Як пройдзе юбілей Максіма Багдановіча?

Сёлета, 9 снежня, у краіне будзе адзначацца 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Як будзе адзначаны юбілей класіка беларускай літаратуры? Што ўжо зроблена і якія мерапрыемствы чакаюць свайго завяршэння? На гэтыя і шэраг іншых пытанняў адказвае Таццяна Шэляговіч, дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.


Таццяна Шэляговіч

— Правядзенне любога юбілею — заўжды надзвычай адказная справа. Парадокс, але яна найбольш істотная не для музея, а для шырокай супольнасці, паколькі папулярызацыя творчасці Багдановіча, яе навуковае даследаванне, ушанаванне асобы пісьменніка з’яўляецца нашай штодзённай працай. Але для грамадства такія даты выступаюць у якасці пэўнай сімвалічнай мяжы, што дазваляе выйсці на больш шырокі прастор. А таксама далучыць да асобы паэта пэўных людзей або ўстановы, якія па шэрагу самых розных прычын досыць даўно не мелі з ёй кропак судакрання.

Мяркую, што пераход Рубікона да Багдановіча быў немагчымы без узгодненай праграмы дзеянняў.

— Праграма святкаванняў пачала распрацоўвацца загадзя і была падтрымана на дзяржаўным узроўні. 14 лютага 2011 года з’явілася пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 187, падпісаная старшынёй урада Міхаілам Мясніковічам. У ёй быў зацверджаны рэспубліканскі арганізацыйны камітэт па правядзенні юбілейных мерапрыемстваў на чале з міністрам культуры Паўлам Латушкам, куды ўвайшлі прадстаўнікі міністэрстваў інфармацыі, адукацыі і замежных спраў, Брэсцкага, Мінскага і Гродзенскага аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, упраўлення сацыяльна-культурнай сферы Апарату Савета Міністраў, Саюза пісьменнікаў Беларусі, Беларускага радыё і нашага музея. Агульнымі намаганнямі мы рэалізоўваем план мерапрыемстваў, зацверджаных той жа пастановай.

Калі ласка, акрэсліце асноўныя кірункі працы.

— Сапраўды, пагаворым падрабязна пра асноўныя пункты праграмы, паколькі агульны спіс мерапрыемстваў уключае 24 назвы. Напрыклад, Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў і выпусціў памятную манету з выявай Багдановіча. А Міністэрства сувязі краіны — канверт з арыгінальнай маркай, спецгашэнне якой адбудзецца на Галоўным паштамце 9 снежня. Супрацоўнікі абедзвюх устаноў, дызайнеры, мастакі прыходзілі ў музей, кансультаваліся з супрацоўнікамі, добрасумленна вывучалі асобу паэта, з творчасцю якога, зразумела, знаёміліся ў школе, натхняліся яго вобразам. Міністэрствам адукацыі Беларусі будзе праведзены Рэспубліканскі конкурс школьнага сачынення пра жыццё і творчасць Багдановіча. А 25—26 лістапада на базе Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца Міжнародная навуковая канферэнцыя “Творчасць Максіма Багдановіча ў кантэксце сусветнай літаратуры”.

Кажуць, што асоба паэта будзе прадстаўлена і ў кіно…

— Сапраўды, у сярэдзіне лістапада павінна скончыць сваю працу творчая група, якая працуе над дакументальным фільмам “Максім Багдановіч. Зорны шлях”. Сцэнарый напісаў Аляксей Чарнушэвіч, а рэжысёрам выступіў Андрэй Леўчык. Спадзяюся, што пра­дукцыю “Беларускага відэацэнтра” можна будзе выкарыстоўваць і падчас экскурсій у музеі. Дарэчы, часткова фільм здымаўся ў яго сценах, бо мемарыяльных мясцін, звязаных з асобай паэта, у Беларусі амаль не захавалася.

Мяркую, самы час пагаварыць пра міжнародны аспект пры правядзенні юбілею.

— Справа ў тым, што ўжо досыць даўно ў экспазіцыі Ялцінскага гісторыка-краязнаўчага музея мелася зала, прысвечаная творцам, чый лёс звязаны з крымскай зямлёй. Асобны стэнд быў Багдановічу. Матэрыялы музея фізічна састарэлі, а іх якасць пакідала жадаць лепшага. Пры дапамозе Міністэрства замежных спраў Беларусі былі наладжаны кантакты з установамі Аўтаномнай Рэспублікі Крым. Улічваючы сучасныя камп’ютарныя магчымасці, нашыя супрацоўнікі апрацавалі неабходныя дакументы і прадаставілі іх калегам, якія абнавілі экспазіцыю. Дарэчы, яны паабяцалі пашырыць стэнд за кошт іншых, менш значных асоб. 3 снежня ў Ялце адбудзецца вечар, прысвечаны Багдановічу, у якім возьмуць удзел прадстаўнікі музея. Тады здолеем на ўласныя вочы ўбачыць зробленае.

