У апошнія гады ў сталіцы і малых гарадах Беларусі ўсё больш з’яўляецца помнікаў, паркавай і гарадской скульптуры, якія арганічна ўпісваюцца ў архітэктурна-ландшафтнае асяроддзе, дапамагаюць пераадолець безаблічнасць гарадской прасторы. Розныя па тэматыцы і стылістыцы скульптуры, выкананыя як знакамітымі майстрамі, так і маладымі мастакамі, прыўносяць у будзённасць і хуткаплыннасць сучаснага жыцця запамінальныя акцэнты і сустрэчы з сапраўдным мастацтвам.
Вокладка альбома “Сучасная беларуская скульптура. XXI стагоддзе”
Новае выданне, якое ў хуткім часе ўбачыць свет ў выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, — фотаальбом “Сучасная беларуская скульптура. XXI стагоддзе”, — пазнаёміць чытачоў з новымі творамі вядомых скульптараў, прэзентуе новые імёны, пакажа разнастацнасць і разнаплынаваць сучаснага айчыннага мастацтва, перапляценне традыцый і наватарства, з’яўленне новых тэм і форм.
Дарэчы, гэта другі альбома з серыі “Сучаснае беларускае мастацтва”. Першым быў альбом “Сучасны беларускі жывапіс. ХХІ стагоддзе”, што выйшаў у мінулым годзе і сабраў прыхільныя водгукі. У прыватнасці, сёлета ён атрымаў дыплом намінанта прэміі “ART-кніга” на Восьмым міжнародным конкурсе дзяржаў-удзельніц СНД “Мастацтва кнігі”. Зразумела, адзначае аўтар-складальнік Кацярына Аксёнава, прысутнічала і крытыка выдання. У любым выпадку, такая рэакцыя стала сведчаннем таго, што альбом не пакінуў нікога абыякавым. А значыцца, стымулявала далейшую працу.
У “Сучаснай беларускай скульптуры. ХХІ стагоддзе” прадстаўлены каля 100 мастакоў розных пакаленняў, якія працуюць у манументальнай, станковай, мемарыяльнай і паркавай пластыцы. Іх адбор ажыццяўляўся гэткім жа чынам, што і пры падрыхтоўцы папярэдняга выдання. Спярша кандыдатуры прапаноўваліся на ўзроўні секцыі скульптараў, што дзейнічае ў складзе Саюза беларускіх мастакоў. А потым адбіраліся сумесна з супрацоўнікамі выдавецтва. Прычым кожны скульптар выступіў у якасці крытыка ўласных мастацкіх здабыткаў, паколькі мог адабраць для альбома творы па ўласным гусце.
Альбом суправаждаецца ўступным артыкулам, напісаным Наталляй Шаранговіч, мастацтвазнаўцам, дырэктарам Беларускага музея сучаснага выяўленчага мастацтва. Далей у выданні прадстаўлены біяграфіі і творы скульптараў. Гэта Анатоль Арцімовіч і Генадзь Буралкін, Мікалай Байрачны і Сяргей Бандарэнка, Святлана Гарбунова і Аляксандр Дранец, Леў і Сяргей Гумілеўскія, Іван Міско і Канстанцін Селіханаў, Уладзімір Слабодчыкаў і Аляксандр Фінскі, Аляксандр Шатэрнік і Валер’ян Янушкевіч і шэраг іншых творцаў. Асобны раздзел складаюць помнікі, з якімі звязаныя народныя прыкметы. Напрыклад, калі дакрануцца да ланцужка на шыі бабра, героя аднайменнай кампазіцыі (скульптар Уладзімір Гаўрыленка), пашанцуе ў азартных гульнях. Скульптура “Ліхтаршчык”, створаная Аляксандрам Чумаковым у Брэсце, стала месцам рамантычных сустрэч закаханых. А полацкая літара “Ў” (скульптар Аляксандр Фінскі) проста з’яўляецца нагадваннем пра адметнасць беларускай мовы.
Скульптура «Ліхтаршчык». Фота з альбома “Сучасная беларуская скульптура. XXI стагоддзе”.
Тэкст, аўтарам якога, нагадаю, выступіла К.Аксёнава, прадстаўлены адразу на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Арыгінальнай “разынкай” кнігі сталі ўключэнне у зветскі пра творцаў іх персанальных сайтаў і адрасоў электроннай пошты. Цяпер патэнцыйны глядач, пакупнік, а можа нават і мецэнат зможа лёгка звязацца з героем альбома.
Прэзентацыяй выдання “Сучаснай беларускай скульптуры. ХХІ стагоддзе”, якая запланавана на верасень 2011 года, серыі не заканчваецца. Наадварот, яно набывае новы імпульс. У бліжэйшых планах “Беларускай энцыклапедыі імя Пятруся Броўкі” – выданне чарговага альбома, якое мае рабочую назву “Сучаснае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. ХХІ стагоддзе”, дзе будуць прадстаўлены кераміка, вырабы з шкла, габелены… У далейшым плануецца распрацоўка асобны кніг, прысвечаных графіцы, плакату, манументальнаму мастацтву.
Што вернемся да “Сучаснай беларускай скульптуры”. У чым бачыцца значэнне гэтага альбома? Пагадзімся з яго стваральнікамі: на прыкладзе прац амаль 100 творцаў “паказана багацце сучаснай беларускай скульптуры, яе стылёвая разнастайнасць, шматпланавасць плыстычнай мовы і імкненне да новай вобразнай выразнасці”.
“Але ці не стануць асобныя дэталі зразумелыя толькі спецыялісты?” – спытае скептык. Як раз наадварот: альбом створаны не толькі для іх, але і для таго, каб задаволіць мастацкія патрэбы шэраговых аматараў скульптуры. Таму ўпэўнены, што “Сучасная беларуская скульптура. ХХІ стагоддзе” годна прадставіць беларускае мастацтва ў нашай рэспубліцы і за межамі краіны і стане крыніца натхнення, уяўлення і ўзнёслага настрою сваіх чытачоў.
Ад Арцімовіча да Янушкевіча// Літаратура і мастацтва. 2011. 26 жніўня. № 34. С. 16.