Новыя кнігі пра беларускі тэатр

Кожны феномен культурнага развіцця краіны патрабуе свайго ўдумлівага крытыка, які здолее давесці прыхільнікам мастацтва пра значнасць падзей, патлумачыць іх месца ў нацыянальнай і сусветнай прасторы. Бадай, не будзе перабольшваннем сказаць, што для Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа такім чалавекам стала Таццяна Катовіч. Доктар мастацтвазнаўства, прафесар Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П. Машэрава, яна ў свой час працавала кіраўніком інфармацыйна-аналітычнага цэнтра ў калектыве. Прычым заняла пасаду тады, калі мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра стаў рэжысёр Віталь Баркоўскі (1997-2008). Творчасці гэтага пастаноўшчыка, які ажыццявіў сапраўдую рэвалюцыю ў беларускай тэатральнай прасторы, прысвечаны дзве манаграфіі Т.Катовіч – “Структура спектакля: воля к постмодернизму” і “Режиссура ритуала”.

У манаграфіі “Структура спектакля: воля к постмодернизму” разглядаюцца прынцыпы структураўтварэння тэатральнага твора на аснове творчасці В.Баркоўскага. Змест кнігі арыгінальны і ў нечым нетыповы для беларускіх даследчыкаў. Акрамя непасрэднага аналізу спектакляў Т.Катовіч уключыла ў сваё даследаванне шэраг надзвычай каштоўных крыніц па гісторыі беларускай культуры. Гэта маналогі самога Віталя Баркоўскага пра лёс і прафесію; пратакол пасяджэння мастацкага савета тэатра, на якім у 1998 годзе абмяркоўваўся спектакль “Таму што люблю”: на яго старонках знайшло сваё ўвасабленне неадназначная рэакцыя трупы; у кнізе таксама змешчаны аналіз крытыкам спектакля “Чорная нявеста”, прысвечанага гісторыі кахання Барбары Радзівіл і Жыгімонта Аўгуста, падрабязны разбор акцёрскіх прац, а побач – каментарыі саміх выканаўцаў, іх разуменне роляў; уражанні вучняў, наведвальнікаў спектакля “Жанна” і матэрыялы канферэнцыі, прысвечаныя творчасці В. Баркоўскага.

Манаграфія “Режиссура ритуала” прысвечана эвалюцыі архаічнага рытуалу ў дачыненні да спектакляў сучаснага беларускага тэатра. З аднаго боку, яна пабудавана на тым жа прынцыпе, што і папярэдняя. Яна таксама грунтуецца на гісторыі, у ёй аналізуюцца архіўныя дакументы, публікуюцца інтэрв’ю Т.Катовіч з вядомымі віцебскімі артыстамі і рэжысёрамі. З другога боку, “Режиссура ритуала” больш шырокая як па часавай прасторы (ад заснавання віцебскага тэатра ў 1926 годзе да сённяшняга часу), так і па асобах творцаў, што сталі героямі кнігі. Па-сутнасці, іх двое. Гэта ўжо вядомы нам рэжысёр Віталь Баркоўскі, а таксама класік айчынай літаратуры Якуб Колас, чые ідэі і вобразы (як у інтэрпрэтацыі віцебскага пастаноўшчыка, так і яго калег) разглядаюцца праз прзыму пастановак у драматычным і пластычным тэатрах, у оперы, кіно і на тэлебачанні.

Летапісец віцебскай сучаснасці і даўніны// Літаратура і мастацтва. 2011. 23 верасня. № 38. С. 13.