Дзень добры, “Белая вежа”!

Не, шаноўныя чытачы! гэты матэрыял прысвечаны зусім не рэстарану «Белая вежа». І нават не аднайменнаму тэатральнаму фестывалю ў Брэсце. У Мінску выйшаў новы літаратурны часопіс пад такой назвай. Ніжэй прапаную інтэрв’ю з яго галоўным рэдактарам Васілём Шырко. Зразумела, самае цікавае прагучала пры выключаным дыктафоне. На жаль, з абяцаннем не друкаваць пачутае. Таму маўчу:) Але ўпэўнены, што прыведзенай інфармацыі хопіць, каб мець уяўленне пра выданне.

Дзень добры, «Белая вежа»!
Выйшаў першы нумар новага літаратурна-мастацкага і грамадска-публіцыстычнага часопіса Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы “Белая вежа”. Пра перспектывы яго выдання чытачам “ЛіМа” расказвае галоўны рэдактар, пісьменнік Васіль Шырко.

– Ідэя стварэння часопіса нарадзілася неўзабаве пасля Устаноўчага з’езда гэтай арганізацыі, які прайшоў у снежні 2009 года ў Мінску. Тады ў Мікалая Іванавіча Чаргінца з’явілася думка, што ў новага Саюза пісьменнікаў павінна быць сваё літаратурнае выданне. Яго задача бачылася ў прапагандзе нацыянальнага прыгожага пісьменства ў літаратурнай аўдыторыі як нашай, так і суседняй рэспублікі, усталяванні больш трывалых сувязяў паміж народамі.

У прыватнай размове Чаргінец прапанаваў мне пасаду намесніка галоўнага рэдактара. Ды толькі ўласныя амбіцыі так далёка не заходзілі: меркаваў працаваць хіба карэспандэнтам новага выдання. Тым больш нечаканай стала прапанова ўзначаліць“Белую вежу”.

Што прапануе чытачам рэдакцыйны калектыў?
– Пакуль што рэдакцыя складаецца ўсяго з двух супрацоўнікаў: мяне і першага намесніка галоўнага рэдактара, публіцыста Ніны Чайкі. У далейшым спадзяемся пашырыць штат выдання. Улічваючы нашыя абмежаваныя магчымасці, зроблена вялікая праца.

Першы нумар адкрывае вянок вялікіх славянскіх паэтаў: Аляксандра Пушкіна, Тараса Шаўчэнка, Янкі Купалы і Якуба Коласа. Далей змешчаны прывітанні да Устаноўчага з’езда Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. Іх даслалі прэзідэнты абедзвюх краін, Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў; вышэйшыя духоўныя асобы праваслаўнай іерархіі: Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл і Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт, старшыня Дзяржаўнай думы Расіі Барыс Грызлоў, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін. Урачыстую тэматыку працягвае прывітанне з боку кіраўнікоў саюзаў пісьменнікаў абедзвюх дзяржаў: Мікалая Чаргінца і Валерыя Ганічава.

Проза прадстаўлена старонкамі з рамана Мікалая Ільінскага “Апошняя ладдзя вікінгаў”, апавяданнямі Валянціна Распуціна (“Жаночая размова”) і Алеся Савіцкага (“Лысныя яблыкі”). Паэзія – вершамі Ягора Ісаева, Генадзя Пашкова, Тамары Красновай-Гусачэнка, Таццяны Чацверыковай і Грыгорыя Сакалоўскага. Публіцыстыка –нарысамі Васіля Жывіцы пра Нобелеўскага лаурэата па фізіцы, беларуса Жарэса Алфёрава, Алеся Багуна – пра Уладыку Філарэта і маёй справаздачай пра выяздны пленум Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі, які адбыўся сёлета на Куршчыне.

Гістарычная частка часопіса змяшчае ўрывак з калектыўнай працы Аляксандра Андрэева, Сяргея Шумова, Максіма Андрэева і Віталія Пугача, прысвечанай 600-гадоваму юбілею Грунвальдскай бітвы.

Зараз убачыў свет толькі першы пілотны нумар “Белай вежы”. З якой перыядычнасцю будзе выходзіць часопіс далей? Якія ў яго перспектывы?
– Пакуль што перыядычнасць выдання будзе складаць шэсць нумароў у год. Пазней спадзяемся перайсці да штомесячнага выхаду. Ускладаем надзеі і на станоўчую дынаміку ў пытанні накладу. Пры рэгістрацыі заяўлена магчымасць павелічэння колькасці асобнікаў да 5 тысяч. Ці шмат гэта? Нават сярод расійскіх выданняў адзінкі (як “Наш современник”) дасягаюць 10 тысяч, астатнія – істотна менш. І гэта на ўсю Расію! Таму мяркую, што для Беларусі заяўленая намі лічба адлюстроўвае сённяшнія літаратурныя рэаліі. Пры пошуках аўтараў выдання будзем абапірацца на славянскіх творцаў. Зразумела, найбольшая ўвага будзе нададзена беларускім і рускім аўтараў, якіх будзем імкнуцца прадставіць парытэтна. Але безумоўна, будзем друкаваць і пісьменнікаў з іншых народаў. “Белая вежа” шукае не толькі сваіх чытачоў, але і аўтараў!

Гутарыў Дзяніс МАРЦІНОВІЧ

Дзень добры, «Белая вежа»!// Літаратура і мастацтва. 2010. 8 кастрычніка. № 40. С. 4.

Дзень добры, “Белая вежа”!: 2 комментария

  1. Не жалею, что потратил пару минут на чтение. Пишите почаще, еще непременно зайду почитать что-то новенькое.

  2. Спасибо! Как только появляются публикации, стараюсь сразу выкладывать

Комментарии запрещены.