаўлены спектакль паводле рамана «Майстар і Маргарыта»). Дзялюся сваімі ўражаннямі.


Фрагмент са спектакля.
Фота з сайта тэатра www.rustheatre.by

Сталічная публіка бачыла розныя рэжысёрскія падыходы да ўвасаблення на тэатральных памостках шэдэўраў сусветнай класікі. Хтосьці, як Эймунтас Някрошус у “Атэла”, пакідае толькі вонкавую афарбоўку п’есы (назву, імёны галоўных герояў і пэўныя сюжэтныя лініі), у выніку чаго спектакль нагадвае не інсцэнізацыю твора, а свабодны палёт думкі рэжысёра-пастаноўшчыка, яго асацыяцый на зададзеную тэму. Іншыя, як Валянціна Еранькова ва “Утаймаванне свавольнай”, збольшага крочаць за драматургам, але па-свойму, у больш сучасным стылі інтэрпрэтуюць асобныя падзеі і ўчынкі герояў. Ёсць і тыя, хто імкнецца захаваць стылёвую і жанравую асаблівасць твора, узнавіць першапачатковую задуму драматурга. Менавіта такім рэжысёрам паказаў сябе Сяргей Кавальчык, чыя пастаноўка “Бега”, якая стала ў свой час дэбютам у якасці галоўнага рэжысёра тэатра.

Дзеянне твора пераносіць гледачоў у канец Грамадзянскай вайны на поўдзень Расіі, дзе рэшткі белай арміі няўхільна выціскаюцца чырвонай конніцай з Крымскага паўвострава. Узаемаадносіны прадстаўнікоў рускага афіцэрства, інтэлігенцыі, святарства, якія бягуць па бязмежных прасторах Расіі ад бальшавікоў, ніяк не могуць спыніцца і ўрэшце вымушаны пакінуць сваю Радзіму, завязаны ў невырашальны клубок супярэчнасцяў, дзе каханне мяжуе з бязлітаснасцю, шчырая вера – з багахульствам, надзея – з адчаем.

Напісаная ў 1926-1928 гадах, п’еса пры жыцці Булгакава цалкам ніколі не публікавалася (невялікі ўрывак з’явіўся у 1932 годзе ў “Чырвонай газеце”). Драматург прапанаваў свой твор у МХАТ, дзе ён быў прыняты для пастаноўкі. Але цэнзура палічыла, што аўтар не паказаў крызіс светапогляду тых герояў, якія ўрэшце рэшт прынялі савецкую ўладу. Ды і белыя генералы, паводле меркавання “крытыкаў у штацкім”, атрымаліся ў п’есе героямі. Ад Булгакава запатрабавалі пераробак, на якія ён не пайшоў. У выніку пастаноўка “Бега” была забаронена. Прэм’ера, па іроніі лёсу, адбылася ў 1957 годзе ў Сталінградскім тэатры, а тэкст быў упершыню апублікаваны толькі ў 1962 годзе.

Задума п’есы была звязана з ўспамінамі другой жонкі драматурга Любові Белазерскай, якая падрыхтавала па рэкамендацыі свайго мужа рукапіс ўспамінаў пра эмігранцкае жыццё ў Канстанцінопалі і Парыжы, а таксама мемуарамі былога белага генерала Якава Слашчова “Крым у 1920 г.”. Апошні стаў прататыпам галоўнага героя “Бега” – Рамана Хлудава, ролю якога выканаў адзін з вядучых акцёраў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, яркі выканаўца шматлікіх роляў у амплуа “сацыяльны герой” Ігар Сігаў. Артыст здолеў перадаць складаны, супярэчлівы характар Хлудава, яго неверагодную жорсткасць за невыкананне загадаў і спагаду да таварышаў па эміграцыі, сарказм да рэлігіі і літасць да дзіцяці, неверагодную знешнюю смеласць і ўнутраныя пакуты сумлення.

