Як ствараліся першыя нацыянальныя падручнікі?

Распад Савецкага Саюза і ўзнікненне ў 1991 годзе незалежнай беларускай дзяржавы паставілі пытанне аб стварэнні ўласных, беларускіх падручнікаў па ўсіх прадметах школьнага навучання. Ля вытокаў стварэння выданняў па рускай літаратуры стаяла Тамара Фёдараўна Мушынская. Педагог, літаратуразнаўца, метадыст (а яшчэ, па шчаслівым супадзенні, мая бабуля).
Сёння ёй спаўняецца 77 гадоў. Публікацыя на блогу гэтых нататак, якія заснаваныя на яе расповедзе, з’яўляецца маім сціплым віншаваннем, і адначасова знаёміць чытачоў з амаль невядомай старонкай гісторыі беларускай адукацыі.


Тамара Мушынская са сваімі падручнікамі.

Распрацоўка канцэпцыі
1989 год. Ва Усходняй Еўропе пачынаюцца «аксамітныя» рэвалюцыі. У СССР праходзяць першыя адносна свабодныя выбары дэлегатаў на з’езд народных дэпутатаў. Два мільёны чалавек у Літоўскай, Латвійскай і Эстонскай ССР становяцца за рукі ўздоўж дарогі Вільнюс – Талін, патрабуючы незалежнасці для сваіх рэспублік. У Беларусі праходзяць першыя масавыя мітынгі (“у падтрымку перабудовы”), утвараюцца палітычныя партыі.

Вецер змен лунае над Савецкім Саюзам. У такіх умовах два навукоўцы, Васіль Уладзіміравіч Івашын і Міхаіл Арсеньевіч Лазарук, выступаюць ініцыятарамі стварэння ў Беларусі ўласнай Канцэпцыі літаратурнай адукацыі. Асобы паважаныя: франтавікі, дактары філалагічных навук, прафесары, акадэмікі Акадэміі педадагічных навук СССР. Абодва пазней стануць акадэмікамі НАН Беларусі. Бясспрэчны іх прафесійны досвед: Івашын у 1967-1978 гадах з’яўляўся дырэктарам Навукова-даследчага інстытута педагогікі Міністэрства адукацыі БССР. Лазарук змяніў яго на гэтай пасадзе і знаходзіўся на ёй да 1990 года (пасля перайшоў на пасаду загадчыка лабараторыі літаратурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі).

Чым была выклікана такая ініцыятыва? Нагадаю, што ў савецкія часы амаль усе школьныя падручнікі (можа, акрамя “Гісторыі БССР” і “Беларускай літаратуры”) пісаліся ў Маскве і цэнтралізавана «спускаліся» ва ўсе саюзныя і аўтаномныя рэспублікі. А таму яны абсалютна не ўлічвалі нацыянальных асаблівасцяў кожнай краіны. Што датычыцца літаратуры, дык у аснову курсаў была пакладзена не столькі мастацкая вартасць твораў, колькі савецкая ідэалогія. Менавіта таму вучні былі вымушаны вывучаць “Как закалялась сталь”, Мікалая Астроўскага і “Повесть о настоящем человеке” Барыса Палявога, разбіраць раман Аляксандра Фадзеева «Разгром», чытаць толькі тыя творы Горкага, якія адпавядалі сацыялістычным устаноўкам.

Для распрацоўкі аднаго з раздзелаў Канцэпцыі, што быў прысвечаны перападрыхтоўцы настаўнікаў і метадычнаму забеспячэнню гэтага працэсу, Лазарук запрасіў Тамару Фёдараўну. Чым можна патлумачыць такі давер? Для адказу на пытанне дазволю крыху адысці ў бок і пазнаёміць чытачоў з яе біяграфіяй.

Радкі біяграфіі
Тамара Фёдараўна Кляноўская (Мушынская – яе прозвішча па мужу) нарадзілася ў 1934 годзе ў Мінску. Яе бацька, Фёдар Фёдаравіч, працаваў сталяром. Маці, Марыя Іванаўна, была хатняй гаспадыняй і швачкай. Мая бабуля была старэйшай сястрой у сям’і. Праз тры гады нарадзілася малодшая, Таіса, якая ў будучым стала архітэктарам.

