На малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага адбылася прэм’ера спектакля “Эдып”, трагічнай гісторыі ў адной дзеі. Рэжысёр Барыс Луцэнка.
Руслан Чарнецкі (Эдып) і Алена Унукава (Іакаста).
Фота з сайта тэатра www.rustheatre.by
Драматург Алена Мінчукова ўзяла за аснову п’есы старажытнагрэчаскі міф пра Эдыпа, цара Фіваў — ён забіў невядомага, не здагадваючыся, што гэта ягоны бацька Лай, і ўзяў шлюб з Іакастай, як высветлілася потым, сваёй маці. Асоба галоўнага героя даўно зрабілася вечным вобразам сусветнага мастацтва. Найбольш вядомы зварот да яе – п’есы Сафокла “Цар Эдып” і “Эдып у Калоне”. Пасля старажытнагрэчаскага драматурга ў ролі інтэрпрэтатараў міфа выступалі Сенека, Карнэль, Вальтэр і іншыя. У тым ліку кампазітар Ігар Стравінскі, аўтар знакамітай оперы-араторыі на гэтую тэму.
Пераасэнсаванне ў творы антычных матываў не з’яўляецца для беларускага тэатра чымсьці новым. Варта загадаць творы Сяргея Кавалёва, які паспяхова “перасаджавае” на беларускую дзялянку гатовыя сюжэты мінулага. І ўсё ж «Эдып» стаўся шчаслівай магчымасцю для акцёраў Рускага тэатра пражыць і перажыць на сцэне лёсы сваіх герояў. Вобразы атрымаліся неадназначнымі і шматпланавымі. Напрыклад, Тэрэсій у выкананні Валерыя Шушкевіча, што прадказаў Лаю яго лёс. Празарлівец імкнуўся папярэдзіць Лая пра небяспеку, які нясе яму нараджэнне дзіцяці, але словы Тэрэсія міжволі становяцца адной з прычын наступнай трагедыі. Бо калі б прадказанне не прагучала, лёс Лая мог бы скласціся іначай.
Надзіва шырокі эмацыйны дыяпазон уласцівы дуэту галоўных выканаўцаў. Моцнае ўражанне пакідае Алена Унукава, чый вобраз праходзіць эвалюцыю ад шчаслівай, крыху заклапочанай жонкі да няшчаснай маці, што страціла адзінага сына. Але ў цэнтры спектакля, безумоўна, знаходзіцца асоба Эдыпа — цара Фіваў. Руслан Чарнецкі ўжо трэці спектакль запар — пасля “Распутніка” і “Мачахі” — атрымлівае галоўную ролю ў спектаклях Луцэнкі. Цяпер разумееш, што папярэднія работы можна ўспрымаць як прыступкі да стварэння вобраза Эдыпа. У названых спектаклях Чарнецкі ўвасабляў творчых людзей (філосафа Дэні Дзідро і, што асабліва істотна, паэта Фердынанда Маркандаля). Ім абодвум уласціва абвостранае ўспрыманне рэчаіснасці, спалучанае з паглыбленасцю у сябе, сумненнямі і “капаннем” ва ўласных учынках. Эпізоды, у якіх Эдып дэманструе ўласную волю і ўладу, выканаўца мог увасобіць дзякуючы толькі знешнім дадзеным. Але ў сцэнах, дзе адбываецца пошук сапраўднага забойцы Лая і, адначасова, “раскручваецца” гісторыя злачынстваў мінулага, Чарнецкі дасягае вышэйшай амплітуды ўнутраных перажыванняў.
Сцэнограф Ала Сарокіна будуе мастацкі вобраз спектакля праз “чорны кабінет”. Вельмі ўдалай знаходкай з’яўляецца наяўнасць хору (хормайстар Святлана Буцкая). Ён не толькі надае дзеянню большае напружанне і дынамізм, але акцэнтуе ўвагу на ўласцівасць антычнага тэатру, у якім галоўныя героі знаходзіліся між гледачамі і хорам, а апошні ўплываў на развіццё дзеяння праз абагульненні і каментаванне падзей.
Аднак вопратка герояў міжволі прымушаюць сумнявацца ў прыналежнасці да антычнай эпохі. Калі аддзенне Іакасты яшчэ нагадвае лепшыя ўзоры элінскай моды, дык Эдып у сваім аднатонным, грубым “балахоне” падаваўся больш падобным на сярэднявечнага манаха. Падцверджаннем версіі становіцца выкарыстанне ў спектакле крыжа, на якім пакутуе пустэльнік (Віталь Быкаў). Вобраз Тэрэсія таксама нагадваў хрысціянскіх пакутнікаў і сведчыў пра марнасць існуючага жыцця.
Мэтазгоднасць і абгрунтаванасць менавіта “рэлігійнага” вырашэння спектакля бачыцца ў наступным. Пры традыцыйным прачытанні п’есы гледачы сталі б сведкамі вырашэння канфлікту праз катэгорыі антычнага менталітэту. Нездарма ў міфалогіі заўсёды фігуруюць вышэйшыя сілы, ад якіх залежыць чалавек. Значыць, Эдып, які здзейсніў злачынствы па няведанні, ды яшчэ і пасля спробы ўласнага бацькі забіць яго, быў бы вымушаны расплочвацца за свае ўчынкі без шансу на дараванне і выратаванне.
Своеасаблівым выйсцем з “антычнага тупіка” стаў фінал спектакля. Эдып зусім не па-антычнаму, а па-хрысціянску просіць аб дараванні. Уражвае і дзеянне хору: ён з грукатам кідаюць на зямлю камяні. Чым не прамая аналогія з учынкам Ісуса Хрыста? Як мы памятаем, калі натоўп спрабаваў закідаць камянямі Марыю Магдаліну, ён прапанаваў кінуць камень таму, хто сам не грэшны. Становіцца зразумела, што антычны хор можна ўспрымаць і як хор нябесны, як хор анёлаў, якія адпускаюць Эдыпу яго правіны пасля пакаяння. Такім чынам пастаноўка ў інтэрпрэтацыі Барыса Луцэнкі, які паклаў хрысціянскую традыцыю ў аснову спектакля, пастаноўка ўздымаецца да абагульнення.
Дзеля справядлівасці заўважу, што ў “Эдыпе” прысутнічаюць моманты, якія ўспрымаюцца як дзіўны кантаст з бясспрэчнымі знаходкамі і выклікаюць пратэст або неразуменне. Напрыклад, героі, якія размаўляюць пераважную большасць часу “суровай прозай”, беспадстаўна выкарыстоўваюць у асобных фрагментах паэтычныя радкі. Не ідэальна з пункту гледжання стылістыкі гучаць некаторыя фразы. Дзейныя асобы часам ужываюць словы і словазлучэнні, якія больш адпавядаюць сучасным рэаліям, напрыклад, “правяраць пошту, што прыходзіць на маё імя”. Расчароўвае харэаграфія Вячаслава Іназемцава. Сцэны, дзе героі перадаюць праз пластыку любоўныя гульні, больш нагадваюць рытміку заняткаў фізкультуры. Зрэшты, адзначаныя фрагменты кардынальна не ўплываюць на агульную карціну і могуць быць выпраўлены без радыкальных зменаў у структуры спектакля.
“Эдып” удала спалучае традыцыі і наватарства, рэалій канкрэтнай эпохі і часавую шырыню. Глыбіня задумы пастаноўшчыка і яе ўдалая рэалізацыя дае падставу ўспрымаць спектакль як бясспрэчны поспех.
«Эдып» антычны і сярэднявечны// Мастацтва. 2011. № 9. С. 6.