Карані знакамітага фалькларыста і этнографа Аляксандра Сержпутоўскага (1864-1940) трэба шукаць ў глыбіні Палесся, на Случчыне. Уражанні дзяцінства, а таксама праца ў гэтым рэгіёне ў маладыя гады абумовілі яго захапленне краем на ўсё жыццё. Пройдземся паляшуцкімі дарогамі даследчыка, прасочым лёсы яго кніг.
Выпускнік Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, Сержпутоўскі дзесяцігоддзе, з 1884 да 1893 года працаваў настаўнікамі народных вучылішч у Мазырскім і Слуцкім паветах. Пазней займаўся даследаваннямі ў Мінску і Пецярбургу, але працягваў жыць інтарэсамі свайго краю. Сведчанне гэтаму сталі шматлікія працы Аляксандра Казіміравіча, прысвечаныя Палессю. Выйшлі зборнікі “Сказки и рассказы белорусов-полешуков” (1911), “Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета” (1926), “Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў” (1930). У рукапісу застаўся зборнік “Беларускія песні”, матэрыял для якога быў запісаны ў Мазырскім павеце. У 1908 годзе ім быў падрыхтаваны зборнік “Беларускія прыказкі і прымаўкі”, заснаваны на матэрыялах таго ж рэгіёна. А вось некалькі рукапісаў проста не захаваліся. Іншыя ў якасці нарысаў раскіданыя па навуковых выданнях ці перыёдыцы.
Лёс трох выдадзеных зборнікаў у нечым падобны. Першы з іх, “Сказки и рассказы белорусов-полешуков” пабачыў свет “пад шапкай” аддялення рускай мовы і “славеснасці” Імператарскай акадэміі навук праца. Прычым мела падзагаловак “Материалы к изучению белорусов и их говора”. Апублікаваныя ў ёй матэрыялы былі запісаны падчас экспедыцый па Палессю ў 1890-1907 гадах. Цікава, што нягледзячы на рускую назву матэрыялы ў зборніку былі змешчаны па-беларуску. Карыстаючыся сучаснай лексікай, гэта быў прадуманы рынкавы ход: наклад зборніка разышоўся за некалькі дзён. Аўтар быў вымушаны падарыць калегам і сябрам уласныя асобнікі і карыстаўся тым, што захоўваўся ў бібліятэцы.
“Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета” былі надрукаваныя накладам 500 асобнікаў у Ленінградзе, прычым коштам Інбелкульта. Тады ж была зроблена і мікраформа. Вынікам шматгадовай працы даследчыка стаў зборнік “Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў”, што выйшаў у Ленінградзе. Там было змешчана 2275 запісаў легенд і паданняў, прымхаў і забабонаў.
Досыць доўгі час спецыялісты былі вымушаныя карыстацца толькі гэтымі выданнямі, або абмяжоўвацца інфармацыяй змешчанай у даследваннях пра іх аўтара. У прыватнасці, у савецкія часы выйшла кніга Васіля Бандарчыка і Анатоля Фядосіка “Александр Казимирович Сержпутовский”, даследаванне “А.К. Сержпутовский”, напісаная першым з двух аўтараў. Уладзімірам Касько была абаронена кандыдыцкая дысертацыя па філалогіі, прысвечаная навуковай спадчыне этнографа. Ці не адзінай кніжнай публікацыяй матэрыялаў даследчыка асобным выданнем стала “Казкі і апавяданні беларускага Палесся”, што выйшлі ў 1965 годзе (так былі перайменаваны “Сказки и рассказы белорусов-полешуков”). Акрамя таго, на падставе выдання 1911 года ў тагачаснай Дзяржаўнай бібліятэцы БССР (зараз Нацыянальная бібліятэка Беларусі) ў 1975-м была зроблена мікраформа. Але, зразумела, такія сціплыя намаганні не маглі вырашыць праблему.
Сітуацыя кардынальна змянілася ў канцы 1990-х гадоў. Уладзімір Касько, дацэнт Інстытута журналістыкі БДУ, шматгадовы даследчык творчасці Сержпутоўскага, у 1998 годзе падрыхтаваў да перавадання кнігу “Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў”. Таксама ён распрацаваў для выдавецтва “Універсітэцкага” серыю “Повязь вякоў”. У 1999 годзе ў ёй выйшлі “Сказки и рассказы белорусов-полешуков”, а ў 2000-м – “Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павету”. Цікава, што наклад першай кнігі (3 тысячы асобнікаў) разышоўся так хутка, што ў наступным годзе выдавецтва зноў выпусціла кнігу накладам 2400. Усе выданні суправаждаліся навуковым рэдагаваннем і прадмовай Уладзіміра Іванавіча. І хоць ужыванне некаторых тэрмінаў ва ўступным слове (кшталту “рэвалюцыйныя настроі мас”, “царскае самадзяржаўе”, “класы антаганістычнага грамадства”, “самасвядомасць працоўнага люду”, “царкоўнікі” і г.д.) выклікала пэўныя пытанні, значэнне публікацыі перацаніць цяжка: адбылося вяртанне спадчыны Сержпутоўскага да чытачоў. У 2005-м той жа Казько склаў зборнік “Палескі дзівасіл: беларускія народныя прыказкі, прымаўкі, выслоўі: са скарбніцы А.К.Сержпутоўскага”. Пра папулярнасць спадчыны навукоўцы сведчыць той факт, што ў 2009 годзе выдавецтва “Вышэйшая школа” перавыдала “Прымхі і забабоны…”, а ў 2010 – “Казкі і апавяданні…”.
Спадчына Сержпутоўскага працягвае цікавіць шэраг даследчыкаў. З пачатку 1990-х гадоў выйшла кніга У.Касько “Святло далёкай зоркі”, дзе знайшлі падагульненне шматгадовыя даследаванні аўтара, артыкулы Алены Губкінай, Вікторыі Бяляевай, Кацярыны Варанько. Упэўнены, прыведзеныя прыклады з’яўляюцца лепшым сведчаннем таго, што спадчына Сержпутоўскага па-ранейшаму запатрабаваная, а святло яго далёкай зоркі працягвае асвятляць чытачам шлях да Беларусі.
Спадчына даследчыка Палесся// Літаратура і мастацтва. 2011. 2 верасня. № 35. С. 12.