Памяці Віталя Скалабана

20 жніўня на 65-м годзе жыцця памёр Віталь Скалабан. Адзін з самых выбітных беларускіх архівістаў, харызматычны гісторык, дасведчаны літаратуразнаўца.


Віталь Скалабан. Фота з сайта www.nn.by

Ураджэнец Слонімшчыны, ён атрымаў грунтоўную адукацыю ў Ленінградскім універсітэце, якія закончыў у 1970 годзе. Дыпломную працу прысвяціў дзейнасці Беларускага нацыянальнага камісарыята. Гэтая ж тэма стала асновай кандыдацкай дысертацыі, абароненай у 1987-м. Дваццаць тры гады працы (1972-1995) былі аддадзены «Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі”. Пяць – Беларускаму навукова-даследчаму інстытуту дакументазнаўства і архіўнай справы. Потым Скалабана чакала плённая дзейнасць у Навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф.Скарыны і Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.

За гэты час Віталь Уладзіміравіч напісаў у суаўтарстве кнігу “Время и бремя архивов и имён”, выступіў складальнікам некалькі дзесяткаў зборнікаў і аўтарам сотняў публікацый, прысвечаных гісторыі беларускага нацыянальнага руху, культуры ХІХ-ХХ стагоддзяў, постацям славутых асобаў таго часу, пытанням архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі. За сціслым пералікам зробленага схавана штодзённая, тытанічная праца для Беларусі і нацыянальнай ідэі, а таксама постаць самога даследчыка, роўнай якой, без перабольшвання, знайсці ў Беларусі немагчыма.

Кім быў для Беларусі Віталь Скалабан? Бадай, архівістам мінулага, сучаснага і будучыні. Архівістам, або даследчыкам мінулага, бо ён, здавалася, як свае пяць пальцаў ведаў палітычную і культурную гісторыю Беларусі, імёны і прозвішчы ўсіх выбітных і малазнаёмых асобаў, але, галоўнае, як рыба ў вадзе арыентаваўся ў фондах архіваў. Акрамя таго, Віталь Уладзіміравіч меў проста фантастычны даследчыцкі нюх на выяўленне сенсацыйных матэрыялаў.

Скалабан з’яўляўся нетыповым прыкладам архівіста сучаснасці. У адрозненне ад калег па працы, якія з-за сваёй сціпласці ці адсутнасці амбіцый часта заставаліся невядомымі нават для аматараў гістарыі, Віталь Уладзіміравіч шчыра верыў у неабходнасць шырокага рэзанансу сваіх адкрыццяў, якія спрыялі цікавасці да беларускай справы. Ён ішоў у газеты і часопісы, прапаноўваў у якасці публікацый знойдзеныя матэрыялы… і знікаў у пошуку новых знаходак.

Нарэшце, праца В.Скалабана дае ўсе падставы называць яго архівістам будучыні. У апошнія часы стала відавочнай неабходнасць у міждысцыплінарнасці – узаемадзеянні прадстаўнікоў розных дысцыплін падчас навуковых даследаванняў. Віталь Уладзіміравіч быў адным з найбольш актыўных прыхільнікаў гэтага накірунку. Ён шчодра, без прафесійнай зайздрасці дзяліўся сваімі адкрыццямі з гісторыкамі і краязнаўцамі, літаратуразнаўцамі і крытыкамі. Моцнымі, упэўненымі рухамі Скалабан штурхаў наперад усю беларускую навуку. Пустэчу пасля яго сыходу наўрад ці хто-небудзь зможа запоўніць.

Архівіст мінулага, сучаснага і будучыні// Літаратура і мастацтва. 2011. 26 жніўня. № 34. С. 24 (апублікавана з невялікімі аўтарскімі скарачэннямі).