Раман або асобныя фрэскі?

Працягваем разгляд твораў сучаснай беларускай літаратуры. Новым аб’ектам нашай ўвагі стаў гістарычны раман Надзеі Статкевіч “Папялішча”.


Нумар часопіса «Маладосць», дзе пачаў друкавацца твор

Раман “Папялішча” 25-гадовай Надзеі Статкевіч быў надрукаваны ў майскім — ліпеньскім нумарах “Маладосці”. Не сумняюся, не аднаго мяне здзівіла смеласць творцы ў выбары жанру, які патрабуе майстэрства і вялікага жыццёвага досведу. Таму амбіцыі і імпэт маладога аўтара, які адразу замахваецца на такую складаную форму, заслугоўваюць павагі.

Здавалася б, для гэтага ёсць пэўныя падставы, бо твор напісаны добрай мовай, а апісанні беларускіх краявідаў здольныя выклікаць захапленне прыгажосцю свайго краю. Цікавымі падаюцца асобныя эпізоды, кшталту лірычнай размовы паміж дзвюма скрыпкамі або з’яўлення прывідаў да аднаго з герояў. Упэўнены, усё вышэйадзначанае нядрэнна глядзелася б у меншых па памеры жанрах, дзе магло згладзіць пэўныя аўтарскія недахопы. Але раман, які з’яўляецца для любога творцы бегам на доўгую дыстанцыю, паказаў, што пры сваім несумненным патэнцыяле Н. Статкевіч яшчэ не ўзнялася да яго вышынь.

Галоўныя заўвагі да “Папялішча” тычацца кампазіцыі твора, выбранага тыпу рамана і характараў герояў. Перш за ўсё паспрабуем акрэсліць сюжэт. У “Папялішчы” прысутнічаюць чатыры асноўныя лініі: сяброў Феліцыяна і Якава, лёс якіх судакранаецца з Нясвіжам і асобай Караля Станіслава Радзівіла; Катажыны Нямцэвіч, якую бацька няўдала аддае замуж за Станіслава Жывіцкага; сялянскай дзяўчыны Улляны, што трапляе на службу ў палац да пана Незабытоўскага; Зулісі, што жыве ў вёсцы, але з’яўляецца вольнай. Якія паміж імі праглядаюцца сувязі? Феліцыян кахае Зулісю, якая адказвае яму ўзаемнасцю, Катажына таксама неабыякавая да Феліцыяна, а Зуліся і Улляна родам з адной вёскі. Але ў творы мы сустрэнем толькі некалькі дыялогаў паміж закаханай парай, пра ўсе астатнія сувязі чытачу проста паведамляецца. Паралельныя сюжэты ніяк не ўплываюць адзін на адзін і не развіваюць дзеянне. Тое самае можна сказаць і пра асобныя адгалінаванні “Папялішча”. Дзеля чаго бацька забірае малога Марціна Нямцэвіча з езуіцкага калегіума? Які сэнс акрамя пералічэння гістарычных падзей бачыцца ва ўвядзенні ў дзеянне шляхціца Адама Пратасевіча? На жаль, аўтар не змагла абгрунтаваць мэтазгоднасць менавіта такой пабудовы твора, таму канструкцыя выглядае штучнай.

Незразумела, які тып рамана імкнулася ўвасобіць Н. Статкевіч. Магчыма, твор пісаўся як гістарычны? Але сярод рэальных асоб паказаны толькі Пане Каханку. Грамадска-палітычныя падзеі ніяк не разглядаюцца, а мільгаюць дзесьці на другім-трэцім плане ў дыялогах герояў. Разабрацца без вышэйшай гістарычнай адукацыі ў іх паслядоўнасці і логіцы проста немагчыма.

Можа, раман з’яўляецца прыгодніцкім? Але тады дзеянне павінна развівацца дастаткова хутка і трымаць увагу чытачоў. У рэальнасці мы бачым размовы з мноствам бытавых падрабязнасцей. Ці варта пашукаць у творы псіхалагічныя моматны? Але, на жаль, індывідуальнасць герояў праглядаецца вельмі слаба. Што датычыцца маладых паноў і паненак, дык адзіным выключэннем з’яўляюцца сяброўкі Катажына і Багдана, якія паказаныя кантрасна. Першая з іх далікатная, чулая, але з цвёрдым характарам прыгажуня. Другая — больш катэгарычная і балбатлівая дзяўчына, якая “нагадвала ляльку: невысокага росту, з караценькімі пухленькімі ручкамі і круглым тварам, абсыпаны рабаціннем носік”. Але астатнія героі да такой ступені падобныя адзін да аднаго, што адрозніць іх немагчыма. Амаль кожная рэпліка пэўнага героя можа быць лёгка перададзена іншай асобе. Бадай, тое ж можна сказаць і пра сялян. Часам складвалася ўражанне, што ў кожнай хаце знаходзіўся слоўнік фразеалагізмаў, прыказак і прымавак, таму мова вяскоўцаў на дзіва падобная.