Талент І.Сігава, а таксама па-майстэрску прапісаныя Булгакавым ролі дазволілі выканаўцу ролі Хлудава натуральна ўпісацца ў акцёрскі ансамбль, у якім праявілі сябе шэраг яркіх выканаўцаў. Гэта і празмерна інтэлігенты прыват-дацэнт Галубкоў (Аляксандр Ждановіч), якога каханне да рамантычнай, праўдалюбівай і сумленнай Серафімы Карзухінай (Кацярына Шатрова) робіць больш рашучым і мужным. І мужыкаваты, з сялянскай хітрынкай генерал Чарнота (Іван Мацкевіч). І палкая, рашучая Люська (Таццяна Баўкалава), якая рай з мілым у канстанцінопальскім “шалашы” змяняе на камфартабельную кватэру ў Парыжы. А вось вобраз таварыша міністра гандлю крымскага ўрада Парамона Карзухіна (Уладзімір Шэлестаў) атрымаўся крыху аднабокім і празмерна адмоўным сварлівым старым. Драматург сапраўды не знайшоў для гэтага чалавека станоўчых ўчынкаў і характарыстык, але ў акцёра ўсё ж была магчымасць псіхалагічна патлумачыць яго паводзіны, паказаць Карзухіна хаця б абаяльным нягоднікам, які капітулюе перад знешняй жаночай кідкасцю і прагны да матэрыяльных каштоўнасцяў.

На размеркаванне роляў у “Бегу” несумненна паўплываў аднайменны фільм рэжысёраў А.Алава і У.Навумава. Яркія вобразы, створаныя на экране Людмілай Савельевай, Аляксеем Баталавым, Міхаілам Ульянавым, Уладзіславам Дваржэцкім, Яўгенам Яўсцігнеевым, міжволі сталі эталонамі для шэрагу выканаўцаў драматычнага тэатра імя М.Горкага. Таму інтэрпрэтацыя на сцэне асобных герояў “Бега” была досыць традыцыйнай і не несла ў сабе новых арыгінальных падыходаў.

Спектакль “Бег” здолеў перадаць атмасферу як канца Грамадзянскай вайны, так і эміграцыі. Гэтаму разам з бліскучай гульнёй акцёраў паспрыяла і прафесійная праца пастановачнай групы. Захапленне выклікала пабудова структуры спектакля. Рэжысёр-пастаноўшчык С.Кавальчык удала скарыстаў аўтарскі падзагаловак п’есы (“восем сноў”): паварот часткі сцэны на 180 градусаў уяўляў сабой і як пераход ад аднаго сна да другога, так і магчымасць змены дэкарацый і інтэр’ера. Мастак па касцюмах Марыя Герасімовіч амаль ідэальна перадала мундзіры і штацкае адзенне васьмідзесяцігадовай даўніны. Рэжысёр па пластыцы Генадзь Фамін здолеў як “вымуштраваць” выканаўцаў роляў шараговых ваенных, якія рухаліся на сцэне з аўтаматычнай дакладнасцю, так і перадаць выканаўцам галоўных роляў то плаўныя, то экспрэсіўныя рухі жывых людзей. Нарэшце музыка кампазітара Аляксея Еранькова (у творчым супрацоўніцтве з Шапэнам, Брамсам і Кюсам) жыла паўнаватасным жыццём разам з героямі: запрашала ў тур вальса пры настальгічных успамінах, перадавала гукі мора і вакзала, веяла поўднем і спёкай з вуліц турэцкіх гарадоў, шамацела шасцярэнкамі бязлітаснай ваеннай машыны, якая з рашучасцю катка сцірае зямной паверхні ўсіх нязгодных.

Кульмінацыяй узаемадзення пастановачнай групы стала інсцэніроўка другога сна, дзеянне якога адбываецца на адной з паўночных станцый Крыма. Няспынная праца ваеннага штаба ў вавілонскім разнагалоссі адначасовых званкоў; загады, што выходзяць з гэтага чалавечага мурашніка; марозная, страшная ноч за вокнамі вакзала, дзе за чужыя інтарэсы паміраюць салдаты ствараюць уражанне ўсяленскага Апакаліпсісу.

У рэжысёра-пастаноўшчыка было некалькі магчымых фіналаў “Бега”. У аўтарскі тэксце М.Булгакава Хлудаў вырашае вярнуцца ў Расію, хоць з п’есы так і не зразумела, ці ажыццявіў ён свой намер. У экранізацыі п’есы белагвардзейскі генерал у бліскучым выкананні Уладзіслава Дваржэцкага так і не наважваецца сесці на параход, бо разумее, што на Радзіме яго можа чакаць смерць. У рэальным жыцці пратаптып Хлудава генерал Слашчоў вярнуўся ў СССР і быў амнісціраваны савецкай уладай. Да 1929 года ён выкладаў у адной з ваенных школ, пакуль не быў забіты чалавекам, які помсціў за свайго брата. Зрэшты, існуюць меркаванні, што забойства было арганізавана ўладай.

