Ці лёгка мужу стаць шчаслівым?

Для кожнага тэатрала верасень з’яўляецца не толькі пачаткам навучальнага ці працоўнага года, але і адкрыццём новага сезона. А паколькі артысты, як і ўсе людзі, летам адпачываюць, “разынкамі” восеньскіх афіш становяцца прэм’еры, якія адбыліся ў сярэдзіне лета. Наша гаворка пра спектакль «Шчаслівы муж», пастаўлены на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.


Афіша спектакля

Мастацкі кіраўнік РТБД Валерый Анісенка пазіцыянаваў пастаноўку музычнай камедыі “Шчаслівы муж” як пляцоўку для дэбютаў. І сапраўды, для рэжысёра Мюра Фарыдовіча (пад псеўданімам схаваўся Васіль Дранько-Майсюк, сын знакамітага паэта), кампазітара Максіма Іўкіна і сцэнографа Волі Вячоркі вопыт працы над спектаклем стаў першым у біяграфіі. Акрамя таго, прэм’ера РТБД інтрыгавала яшчэ двума акалічнасцямі: зваротам да творчасці Францішка Аляхновіча і жанрам спектакля.

П’есы драматурга, асабліва папулярныя ў першай палове ХХ стагоддзя (“Бутрым Няміра”, “Цені”, “Няскончаная драма”, “Пан міністар”) з’явіліся на айчыннай сцэне ў 1990-я гады. Доўгі перапынак тлумачыўся асобай аўтара, непрымальнай у савецкія часы. Вязень ГУЛАГу, Аляхновіч стаў аўтарам бестселера “У кіпцюрах ГПУ”, што на некалькі дзесяцігоддзяў апярэдзіў знакамітае даследаванне А.Салжаніцына. Магчыма, першая хваля пастановак была выклікана жаданнем пазнаёміць публіку са спадчынай творцы. Але цяпер зрабілася відавочным, што гэты інтарэс трывалы і доўгатэрміновы. Па-першае, ён выкліканы нешматлікасцю якаснай беларускай драматургіі на сучасным этапе. Па-другое, буржуазныя і местачковыя рэаліі пачатку мінулага стагоддзя зноў вярнуліся ў наша жыццё, тады як шэраг твораў К.Крапівы і А.Макаёнка, насычаных “сацыялістычнай” атрыбутыка, звязаць з сённяшнім днём куды больш складана.

“Шчаслівы муж”, напісаны Ф.Аляхновічам у 1921 годзе, быў заяўлены як музычная камедыя. Аднак больш мэтазгодна вызначыць жанр пастаноўкі як фарс. Галоўная гераіня – летуценная мяшчанка Магдалена (Марыя Пятровіч), стомленая ад свайго малацікавага і прадказальнага мужа Гаўдэнта (Дзмітрый Мядзведзеў), вырашае закруціць раман з графам Мацальскім (Сяргей Шымко). Каб падмануць мужа, спатканне адбываецца падчас вечарыны, наладжанай Магдаленай і Гаўдэнтам, куды прыходзяць жыхары мястэчка…


Злева направа: Панна Уршуля (Алена Баярава),Магдалена (Марыя Пятровіч),Гаўдэнт Залепка (Дзмітрый Мядзведзеў), Фаліцыя (Бэла Шпінер), Ільдэфонс Мацальскі (Сяргей Шымко),Мяшочыха (Вераніка Буслаева) і Калістрат Мяшочак (Максім Паніматчанка)

Спробы пастановак у жанры фарсу прадпрымаліся на нашай тэатральнай сцэне неаднаразова. Варта згадаць спектаклі “Падзея” ў Магілёўскім драматычным тэатры, “Свабодны шлюб” у тэатры імя М.Горкага. Але пры знешняй немудрагелістасці жанру ў шэрагу увасабленнях фарсу яго выканаўцы або выступалі па традыцыі ў рэчышчы псіхалагічнага тэатра, або балансавалі паміж крыўлянне і пошласцю. Стваральнікі і дзейныя асобы “Шчаслівага мужа” здолелі вытрымаць пэўную лінію і выканалі пастаўленыя задачы.

Проста бліскучым атрымалася першае дзеянне. Кожны вобраз быў арыгінальна распрацаваны і прадуманы выканаўцамі. Побач з Магдаленай і графам асабліва ўдалым выглядаў дуэт Пышкі (Ігар Вяпшкоўскі) і Шышкі (Кірыл Навіцкі): іх з’яўленне на сцэне, нават калі яшчэ не прагучала ніводная рэпліка, выклікала гамерычны рогат публікі.


Злева направа: Пышка (Ігар Вяпшкоўскі), Шышка (Кірыл Навіцкі), Магдалена (Марыя Пятровіч)

На агульную задуму працуе і простая сцэнаграфія, ролю якой выканалі шырмы. Абрысы фігур людзей, якія знаходзіліся за імі, падсвечваліся, з-за чаго ствараўся эфект тэатра лялек, ці марыянетак. На агульную атмасферу спектакля ўплывалі рамансы на вершы Леаніда Дранько-Майсюка “У Вашым голасе квітнеюць астры…” і “Усё – падман, усё – падман…”. Не сакрэт, што вакальныя здольнасці вядучых артыстаў РТБД далёкія ад ідэальных. Таму іх выкананне “ўсур’ёз” часам шкодзіла ўспрыняццю. А вось у фарсе, успрымалася вельмі арыгінальна.

Што датычыцца другой дзеі, дык у ім рэжысёр, на жаль, не змог замацаваць свой поспех. Магчыма, прычына ў тым, што большасць выканаўцаў у другой частцы на сцэну не выходзілі, і камічны эфект быў крыху страчаны. Таму дзеянне часам нагадвала побытавую сцэну з элементамі фарсу (скажуць крытыкі) або фарс з элементамі побыту (заўважаць прыхільнікі спектакля). Зусім перастала працаваць сцэнаграфія: падсветка знікла, і ўся канструкцыя пераўтварылася ў банальную шырму.

Калі падагуліць уражанні, спектакль пакінуў вельмі прыстойнае ўражанне, а калі ўлічыць дэбют, прыемна здзівіў. Таму “Шчаслівы муж” пакідае спадзяванні на будучыя поспехі РТБД у разглядаемым жанры, а таксама ў новым адкрыцці драматургіі Аляхновіча.

Усе фотаздымкі з сайта тэатра www.rtbd.by