Прыведзеныя характарыстыкі твору даюць падставу разглядаць “Папялішча” не як раман, а толькі як фрэскі, мініяцюры з жыцця ХVIII стагоддзя. Вельмі не хацелася б, каб чытачы ўспрымалі дадзеную рэцэнзію выключна як бязлітасную катэгарычную крытыку. Літаратурныя здольнасці ў Н. Статкевіч сапраўды ёсць. Але раман патрабуе сур’ёзнай перапрацоўкі. Спадзяюся, гэта разумее і сам аўтар.

Раман або асобныя фрэскі?// Літаратура і мастацтва. 2011. 9 верасня. № 36. С. 7.

Раман або асобныя фрэскі?: 5 комментариев

  1. не магу апошнім часам чытаць гістарычныя творы ўвогуле. Ці забабоны наконт пераапрацоўкі гісторыі паўплывалі, ці аўтары сучасныя не такія мастакі. Вось Караткевічу — веру, што так і было, Арлову таксама, а сучаснікі — не тое і ўсе…
    Чытаю фантастыку — тут усе проста: «легкость слога и полет фантазии» — і поспех чакае аўтара відавочна.

  2. Абсалютна згодзен! Апошнія гістарычныя творы мяне таксама абсалютна не ўражваюць.

    Што датычыцца Статкевіч, дык яна проста не выцягнула такі складаны жанр. А вось чаму іншыя пішуць слабавата, нават не ведаю.

    Адзінае выключэнне, аповесць Андрэя Федарэнкі «Нічые», прысвечаная Слуцкаму паўстанню 1920 года. Твор напісаны ў 2000-м. У 2009 выйшаў у кнізе (Федарэнка Андрэй. Нічые: аповесці, раман. Мінск : Маст.літ., 2009).

    На маю думку, гэта класіка беларускай літаратуры, якую потым будзе вывучацца ў школе. Праўда, не факт, што праз гады там наогул будуць нешта чытаць:))

  3. Добры дзень!
    Дзякуй Вам за справядлівую крытыку, толькі вось узрост мой не патрэбна было ўказваць))) Пісала яго ў гады студэнцтва: пачала на першым курсе, а ўжо апошнія радкі дапісвала на чацвертым, пасля тры гады твор ляжаў у “Маладосці”.
    Старалася, каб наблізіць простага чытача да гісторыі, перадаць каларыт гэтага перыяду, але не думала, што вердыктам будзе тое, што раман (падавала як аповесць, але ў рэдакцыі назвалі раманам) будзе зразумелым толькі людзям з гістарычнай адукацыяй. Дарэчы, род Офенбергаў (асабліва тое, тыя звесткі, што пададзены ва ўступе) — гэта не выдумка. Пра іх пісаў Віктар Хурсік, чый артыкул мяне і падштурхнуў. Іншыя вобразы былі ўведзены з мэтай “прабудзіць” любоў да гісторыі. Кожны факт, выказванне на гістарычную тэму, узгадка мімаходам нейкіх падзей, апісанне паўсядзённасці і тлумачэнне дэталяў выкарыстаныя наўмысна з мэтай зацікавіць і захапіць тым, што так доўга збірала на старонках кніжак і хацела, каб ведалі і ганарыліся беларусы (дзеля гэтага і бацька забірае малога Марціна Нямцэвіча з езуіцкага калегіума, а таксама ўводзіцца ў дзеянне шляхціч Адам Пратасевіч). Магчыма, ідучы гэтым шляхам, не заўважыла, што замест рамана атрымаліся, як Вы гаворыце, фрэскі… Але, можа і яны не проста так скануць у лету, спадзяюся, гэта спроба не будзе марнай.
    Слоўнік з прыказкамі ў кожнай сялянскай хаце… А хто як не сяляне іх захавалі для нас! Адкуль Вы ведаеце, што яны іх выкарыстоўвалі меньш, чым гэта сустракаецца ў “Папялішчы”)))? Так, я можа і перабольшыла з іх ужываннем, аднак так хацелася, каб яны ажылі на вуснах герояў! І ніяк не думала, што яны падобныя паміж сабой, з гэтым прыйдзецца папрацаваць. Відаць, я не паказала нечага, чым для мяне кожны па свойму асаблівыя.
    Але, нягледзячы на ўсе гэтыя мае апраўданні, твор у будучым сапраўды будзе дапрацаваны. Вельмі ўдзячна Вам за гэты артыкул. Гэта мне дапаможа ў далейшым. Спадзяюся, у хуткім часе гэтак жа “бязлітасна” будзеце крытакаваць і маю аповесць. Напішыце, калі ласка, на мой мэйл.
    З павагай, Надзея Статкевіч

  4. Добра, абмеркаванне пераходзіць у прыватны фармат:))
    Адзінае напішу тут, каб у чытачоў не складвалася памылковага ўражання. Я пісаў менавіта пра ўспрыманне грамадска-палітычных падзей, якое немагчыма без гістарычнай адукацыі. А не ўсяго «Папялішча».

Комментарии запрещены.