Жнівеньскі нумар часопіса “Нёман” прадставіў аповесць Уладзіміра Сцяпана “Высокі бераг”, што мае падзагаловак “Партрэт мастака на фоне дзяцей, якія малююць” (пераклад з беларускай мовы Алены Марковіч).
Твор прысвечаны жыццёваму і творчаму лёсу Сяргея Каткова, жывапісца, графіка, выкладчыка студыі пры сталічным Палацы піянераў і школьнікаў, настаўніка многіх беларускіх мастакоў, у тым ліку Мая Данцыга, Леаніда Левіна, Васіля Сумарава, Зоі Літвінавай, Уладзіміра Тоўсціка, Нінэль Счаснай.
Тым не менш сапраўдны ўзровень аповесці я зразумеў не адразу, бо спярша за чытанне “Высокага берагу” не хацелася брацца. Насцярожвала тое, што твор падзелен на невялікія раздзелы з падзагалоўкамі. Падавалася, што прынцып, выбраны У. Сцяпанам, больш падыходзіць для дакументальнага партрэта ці папулярнай біяграфіі пэўнага героя. Акрамя таго, даўно стаўлюся з пэўнай перасцярогай да напісання мініяцюр. Пасля іх чытання амаль заўсёды складаваецца ўражанне, што аўтар перастаў пісаць прозу або вершы і пераключыўся на лаканічны жанр. Паколькі большасць такіх твораў з’яўляюцца прыкладам тыповага бытавізму (аўтар штосьці ўбачыў у акне і занатаваў уражанне; да пісьменніка на працу прыйшоў госць, пасля чаго творца пераказаў пачутае), іх змест і разважанні як правіла забываюцца амаль адразу. Тым не менш пэўная насцярога да аповесці У .Сцяпана адбылося. І я змог пераканацца, наколькі сапраўдны пісьменніцкі талент здольны пераўзыходзіць абмежаванасць кожнага жанру.
Які прынцып выкарыстоўваў У. Сцяпан пры напісанні партрэта мастака? “Я спрабую стварыць яго партрэт з аскепкаў, з уяўлення, з карцін, малюнкаў, фотаздымкаў, успамінаў, лістоў, чорна-белых кінакадраў… – піша аўтар. – Разумею, што ўсё напісанае – словы, што гэта толькі маё суб’ектыўнае бачанне чалавека, з якім перасякаўся ў рэальным жыцці толькі двойчы. (…) Напэўна, Сяргей Пятровіч шмат разоў даваў сваім вучням заданне намаляваць пейзаж або партрэт па “памяці”, а кампазіцыю “па ўяўленню”. Тое, чым я цяпер займаюся, і будзе выкананнем двух заданняў: партрэт “па памяці” і “па ўяўленню”.
Наколькі пабудова твору, прапанаваная У.Сцяпанам, стасуецца з пастаўленымі ім жа задачамі? Аўтар узгадвае, што ягоныя сустрэчы са сваім героем здарыліся ў дзяцінстве. З аднаго боку, для такога ўзросту характэрна адчуванне бесперапыннасці часу, які, аднак, не захоўваецца ў памяці суцэльнай лініяй, а падзяляецца на асобныя яркія эпізоды. Вось дзе вытокі аўтарскага выкарыстання “аскепкаў”! З другога боку, дарослыя сучаснікі ўспрымаюць мінулае, якое звязана з асобамі дарагіх для іх людзей, праз пэўныя асабістыя прыватныя прадметы (тады як гісторыя грамадства ўспрымаецца на больш абагуленым узроўні: праз раманы, мастацкія фільмы і г.д.). У дадзеным выпадку ў іх якасці выступаюць згаданыя У. Сцяпанам карціны, малюнкі, фотаздымкі.
Аднак вернемся да фразы пра напісанне партрэтаў “па памяці” і “па ўяўленню”. Як вядома, У. Сцяпан з’яўляецца выпускніком Мінскай мастацкай вучэльні і тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Акадэмія мастацтваў). А значыцца застаецца творцам, які, хоць бы ў глыбіні душы, пераасэнсоўвае свет з дапамогай пэнзля і фарбаў, або проста выкарыстоўвае ў літаратуры пэўныя прынцыпы жывапісу. Тады з якім накірункам у мастацтве можна параўнаць пісьменніцкую манеру У.Сцяпана? З рэалізмам? Але тады б нас чакала падрабязная біяграфія С.Каткова і пералік усіх напісаных ім твораў у дакладнай храналогіі. На маю думку, больш дакладным будзе параўнаць творчы метад пісьменніка з падыходам мастакоў-імпрэсіяністаў. У “Высокім берагу” У. Сцяпан імкнецца прадставіць свайго героя і яго атачэнне ў пэўныя моманты жыцця, выхапіць з жыццёвай мітусні. Дзякуючы яркім, каларытным мазкам пісьменніка С.Каткоў у кожнай мініяцюры раскрываецца новай рысай свайго характару. І кожны штрых дапаўняе папярэдні, дзякуючы чаму ў фінале мы маем усе падставы гаварыць пра цэласны твор, на старонках якога мастак паўстае як жывы.
Чароўнае спалучэнне дзіцячага і дарослага погляду на мінулае, памяці і ўяўлення, памножанае на талент пісьменніка, яго адчуванне мовы і стылю сталі сакрэтам безумоўнага творчага поспеху яго новай аповесці.
Партрэт “па памяці” і “па ўяўленню”// Літаратура і мастацтва. 2011. 30 верасня.