“Радзівіліяда” – наша “Іліяда”

Адной з найбольш значных падзей беларускага літаратурнага жыццям стала з’яўленне на старонках часопіса “Маладосць” паэмы Яна Радвана “Радзівіліяда”, упершыню перакладзенай на беларускую мову. Падрабязнасці дзесяцігадовай працы над паэмай, а таксама асаблівасці дзейнасці ў перакладчыцкай галіне – у гутарцы з Жаннай Некрашэвіч-Кароткай, дактарантам філалагічнага факультэта БДУ.


Жанна Некрашэвіч-Кароткая.
Фота з сайта www.prajdzisvet.org

– Сваю творчую працу пачынала не як перакладчыца, а як паэтэса. Дарэчы, першыя мае паэтычныя спробы з’явіліся менавіта на старонках газеты “Літаратура і мастацтва” ў 1993 годзе. Вершы заўважыў Уладзімір Кароткі, які тады з’яўляўся намеснікам дэкана філалагічнага факультэта. Ён займаўся старажытнай літаратурай, ведаў, як мала твораў перакладзена на беларускую мову, таму прапанаваў заняцца гэтай справай. Так неўзабаве з’явіліся першыя, яшчэ вучнёўскія пераклады – фрагменты з Авідзія, зробленыя на падставе фрагментаў з канспекта па антычнай метрыцы. Яны былі надрукаваныя ў 1993 годзе ў часопісе “Маладосць” разам з маімі ўласнымі вершамі. Да першых сур’ёзных спроб адношу ліст Мяленція Сматрыцкага да папы рымскага Урбана VІІІ, надрукаваны ў часопісе “Крыніца” ў 1994-м, а таксама пераклад 12 трэнаў са зборніка “Рэха жалю”, помніка беларускай польскамоўнай паэзіі ХVІ стагоддзя. Паралельна па па рэкамендацыі У.Кароткага пачала працу над “Прускай вайной” Яна Вісліцкага, створанай на лацінскай мове ў пачтаку ХVІ стагоддзя. Перад шэдэўрамі эпох Рэнесансу і Барока марнелі спробы ўласнай паэтычнай творчасці. Час напісання верашў прайшоў. Засталася перакладчыцкая і навуковая дзейнасць.

У 1999 годзе Вы пад кіраўніцтвам У.Кароткага абаранілі кандыдацкую дысертацыю па тэме “Драматургія Францішкі Уршулі Радзівіл”. Наколькі ў вашай працы спалучаюцца даследчыцкія і перакладчыцкія аспекты?

– Лічу, што праца літаратуразнаўцы і перакладчыка ўзаемазвязана. Вядомы расійскі вучоны акадэмік Аляксей Панчанка сцвярджаў, што кожны даследчык старажытнай літаратуры павінен пачынаць сваю працу з тэксту. Без апоры на тэкст любыя канцэпцыі сумніўныя. Зразумела, ёсць даследчыкі, якія не перакладаюць і не выдаюць тэксты. Я ж кіруюся менавіта метадалагічнымі ўстаноўкамі А.Панчанкі. Бо напісаць манаграфіі “Нясвіжская Мельпамена: Драматургія Францішкі Уршулі Радзівіл” і “Беларуская лацінамоўная паэзія: ранні Рэнесанс”, ажыццявіць навуковае выданне “Ioannes Visliciensis. Bellum Prutenum = Ян Вісліцкі. Пруская вайна”, стварыць шэраг артыкулаў было б немагчыма без працы ў абодвух кірунках. Зараз працую над доктарскай дысертацыяй з тэмай “Лацінамоўны ліра-эпас у шматмоўнай літаратуры Беларусі ХVІ – першай паловы ХVІІ стагоддзяў” (навуковы кансультант Вячаслаў Рагойша).

Сярод моў, з якіх я перакладаю – лацінская, польская, царкоўнаславянская, старабеларуская і старажытнаўсходнеславянская. Нядаўна спрабавала свае здольнасці ў перастварэнні сучаснай украінскай паэзіі (вершаў Андрэя Садаморы). Але найперш мяне цікавяць, зразумела, помнікі старажытнага беларускага пісьменства. Мая моўная кампетэнцыя фарміравалася паступова. Што датычыць польскай мовы, то чуцла яе з дзіцячых гадоў, бо маці мая – беларуска, а бацька – паляк. Іншымі (прынамсі, старажытнымі) мовамі авалодала дзякуючы філфаку. Асабліва хацела б адзначыць ролю унікальнага педагога Андрэя Цісыка, які выкладаў ў нас лацінскую і старажытнагрэчаскую метрыку. Акрамя таго, ён першы ў БДУ пачаў чытаць курс па новалацінскай літаратуры Беларусі. Гэта прадвызначыла мае навуковыя і творчыя прыярытэты.

Якая зараз сітуацыя з перакладам корпуса лацінамоўных тэкстаў?