У 1952 годзе Тамара Фёдараўна скончыла школу з срэбраным медалём і паступіла на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. Неўзабаве пачалася хрушчоўская “адліга”, узніклі надзеі на рэфармавання савецкага грамадства пасля доўгай сталінскай зімы. Сярод яе аднакурснікаў — паэт Міхась Шушкевіч (найбольш вядомым вершам якога стаў “Ты мне вясной прыснілася”). Адначасова на аддзяленні журналістыкі філфака вучыліся Іван Чыгрынаў і Іван Пташнікаў. На два курсы раней — Ніл Гілевіч, на два курсы пазней – Рыгор Барадулін.

У 1957 годзе бабуля ўзяла шлюб з Міхасём Мушынскім, старэйшым яе на тры гады. У тым жа годзе закончыла філфак і на працягу больш з трох дзесяцігоддзяў працавала выкладчыцай рускай мовы і літаратуры, а потым і беларускай літаратуры ў мінскіх школах № 7 (1958-63), № 78 (1964-66), № 93 (цяпер гімназія № 9; 1966-79 і 89-91) і № 73 (1979-89).

Навуковы патэнцыял у бабулі прысутнічаў заўсёды. І хто ведае, якіх вышынь яна магла б дасягнуць, калі б пасля заканчэння універсітэта вырашыла дасягнуць прызнання ў гэтай сферы. Але шлюб, выхаванне дзяцей, праца, побыт, стварэнне для сваіх сямейнікаў умоў для сапраўднай творчасці – карацей кажучы, сукупнасць усіх фактараў, што патрабавалі штодзённых высілкаў, прывялі да таго, што займацца навукай проста не хапала часу.

На пачатку 1980-х гадоў бабуля зрабіла некачаны для сваіх сваякоў крок і ў якасці суіскальніцы кафедры педагогікі Педінстытута (цяпер Педагагічны універсітэт імя Максіма Танка) пачала працу над кандыдацкай дысертацыяй, заснаванай пераважна на ўласным настаўніцкім досведзе. Тэма вызначалася як “Формирование личностного отношения старшеклассников к художественному произведению как средство обогащения их идейно-нравственного опыта”. Прычым напісанне адбывалася паралельна з педагагічнай працай. Паспяховая абарона прайшла ў 1986-м. Праца атрымала высокія водгукі. Прагучала нават меркаванне, што дысертацыя па ўзроўню адпавядае доктарскай. Пазней на аснове дысертацыі была напісана манаграфія «Художественная литература и самореализация личности».

Ведаючы пра ўзровень дысертацыі, а таксама ўлічваючы той факт, што ў 1981-1983 гг. Тамара Фёдараўна з’яўлялася загадчыцай кабінетам рускай мовы і літаратуры Мінскага гарадскога інстытута ўдасканальвання настаўнікаў, М.Лазарук запрасіў яе для дзелу у стварэнні Канцэпцыі адукацыі.

Стварэнне праграмы і падручнікаў
У 1991 годзе Канцэпцыя літаратурнай адукацыі, якая ахоплівала пачатковую, сярэднюю і вышэйшую школу, была апублікавана на старонках “Настаўніцкай газеты”. Над ёй, акрамя вышэй узгаданых акадэмікаў, працавалі знакаміты літаратуразнаўца, дырэктар Інстытута літаратуры АН Беларусі, акадэмік Віктар Антонавіч Каваленка, прафесары Ірына Вікенцьеўна Шаблоўская, Аляксей Уладзіміравіч Рагуля і іншыя.

У аснову канцэпцыі была пакладзена наступная ідэя: літаратура павінна выкладацца як від мастацтва, а не як сродак прапаганды. Таму адбор твораў у праграму і навучальныя курсы павінен ажыццяўляцца па прыкметах сапраўднага мастацтва.

Пасля публікацыі Тамары Фёдараўне, а таксама Святлане Мікалаеўне Каратай і Яўгеніі Васільеўне Перавознай даручылі распрацоўку першай нацыянальнай праграмы па рускай літаратуры для 5 – 11 класаў. На працягу бліжэйшага дзесяцігоддзя яны стануць бліжэйшымі паплечнікамі. Таму сцісла скажам і пра іх.

