Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўвае ў сваіх фондах нямала скарбаў мінулага. З дапамогай Алены Цітавец, загадчыка сектара кнігазнаўства гэтага аддзела, мы пазнаёмімся з адным з найбольш таямнічых з іх: напісанымі на старажытнаяўрэйскай мове трыма скруткамі Торы (Пяцікніжжам Маісея), якія датуюцца XVIII стагоддзем.
Адзін са скруткаў Торы. Фота аўтара
У некаторых чытачоў, зразумела, можа, узнікнуць лагічнае пытанне: у чым жа каштоўнасць тых рукапісных кніг, якія з’явіліся ўжо пасля адкрыцця Іаганна Гутэнберга? Каб адказаць на яго, дазволю сабе нагадаць, што не толькі ў кожная рэлігійная абшчына (кагал), але і кожны яўрэй павінен быў мець экземпляр Пяцікніжжа Маісея. Прычым яго трэба было або перапісаць самастойна, або заказаць скрутак у прафесійнага перапісчыка біблейскіх кніг.
Яўрэйскі пісец, выконваючы заказ на перапіску Торы, лічыў сваю працу ў вышэйшай ступені пачэснай і богаўгоднай справай. Ён працаваў, трымаючы перад сабой кананічны ўзор Торы, з якім звяраў кожнае слова, бо нават кожная літара ў ім былі знакамі Божай волі. Нездарма ў талмудычным паданні сцвярджалася: “прапусціш адну літару ці прыбавіш літару – і можа адбыцца пераварот у галовах людзей ўсяго свету”. Вытворчасць Тор у выглядзе скруткаў пергаменту працягвалася на беларускіх землях да XIX стагоддзя. А вось матэрыял і почырк пры гэтым заставаліся нязменнымі з сярэднявечча. Згодна са знешнім выглядам, фрагменты скруткаў Торы з калекцыі ЦНБ НАН Беларусі можна аднесці да XVIII стагоддзя. Але калі мы бачым іх, можна лёгка ўявіць, як выглядала Тора шмат стагоддзяў таму.
Фрагменты галоўнай кнігі яўрэяў трапілі ў бібліятэку ў 1974-1987 гадах: супрацоўнікі набылі іх у букіністычнай кнігарні. Тэксты рарытэтаў былі даследаваны кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам кафедры культуралогіі гуманітарнага факультэта БДУ Міхаілам Тарэлкам.
Звычайна Тора размяшчалася на скрутку добра вырабленага пергаменту. Для яго выкарыстоўвалася толькі скура “чыстых” жывёл: авечак, коз, цялят. Вырабіць пергамент было няпроста: скуру пасля апрацоўкі вапнай ачышчалі механічным спосабам ад валаскоў і мышачнага слоя. Потым пасля паўторнай апрацоўкі вапнай пергамент расцягвалі і высушвалі. Высушаную скуру спачатку націралі мелам, які ўбіраў рэшткі тлушчу, а потым паліравалі пемзай, каб зрабіць паверхню скуры больш гладкай.
Пергамент заўсёды з’яўляўся дарагім матэрыялам (вышэйшыя гатункі пергаменту выраблялі са скуры жывёл, што яшчэ не нарадзіліся), але яго можна было выкарыстоўваць некалькі разоў. Каб сцерці стары тэкст, пергамент трымалі ў малацэ ці вадзе, пасля чаго старыя літары лёгка саскрабаліся. Свяшчэнныя пергаментныя скруткі Торы, накручаныя на драўляны валік, які мог быць аздоблены разьбой, захоўваліся ў сінагозе ў спецыяльных шафах. У самы ўрачысты момант служка-шамаш выносіў іх для агляду.
Як сведчаць даследаванні, у калекцыі ЦНБ НАН Беларусі захоўваюцца скруткі пергаменту, даўжынёй 8 м, 5 м, і 3 м, з тэкстам на старажытнаяўрэйскай мове. Гэта розныя фрагменты двух поўных скруткаў Торы. Яны складаюцца з прамавугольных палос пергаменту, якія змацоўваюцца паміж сабой вошчанымі ніткамі. На палосах – па тры-чатыры слупкі так званага яўрэйскага “квадратнага” пісьма. Яго эфект заключаецца ў тым, што кожная літара як бы ўпісана ва ўмоўны квадрат. Гэта пісьмо выкарыстоўвалі яўрэі з 3 – 2 стагоддзяў да н. э. і захавалі для моў іўрыт, ідыш і ладзіна. Выкарыстоўванне для запісу Торы і Талмуда не кананічнага шрыфту лічылася святатацтвам.
Першы фрагмент скрутка, які быў набыты ў 1975 годзе, змяшчае тэкст кніг «Быццё» і «Выхад» (апошняя перарываецца на пятым вершы 21-й главы). Другі фрагмент пачынаецца з пятага верша 21-й главы кнігі «Выхад» (як раз там, дзе заканчваецца першы фрагмент) і заканчваецца на 17-м вершы 26-й главы кнігі «Левіт». Хоць другі фрагмент быў набыты бібліятэкай праз 12 гадоў пасля першага (у 1987-м), ён, безумоўна, з’яўляецца працягам першага фрагмента. Несумненна, што абодва фрагменты належылі да аднаго скрутка Торы.
А вось трэці фрагмент, набыты ў 1974-м, змяшчае «Другазаконне» і заканчваецца апошнім словам кнігі. Ён вылучаецца больш якасным вырабам пергаменту: калі ў складзе двух першых фрагментаў былі палосы рознай якасці, то ў гэтым фрагменце якасць вырабу ўсіх 4-х палос аднолькава добрая. Дакладна вызначыць ці з’яўляецца трэці фрагмент часткай таго ж самага скрутка ці іншага, немагчыма, таму што почырк перапісчыка індывідуальна не праяўляецца. Калі браць за аснову якасную характэрыстыку пергаменту і чарніла, першыя два фрагменты адрозніваюцца ад трэцяга. Такім чынам, апошні хутчэй за ўсё з’яўляўся часткай іншага скрутка.
Яўрэі разам з іншымі народамі, што жылі ў Беларусі, зрабілі вялікі ўклад у развіццё беларускай культуры. Без даследавання іх спадчыны нашы веды пра родны край будуць няпоўныя. Асабліва гэта датычыць Торы, 10 запаведзяў якой сталі асновай агульначалавечай маралі.
Расшыфруем Тору!// Літаратура і мастацтва. 2011. 11 лістапада. № 45. C. 21.
Звычайна Тора размяшчалася на скруткУ добра вырабленага пергаменту.
Звычайна Тора размяшчалася на скруткУ
Дзякуй вялікі за ўважлівасць!
Вядома «скрутку». Ужо выправіў.
Эх… Русізмы-русізмы… А яшчэ і ўласная лянота. Карэктары такія ляпы выпраўляюць. Але не хапае цярпення звяраць тэкст з газетай слова ў слова.
Как посмотрите на размещение Вашей статьи, с сохранением авторства и ссылки на блог на моём сайте open-tourism.com ? C ув. Ян