– Сітуацыя застаецца даволі складанай. На жаль, робіцца не так шмат, як хацелася б. Для супастаўлення можна паглядзець на аналагічную сітуацыю ў літоўскай гуманітарнай навуцы. Яшчэ ў канцы 1960-х гадоў літоўскія вучоныя распрацавалі фундаментальную праграму па выданні на роднай мове лацінамоўнай класікі і мэтанакіравана ажыццяўлялі яе. Вялікая колькасць выданняў з’явілася падчас святкавання 1000-годдзя Літвы. Які ж вынік гэтай шматгадовай карпатлівай працы? Так, што на сённяшні дзень у Цэнтральнай і Заходняй Еўропе лацінамоўная пісьмовая спадчына ВКЛ атаясамліваецца пераважна з сучаснай Літвой. І справа тут не толькі ў тым, што літоўцам “пашанцавала” з назвай дзяржавы. Фарміраванню такога ўяўлення паспрыялі ў першую чаргу самі літоўцы.

Канечне, пэўныя захады ў накірунку нацыянальнай адаптацыі лацінамоўнай пісьмовай спачыны зроблены і ў Беларусі. Выданні лацінскіх тэкстаў і іх пераклад на беларускую мову ажыццяўляюцца намаганнямі Якава Парэцкага, Віктара Дарашкевіча, Алеся Жлуткі, Ірыны Краўчук і некаорых іншых навукоўцаў. Апошнім часам адчуваецца адэкватнае – пазітыўнае – стаўленне дзяржавы. Напрыклад, у 2006-2010 гадах я кіравала навукова-даследчай тэмай “Героіка-патрыятычны эпас у беларускай паэзіі эпохі Рэнесансу: праблема фарміравання гуманістычных ідэалаў і маральных каштоўнасцей асобы” па Дзяржаўнай праграме фундаментальных даследаванняў РБ. Але хацелася б большай увагі да нашай працы з боку дзяржавы.

Падрыхтоўка навуковых выданняў лацінамоўных тэкстаў мае асаблівае значэнне. Паколькі раней лацінскай мовай карысталася эліта ўсіх еўрапейскіх краін, прэзентацыя перакладаў лацінамоўных тэкстаў паспрыяе павелічэнню ўвагі да Беларусі, яе выхаду на сусветную культурную арэну.

Апошнім па часе вашым перакладам стала “Радзівіліяда”…

– Ідэя пераклада паэмы Яна Радвана лунала ў паветры з таго часу, калі яе пачалі даследаваць. Наогул, упершыню твор узгадаў у 1970-я гады ў сваіх даследаваннях Віктар Дарашкевіч. Аднак першасную навуковую прэзентацыю “Радзівіліяды” зрабіў Сяргей Кавалёў. Што да перакладаў, то дагэтуль вядомы толькі пераклад “Радзівіліяды” на літоўскую мову, здзейснены Сігітасам Нарбутасам.

Мая праца над перакладам пачалася ў 1999 годзе, а ў 2000-м першы фрагмент памерам у 100 радкоў быў надрукаваны ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Прычым у “ЛіМе” не было традыцыі публікаваць пераклады, але калі шаноўныя калегі даведаліся пра назву твора, то палічылі мэтазгодным зрабіць выключэнне. Праца працягвалася да 2010 года, і пачынаючы з 2010 гоа друкуецца ў чаоспісе “Маладосць”. Зразумела, хацелася б выдаць “Радзівіліяду” асобнай кнігай, таму спадзяюся на зацікаўленасць выдавецтваў. Дарэчы, літоўцы звычайна выдаюць пераклады наступным чынам: спярша змяшчаюць фотакопію арыгінала, а потым пераклад. Мне больш падабаецца, калі абодва тэкста змешчаныя паралельна.

Каму адрасавана “Радзівіліяда”? Наогул, як бы Вы пераканалі скептыкаў у неабходнасці перакладчыцкай працы?

– Перш за ўсё, твор патрэбны менавіта беларусам, а не іх суседзям. Згадзіцеся, наўрад ці “Радзівіліядай” будуць зачытвацца рускія, калі Іван Жахлівы паказаны там як сапраўдны тыран. Што датычыцца мэтавай аўдыторыі, дык адна з яе частак – гэта тыя, хто вучыцца. На філалагічным факультэце ў межах курса беларускай літаратуры творчасць Радвана вывучаюць з 1990-х. Але раней пры адсутнасці даступнага тэксту студэнты маглі знаёміцца толькі з крытыкай, а не самім тэкстам.

Пераклад “Радзівіліяды” адрасаваны і ўсім неабыякавым да свайго мінулага беларусам. Акрамя таго хацелася б нагадаць, што літаратура з’яўляецца першасным феноменам любой нацыянальнай культуры. У прыгожым пісьменстве фіксуецца ментальнасць нацыі. Таму калі хто-небудзь жадае спасцігнуць іншыя народы і вызначыць у гісторыі месца свайго, запрашаю да чытання “Радзівіліяды” – беларускай Іліяды ў прыгожым пісьменстве.

Гутарыў Дзяніс Марціновіч

«Радзівіліяда» — наша «Іліяда»// Літаратура і мастацтва. 2011. 7 кастрычніка