Святлана Каратай выкладала ў школе, абараніла кандыдацкую дысертацыю ў Інстытуце Акадэміі педагагічных навук СССР Маскве. У Мінску працавала ў Інстытуце адукацыі і чытала курс дзіцячай літаратуры ў Педагагічным універсітэце. Менавіта яе погляды былі пакладзены ў аснову канцэпцыі, закладзенай у падручнік для 5 класа.

Яўгенія Перавозная таксама шмат гадоў выкладала рускую літаратуру ў школе, пасля абараніла кандыдацкую дысертацыю, чытала лекцыі па методыцы выкладання літаратуры на філфаку педуніверсітэта, падрыхтавала некалькі аспірантаў, якія паспяхова абараніліся.

Першая нацыянальная праграма па рускай літаратуры была апублікавана ў 1993 годзе. Згодна распрацоўкам, падручнікі для 5 – 8 класа павінны былі стаць падручнікамі-хрэстаматыямі. Меркавалася наступная структура: мастацкія тэксты пісьменнікаў, сціслая інфармацыя пра іх, метадычны апарат, які з’яўляўся фактычна асновай працы настаўніка па кожнаму твору. Ён уключаў у сябе сістэму пытанняў для аналізу, абагульняльныя пытанні і асновы тэорыі літаратуры.

А вось падручнікі для 9 – 11 класа не прадугледжвалі ўключэнне мастацкіх тэкстаў. Яны павінны былі змяшчаць агляд творчага шляху пісьменнікаў з падрабязным разборам твораў.

У 1992-м, за год да публікацыі праграмы, пачалася праца над стварэннем новых падручнікаў па рускай літаратуры. Трэба адзначыць, што яна ажыццяўлялася пры дапамозе і спрыянні Міністэрства адукацыі, якое ў 1994-2001 гадах узначальваў Васіль Стражаў (у будучым рэктар БДУ, цяпер – дырэктар Інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя).

Калі даверыцца сухой храналогіі, графік выхаду кніг, напісаных С.Каратай, Т.Мушынскай і Я.Перавознай, выглядае наступным чынам: у 1995 годзе выйшаў падручніку для пятага класа, у 1996-м – шостага, у 1998-м – восьмага (падручнік для 7 класа, што выйшаў у 1997-м, ствараўся Людмілай Канстанцінаўнай Пятроўскай). Пазней Тамара Фёдараўна напісала раздзел пра Л.Талстога ў падручнік для 10 класа, некалькі манаграфічных тэм у падручніку для 11 класа. Такім чынам, дзеці, што пайшлі ў першы клас у незалежнай Беларусі, кожны год атрымлівалі новыя кнігі.

Пераход на 12-годку, што так і не адбыўся
Найвышэйшым дасягненнем навукова-педагагічнай дзейнасці Тамары Фёдараўны стала распрацоўка праграм для 12-гадовай школы. Рашэнне аб пераходзе было прынята ў 1998-м. Тады ж пачаўся эксперымент, у якім прынялі ўдзел каля 5 тысяч вучняў і 300 настаўнікаў. Паколькі ён прайшоў паспяхова, у 2006-м рэформа была заканадаўча замацавана праз прыняцце Закона «Аб агульнай сярэдняй адукацыі», што юрыдычна рэгламентаваў 12-гадовы тэрмін навучання.

У той час Тамара Фёдараўна знаходзілася, бадай што ў самым цэнтры падзей, што былі звязаны з сярэдняй школай: у 2004-2007 гадах з’яўлялася загадчыцай лабараторыі тэорыі і методыкі навучання мовам і літаратуры. У прыватнасці, удзельнічала ў фарміраванні аўтарскіх калектываў па напісанні падручнікаў.

Што прадугледжвала рэформа ў галіне выкладання літаратуры? Акрамя павелічэнне тэрміну вучобы і магчымасці больш падрабязна вывучаць у рамках курсаў пэўныя тэмы, прадугледжвалася, што ў старэйшых класах вывучэнне прадметаў будзе адбывацца на трох узроўнях: базавым, павышаным і паглыбленым. Базавы ўзровень з’яўляўся стандартным для ўсіх навучэнцаў. Павышаны распрацоўваўся для ўсіх жадаючых. Паглыблены – для тых, хто збіраўся выбраць прафесію ў гуманітарнай сферы. Прычым у старэйшых класах планавалася прадставіць курсу рускай літаратуры належную колькасць гадзін. Па трох узроўнях, адпаведна 3; 3,5 – 4; 4,5 – 5 гадзін у тыдзень. Гэта абумоўлівала высокі ўзровень падрыхтоўкі і адначасова адмоўна не адбівалася на здароўі падлеткаў, а таксама давала магчымасць школьнікам самім выбіраць, у якім памеры патрэбны ім кожны прадмет.

