«Леў» на сцэне Рускага тэатра

Прадстаўляю чытачам рэцэнзію на спектакль «Леў зімой»,
апошнюю прэм’еру Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага.


Злева направа: Рычард Львінае Сэрца (Руслан Чарнецкі), Эліс (Вераніка Пляшкевіч), Генры ІІ (Іван Мацкевіч), Элінор Аквітанская (Бела Масумян)

Тэатр імя Максіма Горкага запрасіў гледачоў на прэм’еру спектакля “Леў зімой”, пастаўленую паводле аднайменнай п’есы амерыканца Джэймса Голдмана. Яе першы паказ адбыўся на Брадвее ў 1966-м, а праз год за сцэнарый для фільма Энтані Харві драматург атрымаў “Оскар” у намінацыі “Лепшы сцэнарый-адаптацыя”. З таго часу “Леў зімой” трыумфальна пайшоў па сусветнай сцэне. Неаднаразова ставіўся ў Расіі: у Вахтангаўскім тэатры, тэатрах “Сатырыкон” і Ленком. На сцэне апошняга ён атрымаў назву “Аквітанская ільвіца” (прэм’ера 2010 года), а галоўныя ролі выканалі Іна Чурыкава і Дзмітрый Пяўцоў. Цяпер рэжысёр Валянціна Еранькова, што калісьці праходзіла творчую стажыроўку ў Марка Захарава, паставіла п’есу ў родным калектыве.

Дзеянне спектакля адбываецца ў 1183 годзе, у Англіі. Падчас Калядаў стары кароль Генры ІІ (Іван Мацкевіч) павінен назваць свайго спадкаемцу. Дзеля гэтага ў замку сустракаюцца тры яго сыны – Рычард Львінае Сэрца (Руслан Чарнецкі), Джэфры (Сяргей Чэкерэс) і Джон (Сяргей Жбанкоў), а таксама іх маці, Элінор Аквітанская (Бела Масумян), спецыяльна вызваленая пасля 10-гадовага зняволення за ўдзел у змовах супраць мужа. Дадатковую інтрыгу дзеянню надаюць удзел двух “французаў”: караля Францыі Філіпа (Андрэй Крывенькі) і яго сястры Эліс (Вераніка Пляшкевіч), маладой палюбоўніцы Генры, якая, аднак, шчыра яго кахае. Эліс становіцца разменнай манетай у палітычных гульнях: шлюб з ёй можа прынесці любому з братоў саюз з Францыяй і ўладу над Англіяй.


Эліс (Вераніка Пляшкевіч)

Пры аналізе спектакля “Льва зімой” бачны, як мінімум, тры ўзроўні яго прачытання. Пры першым знаёмстве можа скласціся ўражанне, што на сцэне тэатра пастаўлена тыповы “мужчынскі” спектакль у жанры палітычнай ці гістарычнай драмы. Закручаны сюжэт, інтрыга, дынамізм дзеяння, што напоўніцу праяўляецца ў музыцы Аляксея Еранькова і сцэнаграфіі Алы Сарокінай. Асновай сцэнічнай канструкцыі сталі інтэр’еры замка, якія перадаюць як яго велічную атмасферу, так і ўнутраны холад.

Другі ўзровень прачытання дае магчымасць прадставіць “Льва зімой” як сямейную драму. Нягледзячы на тое, што дзейныя асобы прадстаўляюць розныя рэгіёны і нават краіны, у п’есе яны выступаюць як прадстаўнікі адной сям’і, што змагаюцца за ўладу і марна шукаюць душэўнага цяпла. І хоць асобныя выканаўцы часам іграюць у спектаклі саміх сябе, “Леў зімой” на прыстойным узроўні дэманструе традыцыі псіхалагічнага тэатра.

Такое ўспрыняцце спектакля захоўвалася амаль да фінальнай сцэны. Аднак фінал пакінуў пасля сябе некаторыя пытанні. В.Еранькова пазначыла “Леў зімой” як “гісторыю кахання даўжынёю ў жыццё”. Пры некаторым пафасе такая інтэрпрэтацыя, безумоўна, мае права на існаванне. Але толькі пры належным псіхалагічным тлумачэнні.

Згодна сюжэту, Генры цалкам расчараваўся у сваіх сынах. Таму ён вырашыў развесціся з Элінор і ўзяць шлюб з Эліс, каб тая нарадзіла яму дзяцей, новых спадчыннікаў яго дзяржавы. Французская прынцэса справядліва нагадвае каралю, што пасля яго смерці сыны заб’юць непажаданых канкурэнтаў. Жадаючы адпомсціць кароль кідаецца да іх і ўжо заносіць меч над малодшым, Джонам. Элінор ратуе сына, пасля чаго гледачы становяцца сведкамі сямейнай ідыліі. Муж і жонка разумеюць, што ўсё жыццё кахалі толькі адно аднаго, і кажуць пра вечнасць, якая іх чакае.


Злева направа: Элінор Аквітанская (Бела Масумян), Генры ІІ (Іван Мацкевіч)

Па-чалавечы цалкам магу зразумець імкненне рэжысёра вывесці на першы план гераіню Б.Масумян. Тым больш, што прэм’ера прымеркавана да юбілею яе творчай дзейнасці. Але як глядач і крытык шчыра хачу гукнуць: “Не веру!”. Прыведзеная логіка развіцця дзеяння яшчэ магла дзейнічаць у тым выпадку, калі б Эліс прымушала свайго каханка забіць сыноў (такая версія сустракалася ў некаторых інсцэніроўках). Але гераіня В.Пляшкевіч, усвядоміўшы сітуацыю, наадварот, адмаўляецца ад шлюбу і ад свайго шчасця.

Агульнавядома, што В.Еранькова са скепсісам ставіцца да акцёрскіх імправізацый і настойвае, каб у спектаклях дакладна захоўвалася менавіта яе прачытанне драматургіі. Таму мяркую, што пазіцыя Эліс была закладзена менавіта пастаноўшчыкам. Але тады канцэпцыя “гісторыі кахання даўжынёю ў жыццё” пачынае рушыцца. Французская прынцэса застаецца адзіным персанажам, што кахае і любіць Генры такім, якім ён ёсць. І менавіта яна заслугоўвае не толькі шчасця з ім, але і вечнасці, бо ў такім выпадку каханне перамагае злосць, нянавісць і прагу да ўлады.

У якой ступені прапанаваны рэжысёрам фінал выглядае псіхалагічна вытлумачальным? Няўжо 10 гадоў, праведзеныя ў зняволенні (у рэальнасці нават 16) з’яўляюцца сведчаннем вялікага і глыбокага кахання? А ўдзел у шматлікіх інтрыгах, паўстаннях, войнах – неабходнай умовай для вечнасці? Згаджуся, такі фінал закладзены ў п’есе. Але падаецца, што ў мінскім спектаклі ён так і не быў абгрунтаваны належным чынам. Таму пастаноўка так і не стала сапраўдным творчым прарывам.

Ах, гэты супярэчлівы фінал!// Настаўніцкая газета. 2011. 8 кастрычніка. № 124. С. 7.

Усе фотаздымкі з сайта тэатра www.rustheatre.by