С.Кавальчык захаваў аўтарскі фінал. Хлудаў толькі кажа іншым эмігрантам пра свой намер. А вось Карзухіна і Галубкоў вяртаюцца на Радзіму, якая сустракае іх першым зімовым снегам. Канцоўка сапраўды атрымалася прыгожай і знешне эфектнай: бег рамантычных герояў ад бацькаўшчыны і свайго кахання завяршыўся вяртаннем і ўз’яднаннем закаханых. У гледачоў нават маглі ўзнікнуць падазрэнні, што менавіта яны з’яўляюцца галоўнымі героямі п’есы.

Але пры захаванні булгакаўскага тэкста міжволі адбылася даволі істотная змена трактовак. Карзухіна і Галубкоў, якія актыўна не ўдзельнічалі ў змаганні супраць савецкай улады, сапраўды маглі знайсці спакой у Расіі (хоць відавочна, што праз пэўны час іх непрацяглае знаходжанне ў эміграцыі магло стаць падставай для абвінавачвання ў здрадзе і шпіянажы).

Але ці знайшоў спакой Хлудаў? Спакой не толькі з боку ўлады, але і ў сваёй душы? Хто будзе суддзёй гэтаму чалавеку? Фактычна, Булгакаў пакідае гэтае пытанне адкрытым, што дае прастору для рэжысёрскіх інтэрпрэтацый. Спроба адказу была дадзена мастаком-пастаноўчыкам Аляксандрам Касцючэнка праз элемент дэкарацыі на пярэднім плане: увесь спектакль на падзеі, што адбываліся на сцэне, моўчкі глядзела ікона Божай Маці – толькі яна захавалася пасля разрабавання “чырвонымі” манастыра. Відаць, толькі Бог будзе суддзёй гэтаму чалавеку, які нямала награшыў за сваё жыццё. Тым не менш так і не зразумела, ці прыйшоў да веры Хлудаў. Велічны хор “Господу Богу помолимся” гучыць для Карзухінай і Галубкова, на сумленні якіх няма ахвяр Грамадзянскай вайны. Фінал з удзелам Хлудава мог даць адказ на гэта пытанне, чаго, на жаль, не адбылося.

Дарэчы, мізансцэна разрабавання ў першым сне адзіная, якой няма ў арыгінале п’есы. Магчыма, менавіта тут праяўляецца ўласны погляд рэжысёра на падзеі, што адбываюцца ў пастаноўцы. Бо ні белы генерал Чарнота, ні архіепіскап Афрыкан (Эдуард Гарачы), якія знайшлі ў манастыры прытулак, не застаюцца яго абараняць: іх даганяе вораг. Ратуючы манаха Паісія (Раман Дзерваед), стары ігумен (Андрэй Дударэнка) адпраўляе яго за імі, а сам прымае смерць ад чырвонаармейскіх штыкоў.

Максіміліан Валошын пісаў у вершы “Грамадзянская вайна”:

И там и здесь между рядами
Звучит один и тот же глас:
«Кто не за нас – тот против нас.
Нет безразличных: правда с нами».
А я стою один меж них
В ревущем пламени и дыме
И всеми силами своими
Молюсь за тех и за других.

Пры пэўных, нязначных супярэчнасцях і крыху спрошчаным фінале “Бег” С.Кавальчыка прадэманстраваў нячастае ў апошні час паважлівае стаўленне да рускай літаратурнай класікі. Несумненна, што крытыкі, зацікаўленыя ў арыгінальнай наватарскай трактоўцы вядомых п’ес, справядліва папракнуць рэжысёра-пастаноўшчыка ў адсутнасці значнай творчай самастойнасці і празмернаму прытрымліванню традыцыям. Тым не менш дыхтоўная пастаноўка п’есы М.Булгакава стала адной з лепшых у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя М.Горкага за апошнія гады.

P.S. Тэкст быў напісаны пасля прэм’еры спектакля ў 2009 годзе, але тады не друкаваўся. Ацэнка «Бегу», выкладзеная ў рэцэнзіі, з таго часу не змянілася.

P.P.S. Спектакль можна ўбачыць на сцэне тэатра 28 студзеня 2012 года.