Адзначу, што распрацоўкі для 12-гадовай школы, створаныя Тамарай Фёдараўнай і яе калегамі, з’яўляліся аўтарскімі, арыгінальнымі. Адначасова яны з’яўляліся часткай сістэмных пераўтварэнняў, якія тады адбываліся ў адукацыі. Нагадаю, што акрамя 12-гадовай сярэдняй школы планавалася перайсці на сістэму 4+2 у дачыненні да універсітэтаў (4 — колькасць гадоў навучання ў бакалаўрыяце, 2 – у магістратуры). Праграмы 12-гадовай школы былі моцна звязаны з бакалаўрыятам. Фактычна гаворка ішла пра далучэнне сістэмы адукацыі Беларусі да агульнаеўрапейскіх працэсаў.

У 2007 годзе Тамара Фёдараўна не стала працягваць кантракт і сышла з Нацыянальнага інстытута адукацыі. Вядома, турбавала здароўе. Але былі і іншыя прычыны. А ў 2008 годзе ў сферы адукацыі адбыўся рашучы паварот да ранейшых, дарэформенных пазіцый. Уся спецыялізацыя была адменена. Нягледзячы на тое, што тады па праграмах 12-гадовай школы займалася каля 88% вучняў (усе вучні 1 – 10 класаў і 20% адзінаццацікласнікаў), а такі тэрмін навучання быў укаранёны ў 169 краінах свету (80%), школа вярнулася да стандарту. Падручнік для 11 класа па рускай літаратуры для паглыбленага ўзроўню, дзе Тамара Фёдараўна напісала раздел пра драматурга Аляксандра Астроўскага, яшчэ паспеў выйсці з друкарні. Падручнік для 12 класа паглыбленага ўзроўню так і застаўся ў рукапісу.

Значэнне зробленага
У чым значэнне адкрыцця, здзейсненага Тамарай Мушынскай і яе суаўтарамі? Калі кіравацца сухімі фактамі, на рахунку калектыву 11 праграм па рускай літаратуры, 16 падручнікаў, 10 метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў і 4 хрэстаматыі для V—XI класаў сярэдняй школы.

Але галоўнае, што С.Каратай, Т.Мушынская і Я.Перавозная даказалі: чытанне мастацкіх твораў і належная праца над імі пры дапамозе настаўніка развіваюць школьніка як асобу, спрыяюць росту яго творчага патэнцыялу і дапамагаюць рэалізавацца ў жыцці. Прычым метадычныя распрацоўкі, прадстаўленыя ў падручніках, засноўваліся на ўласным педагагічным вопыце і вывучэнні навейшай літаратуразнаўчай літаратуры.

Ці не выглядаюць прыведзеныя вышэй факты толькі высокімі пафаснымі словамі? Вось некалькі доказаў. Па-першае, падручнікі сустрэлі амаль адзінадушнае захапленне настаўнікаў: такія ацэнкі неаднаразова гучалі на курсах павышэння кваліфікацыі як у Мінску, так і ў абласных цэнтрах, у беларускім і расійскім друку. Па-другое, у 1999 годзе калектыў аўтараў быў адзначаны прэміямі на Рэспубліканскім конкурсе на лепшы падручнік для сярэдняй школы.

Трэці аргумент прывяду спецыяльна для тых, хто лічыць: пакуль беларусаў не прызнаюць за мяжой, яны мала чаго вартыя. У 1990-я гады артыкулы Тамары Фёдараўны неаднаразова друкаваліся ў самым прэстыжным расійскім метадычным часопісе “Литература в школе”, у метадычным дапаможніку для настаўнікаў 11 класа расійскай 11-гадовай школы, што выходзіла ў выдавецтве «Просвещение» штогод з 2001-га па 2004-ы. Больш за тое, у кулуарах прызнавалася, што беларускія падручнікі па рускай літаратуры істотна пераўзыходзяць уласнарасійскія! Трэба ведаць маскоўскую навуковую эліту, каб зразумець значнасць такой высновы.

