Сучасная літаратура. Валерый Ліпневіч

Вераснёўскі нумар часопіса “Маладосць” прадставіў чытачам аповесць Валерыя Ліпневіча “Ева, вярні рабро!” (пераклад з рускай мовы Вольгі Блажэвіч).


Нумар часопіса, дзе апублікаваны твор.
На вокладцы партрэт паэта Арцёма Кавалеўскага

У аснове твору – гісторыя ўзаемаадносін паміж студэнтамі: філолагам Віктарам і журналісткай Галінай. Час, у якім разгортваюцца падзеі, не ўдакладняецца. Але згадкі пра паход у кіно на фільм Таркоўскага “Андрэй Рублёў”, што выйшаў у 1966-м, а таксама нумар “Нового мира” з вершамі Рымы Казаковай сведчаць, што сюжэт аповесці адбываецца ў другой палове 1960-х гадоў. Разглядаемы час з’яўляецца для сталых жыхароў былой савецкай прасторы выключным. Апошнія, кволыя подыхі адлігі, спрэчкі “фізікаў” з “лірыкамі”, фантастычная папулярнасць паэзіі. Якая цікавая эпоха, якое багацце падзей, адносны плюралізм думак!

Аднак пасля прачытання аповесці складваецца ўражанне, што дзеянне адбываецца ў “безчасоўі”, ледзь не ў вакууме, куды амаль не далятаюць жывыя павевы. Ніяк не акрэслена месца падзей, таму застаецца толькі здагадвацца, што гэта адзін з гарадоў. Але ў ім няма нічога: ні старога цэнтра, ні архітэктурных адметнасцяў, ні паркаў і сквераў. Сімвалічным выглядае той факт, што гісторыя кахання пачынаецца і заканчваецца ў бібліятэцы, дзе ёсць кнігі, але ніхто не жыве. Бо ні Света, сяброўка Галіны, ні незнаёмы барадаты чалавек, “канкурэнт” Віктара ў змаганні за дзяўчыну, ні некалькі безыменных герояў другога плана не прэтэндуюць на якое-небудзь раскрыццё характараў і амаль не ўплываюць на дзеянне. Напрыклад, “барадач” аднойчы проста размаўляе з Галінай і чакае яе. Няўжо гэтага дастаткова? Больш за тое, на працягу знаёмства з “Евай…” чытач так і не даведаецца ніякіх падрабязнасцяў з жыцця галоўных герояў, якія існуюць без бацькоў, сяброў (акрамя Светы), знаёмых, выкладчыкаў… Дзе нарадзіліся Віктар і Галіна? Як выхоўваліся? Чым захапляліся? Мяркую, такіх падрабязнасцяў і дадатковых адценняў вельмі не хапае ў аповесці.

Але магчыма В.Ліпневіч наўмысна акцэнтаваў увагу на асабістым жыцці Віктара і Галіны? Аднак іх узаемаадносіны пакідаюць ачуванне кніжнасці, пэўнай штучнасці. Паводле аўтара, непаразуменне паміж героямі заснавана на тым, што гераіня “наіўна абмяжоўвала сябе тым, што магла прапанаваць сама”. Цікава, а як гэта разумець? “Віктар чакаў хоць жэрдкі, на якую можна было ступіць і пабегчы за ёй. А яна думала, што ён кінецца да яе па гэтым балоце, угрузне, працягне рукі, і тады, калі яна пераканаецца, што ён кахае, тады…”. Зразумела, такая сітуацыя мае права на існаванне. Але яна павінна быць належным чынам абгрунтаваная. Напрыклад, характарам герояў, іх жыццёвым і асабістым вопытам. У адным з фрагментаў твору сцвяржаецца: “Віктар пашкадаваў, што ў іх нічога не атрымалася з Верай. Гэта шмат спрасціла б. Ва ўсякім разе, не было б гэтай грэблівасці і раздражнення (у адносінах з Галінай – Д. М.). Яны маглі б быць на роўных”. Але гэта адзіны момант, які звяртаецца да мінулага герояў. На мой суб’ектыўны погляд, гэтага недастаткова. Між тым, такі ракурс мог прыкметна ўзабагаціць твор.

Спрэчным выглядае і фінал твору. Галоўная гераіня зацяжарыла (ад каго, не тлумачыцца) і просіць у Віктара знайсці таблеткі, каб пазбавіцца ад нежаданага дзіцёнка. Той адмаўляецца, і героі назаўсёды развітваюцца. Але такі паварот сюжэту абсалютна не вынікае з логікі падзей. Акрамя размовы з “барадатым” паклоннікам і спрэчкай з некалькімі знаёмымі Галіна ў аповесці ні з кім не кантактуе. З Віктарам яны абмяжоўваюцца некалькімі пацалункамі. Дык навошта такая “Санта-Барбара”?

“Жыццё, ён раптам адчуў яго, – піша пра галоўнага героя В. Ліпневіч напрыканцы твору. – Як праз тонкую тканіну – цела дзяўчыны, што прыхінулася да яго і мокне з ім пад адным дажджом, і нястомна, зноў і зноў, знаходзіць сваім гарачым ротам яго распухлыя вусны”. На вялікі жаль, для аўтара гэтых радкоў працытаваны фрагмент стаў аным з нешматлікіх месцаў у аповесці, дзе ён таксама адчуў жыццё. Спадзяюся, іншыя творы В. Ліпневіча, напісаныя на ўзроўні працытаванага ўрыўка, прынясуць яму куды большы поспех, чым “Ева…”.

У пошуках жыцця// Літаратура і мастацтва. 2011. 28 кастрычніка. № 43. C. 21.

P.S. Тэксту аповесці на сайце часопіса няма. Але ёсць дастаткова цікавыя матэрыялы. Напрыклад, артыкул Аксаны Бязлепкінай пра тое, як «як пісаць, рэкламаваць і выкладаць літаратуру для дзяцей».