Акрамя таго, з ініцыятывы Міністэрства культуры краіны ў замежжы будзе прадстаўлена спадчына паэта. Беларускі фонд культуры ажыццявіў падрыхтоўку прэзентацыйнага выдання. Яно складаецца з трох асобных кніг, у кожнай з якіх прадстаўлены адзін верш Багдановіча (“Пагоня”, “Слуцкія ткачыхі”, “Зорка Венера”) на мове арыгінала і ў перакладзе на 10 моў свету. Прадмову напісаў міністр культуры Беларусі Павел Латушка, уводзіны ў свет кожнага верша падрыхтаваў пісьменнік Анатоль Бутэвіч.

Адзін з сегментаў супольнай працы ўзялі на сябе ўстановы міністэрства інфармацыі?

— Сёлета ў беларускіх выдавецтвах ужо з’явілася ці яшчэ з’явіцца некалькі выданняў, якія ахопліваюць вельмі шырокую чытацкую аўдыторыю.

Па-першае, у выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла факсімільнае выданне “Вянка”, адзінага прыжыццёвага зборніка паэта. Упершыню такая ідэя была рэалізавана ў 1981 годзе, калі святкавалася 90-годдзе з дня нараджэння Багдановіча. 10-ты­сячны наклад тады разышоўся цалкам. Пазней кніга яшчэ двойчы перавыдавалася. Але і цяпер на яе існуе попыт, таму “Вянок” зноў з’явіўся на кніжных паліцах. Адзначу, што кніга з’яўляецца непераўзыдзеным прыкладам кампаноўкі вершаў. Хоць вядома, што Багдановіч да апошніх дзён працаваў над “Вянком” і імкнуўся ўдасканаліць яго.

Па-другое, для папулярнай серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”, што выходзіць у тым жа выдавецтве, я склала кнігу “Максім Багдановіч. Пясняр чыстае красы”, прысвечаную жыццю і творчасці паэта. Заснаваная на фондах музея, яна сведчыць пра працу ўсёй нашай установы.

Па-трэцяе, у “Мастацкай літаратуры” выйшла аповесць Алеся Марціновіча “Свяці, зорка, свяці”, у якой распавядаецца пра дзіцячыя гады будучага паэта.

Па-чацвёртае, выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” ажыццяўляе выпуск унікальнай энцыклапедыі “Максім Багдановіч” (дагэтуль толькі Францыск Скарына і Янка Купала ўдастойваліся такога гонару). Праца над зборам матэрыялаў і напісаннем артыкулаў пачалася яшчэ ў 1980-я гады. Потым па шэрагу прычын быў перапынак. Праца аднавілася ў 2007 годзе па ініцыятыве музея, а цяпер выйшла на фінішную прамую.

Нарэшце, пятым выданнем, што выходзіць у РВУ “Літаратура і Мастацтва”, стане том “Максім Багдановіч: вядомы і невядомы”, укладальнікам якога выступіў Ціхан Чарнякевіч. У выніку працы ў архівах і бібліятэках ён увёў у навуковы ўжытак дакументы, якія не траплялі на вочы не тое што чытачам, а нават даследчыкам. Або проста не перадрукоўваліся з перыёдыкі на працягу дзесяцігоддзяў. Застаецца дадаць, што ў друкаваных і электронных СМІ, на радыё і тэлебачанні ўжо з’явілася значная колькасць артыкулаў, нататак, інтэрв’ю, прысвечаных асобе паэта і яго творчасці. Спадзяюся, бліжэй да юбілею іх колькасць значна ўзрасце.

Якая праца чакае музей пасля 9 снежня?

— Зразумела, заканчэнне юбілейных урачыстасцей не азначае завяршэнне працы. Хутчэй наадварот — з’яўляецца стымулам да яе працягу. Прычым, згодна з планам, рэалізацыя некаторых мерапрыемстваў будзе працягвацца ў 2012 годзе. Напрыклад, у Гродне, у парку побач з домам, дзе жыла сям’я паэта, будзе ўсталяваны помнік. Ужо распрацаваны ўмовы конкурсу, але ён яшчэ не абвешчаны. Падвядзенне вынікаў, выраб і ўстаноўка помніка ў любым выпадку будуць адбывацца ў наступным годзе. Тады ж у Траецкім прадмесці пры дапамозе ТАА “Трайпл” адбудзецца аднаўленне дома, дзе нарадзіўся Багдановіч. Акрамя таго, працягнецца рамонт асноўнага будынка музея (цяпер ён таксама вядзецца ў нашым філіяле “Беларуская хатка”).

Таццяна Эдуардаўна, што пажадаеце чытачам?

— Шануйце Багдановіча, маладога, але такога геніяльнага паэта! Хай кожны пусціць у сваё сэрца ідэалы і памкненні, якімі жыў Максім. Жадаю ўсім дайсці да Беларусі з Максімам Багдановічам!

Як пройдзе юбілей Максіма?// Літаратура і мастацтва. 2011.

Як пройдзе юбілей Максіма Багдановіча?: 1 комментарий

  1. В черновиках одна была заготовка.. она готовилась как ответ на один из комментариев на блоге.. Чтож подправим и поставим её в запланированные, на 9 декабря — дата более чем соответствующая!

Комментарии запрещены.