Якая цяпер сітуацыя з выкладаннем курса рускай літаратуры ў сярэдняй школе? З аднаго боку, беларускія школьнікі працягваюць навучацца па падручніках С.Каратай, Т.Мушынскай і Я.Перавознай. Альтэрнатывы іх праграмам і распрацоўкам няма, і, думаю, у бліжэйшы час не будзе. Дарэчы, у перавыданні Праграм па рускай літаратуры прозвішчы аўтараў па незразумелай прычыне знятыя, хоць змест і структура цалкам паўтараюць ранейшыя аўтарскія праграмы калектыву.

З другога боку, становіцца шкада ад таго, што толькі частка з задуманага рэалізуецца на практыцы. А яшчэ ад таго, у якіх умовах адбываецца тая рэалізацыя. Справа ў тым, што вяртанне да 11-годкі суправаджалася рэзкім скарачэннем гадзін на вывучэнне літаратуры, і гэта адна з прычын таго, што перастаюць чытаць вывучаемыя творы.

Апошнім часам узнікаюць невялікія надзеі на вяртанне да здабыткаў 12-гадовай курсу. У прыватнасці, Міністэрства адукацыі моцна занепакоілася станам ведання замежнай мовы. Неўзабаве гэты прадмет будзе здавацца выпускнікамі школы ў якасці экзамена. У пачатку 2010 года з вуснаў тагачаснага міністра адукацыі Аляксандра Радзькова прагучала інфармацыя пра магчымасць далучэння Беларусі да Балонскага працэсу. Але пра далейшыя крокі ў развіцці гэтай ініцыятыве так нічога і невядома. Сітуацыя ў сферы выкладання літаратуры застаецца ранейшай.

Колькі слоў напрыканцы
Бадай, ніводныя нататкі не могуць змясціць усё, што жадаеш сказаць пра роднага табе па духу чалавека. Мне хацелася б яшчэ шмат чаго распевесці пра бабулю. Пра яе дабрыню і спагадлівасць. Пра высокі мастацкі густ, які прывіваўся нам у дзяцінства. Пра яе бязмежныя здольнасці: калі ёй ужо было за 60, яна хадзіла на курсы па англійскай мове, навучылася карыстацца камп’ютарам і інтэрнэтам, сканерам і скайпам.

У складаныя 1990-я гады Тамара Фёдараўна здолела адаптавацца ў рынкавай прасторы. Рэдка хто можа пахваліцца тым, што яго выданні ёсць ледзь не ў кожнай беларускай сям’і. Бо яе кнігі выходзілі 190-тысячнымі накладамі.

З днём народзінаў, бабуля! Здароўя і доўгіх гадоў жыцця! Упэўнены, твае падручнікі і праграмы заўсёды будуць патрэбныя Беларусі.

Як ствараліся першыя нацыянальныя падручнікі?: 5 комментариев

  1. Люди проснитесь 21 век, а вы всё про учебники!!! Сейчас это уже никому не нужно!!! Сейчас уже школы компьютерные сделали так что в ближайшем будущем книг и учебников вообще не останется!!!

  2. Если честно, то я тоже не совсем понял смысл первого комментария. Ну, будут компьютерные школы. Так и учебники появятся в электронном виде. И всё равно кому-нибудь придется их написать:))

  3. Уважаемый Денис!
    Ваша статья вернула меня в школьные годы. Именно в СШ#93 я имел честь встретить Вашу бабушку и моего учителя по русскому языку и литературе — Тамару Федоровну. Прекрасный педагог, прекрасный человек. Ей я обязан знанию языка, которое находится внутри, на уровне чувств, и умению четко и структурированно излагать свои мысли, что для инженера-строителя также немаловажно :)
    Горд тем, что меня обучала госп. Мушинская. Преподавателей такого высокого уровня в моей жизни было всего несколько, биография Тамары Федоровны и ее достижения — тому подтверждение.
    Передайте ей поздравления с Днем рождения, долгих лет жизни и здоровья, здоровья, здоровья! И большая благодарность за ее труд — от всей души! Рад был увидеть ее фото. Вы прекрасно выглядите, Тамара Федоровна. Спасибо Вам!

  4. Спасибо большое!
    Обязательно передам. Уверен, Тамаре Фёдоровне будет очень приятно!

Комментарии запрещены.