З’явіліся ўспаміны экс-дэкана гістфака БДУ

Прадстаўляю чытачам дзве новыя кнігі: выданне паэта і перакладчыка Станіслава Судніка «Літва. Гістарычныя паэмы, балады, пераклады», а таксама ўспаміны гісторыка Іраіды Царук «От родного порога».


Станіслаў Суднік. Партрэт з сайта www.pawet.net

Вяртанне да Літвы
“Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое: // Не цэнім, маючы, а страцім залатое –. // Шкада, як і красы твае, мой родны краю. // Тугою па табе тут вобраз твой ствараю!”. Менавіта з гэтых радкоў пачыналася славутая паэма Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, створаная, як вядома, ураджэнцам Навагрудчыны. Аўтар называў бацькоўскі край “Літвой”, бо менавіта гэта назва раней ужывалася ў дачыненні да тэрыторый нашай Радзімы. Таму “ліцвінскі перыяд” стаў сапраўднай эпохай у гісторыі Беларусі.

Ці магчыма ахапіць яго у адной кнізе? Асабліва, калі гэта не падручнік па гісторыі Беларусі? Паэт, перакладчык і журналіст Станіслаў Суднік, які з’яўляецца старшынёй Лідскай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, рэдактарам газеты “Наша слова” і часопіса “Лідскі летапісец”, адказвае на такое пытанне станоўча. Лепшым аргументам у яго спрэчцы са скептыкам з’яўляецца кніга “Літва. Гістарычныя паэмы, балады, пераклады”, што сёлета выйшла ў Лідзе. Частка твораў, уключаных у кнігу, ужо друкавалася ў кнігах або перыёдыцы. Але шэраг зробленыя С.Суднікам адмыслова для разглядаемага выдання. Чытачы пазнаёмяцца з паэмамі аўтара “Літва”, “Рацібор”, “Давыд Гарадзенскі”, перакладамі з Яна Чачота, Міхаіла Лермантава, Юліюша Славацкага…

“У кнізе хапае ўсяго: і гістарычных падзей і выдуманых, і рэальных гістарычных асобаў, і легендарных, і проста літаратурных вобразаў, – піша у прадмове С.Суднік. – А ўсё разам – гэта кніга пра Літву, пра нашу з вамі Літву, якая засталася там, “дзе Рым і Арда Залатая”, але якую мы ў генах сваіх данеслі да нашага часу, і якую дзеці і ўнукі нашыя панясуць далей”.

Зварот да Літвы (пад псеўданімам Даніла Арцімовіч)// Літаратура і мастацтва. 2011. 11 лістапада. № 45. C. 7.

З кнігай «Літва» можна пазнаёміцца тут.
……………………………………………………

Узгадвае экс-дэкан гістфака…
90-годдзе з часу ўтварэння Беларускага дзяржаўнага універсітэта, якое ўрачыста адзначалася сёлета, успрымаецца не толькі як пэўная прамежкавая дата, але і як магчымасць азірнуцца ў мінулае старэйшага ўніверсітэта краіны. Адным са сведчанняў яго гісторыі стала кніга ўспамінаў Іраіды Царук «От родного порога», што выйшла сёлета ў выдавецтве БДУ.


Іраіда Царук

Яе аўтара без перабольшвання можна назваць легендарнай асобай. Сястра Сяргея Прытыцкага, доктар гістарычных навук, прафесар, заслужаны работнік вышэйшай школы БССР. Больш за 60 гадоў жыцця Іраіды Осіпаўны было звязана з БДУ, дзе яна выкладала, загадвала кафедрай гісторыі БССР, на працягу 13 гадоў, з 1973 да 1986-га з’яўлялася дэканам гістарычнага факультэта. Пад яе кіраўніцтвам 30 аспірантаў абаранілі кандыдацкія дысертацыі.

З чым пазнаёміць чытачоў кніга “Ад роднага парога”? Галоўнымі ў ёй з’яўляюцца дзве лініі, асабістая, сямейная і грамадская, якія, аднак цесна пераплецены. Аўтар падрабязна расказвае пра гісторыю сваёй сям’і, іх бежанства, выкліканае першай сусветнай вайной, вяртанне ў Заходнюю Беларусь, акалічнасці, якія прывялі Сяргея і яго брата Аляксандра ў рэвалюцыйных рух, абставіны знакамітага стрэлу С.Прытыцкага ў правакатара і змаганне за яго вызваленне. Належнае месца, зразумела, адведзена і лёсу самога аўтара. Дзяцінства, вайна, дзіцячы дом у эвакуацыі, а пасля вучоба ў рамесным і педагагічным вучылішчах. А потым лёс звёў Іраіду Осіпаўну з БДУ.

Мяркую, што кожны чытач знойдзе ў кнізе нешта сваё. Напрыклад, выпускнікам гістфака і сённяшнім студэнтам будзе надзвычай цікава перанесціся ў пасляваенны Мінск, даведацца, у якіх ўмовах жылі і вучыліся іх папярэднікі. Хтосьці зацікавіцца ўмовамі паўсядзённага жыцця ў Заходняй Беларусі. Іншыя – падрабязнасцямі пасляваеннай палітычнай біяграфіі Сяргея Прытыцкага.

“Ад роднага парога” – унікальная кніга, – піша ва ўступленні рэдактар выдання, сённяшні дэкан гістарычнага факультэта БДУ Сяргей Ходзін. – Гэта пранікнёны аповед пра лёсы людзей, гатовых да самаахвяравання, яркая панарама іх жыцця”.

Узгадвае экс-дэкан гістфака…// Літаратура і мастацтва. 2011. 25 лістапада. № 47. С. 9.