Што прапануе Купалаўскі ў верасні?

На сайце Купалаўскага тэатра змешчана афіша на верасень. Акрамя «Выкрадання Еўропы», галоўнага расчаравання мінулага сезона, усе пастаноўкі вартыя прагляду. Адно з найбольш моцных уражанняў у свой час пакінуў спектакль «Хам» паводле Элізы Ажэшкі, які можна ўбачыць у Палацы культуры прафсаюзаў 15 верасня, ў чацвер.


Афіша спектакля. З сайта www.kupalauski.by

Нёманскі міф Аляксандра Гарцуева
Сярод пастановак замежнай класікі, якія ў розныя гады ставіліся на беларускай сцэне, аповесць Элізы Ажэшкі «Хам» па частаце ўвасаблення займае адно з прыкметных месцаў. Мяркуйце самі: пастаноўкі беларускім мастацка-драматычным гуртком у Вільні ў 1911 і 1913 гадах, калі адну з галоўных роляў выканала легендарная Паўліна Мядзёлка; беларускім драматычным гуртком у Пецярбургу (1913); Першым таварыствам беларускай драмы і камедыі (1917, 1918); нарэшце, перанос спектакля на сцэну Беларускага дзяржаўнага тэатра ў 1921-м (так тады называўся калектыў купалаўцаў)… Амаль праз 90 гадоў, у чэрвені 2009 года, тэатр зноў вярнуўся да пастаноўкі спектакля «Хам».

У чым жа прычына такой папулярнасці аповесці, напісанай у канцы пазамінулага стагоддзя, ды яшчэ на польскай мове? Што прымушала неаднаразова звяртацца да яе як прафесійныя тэатры, так і аматарскія калектывы? Адказы трэба шукаць у асобе аўтара і мастацкіх вартасцях твора. Польскамоўная пісьменніца, сябра Францішка Багушэвіча, удзельніца паўстання 1863 года, Эліза Ажэшка нарадзілася ля Гродна і большую частку жыцця пражыла ў Беларусі, дзе і адбываецца дзеянне шэрага яе твораў.
Рэалістычная манера пісьма, глыбокі псіхалагізм, адлюстраванне тыповых мясцовых характараў паспрыяла натуральнаму ўвасабленню ў творах жыцця беларускага сялянства канца XIX ст. Поспеху ў чытачоў і гледачоў, несумненна, спрыялі і пэўныя меладраматычныя моманты ў сюжэце «Хама»: няроўны шлюб, здрада, пазашлюбнае дзіця, спроба атручвання… Але нават яны не былі прыдуманы «з галавы», а ўзяты з матэрыялаў судовых працэсаў.

Назва аповесці «Хам» (1888), якая была напісана ў гады найвялікшага ўздыму творчасці Э.Ажэшкі, адлюстроўвала пагардлівае стаўленне арыстакратычных колаў польскага грамадства да беларусаў. Відаць, назва была ўзята з іранічнай рэплікі аднаго з герояў паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш»: «Хоць пачаліся людзі ўсе з Адама, сяляне, чуў, свой род вядуць ад Хама…». Імкненню абвергнуць гэта, даказаць, што беларускія сяляне гэтак жа, як і прадстаўнікі іншых слаёў грамадства, заслугоўваюць права людзьмі звацца, і служыць асноўная ідэя аповесці. «Гэтыя пачуцці жывуць і ў асяроддзі простых людзей чалавечага грамадства, але гэтыя людзі не выказваюць іх уголас і не ўмеюць выказацца, таму ў вышэйшых колах грамадства лічаць, што гэтых пачуццяў у іх няма», — заўважае Э.Ажэшка ў творы.

Рана аўдавелы рыбак Павэл (Ігар Дзянісаў, Аляксандр Абрамовіч) сустракае на беразе Нёмана пакаёўку з бліжэйшага маёнтка Франку (Валлянянціна Гарцуева, Святлана Зелянкоўская). Паміж імі нараджаецца каханне, якое ў рэшце рэшт не прынясе шчасце ні яму, ні ёй. Занадта шмат непераадольных перашкод раздзяляюць іх. Франка паходзіць з гарадскога асяроддзя, яе дзядуля калісьці валодаў двума дамамі. Адсюль яе пагардлівасць да вёскі, жыхароў якой Франка называе хамамі. Жанчыне сумна ўдалечыні ад гарадскога побыту, без тэатра і пацех свецкага жыцця, да якіх яна прызвычаілася ў маладосці.

Павэл — селянін, у якога, акрамя хаты і чоўна з сеткамі, нічога няма. Ён і яго сваякі змалку прывучаны да штодзённай працы на зямлі і ў хаце, у той час як гараджанка здатная толькі да лёгкай працы. Раздзяляе герояў і іх жыццёвая філасофія (распуснае жыццё Франкі, на якое яе падштурхнула галоднае дзяцінства, вельмі адрозніваецца ад натуральнага, амаль талстоўскага існавання Павэла ў згодзе з прыродай і навакольным светам), і ўзрост (у аповесці яму за сорак, ёй — каля трыццаці двух гадоў). Але каханне і жаданне выратаваць Франку ад грэшнага жыцця прыводзяць Павэла да рашэння ўзяць з ёй шлюб. У далейшым супярэчнасці, толькі акрэсленыя падчас іх знаёмства, будуць абвастрацца, пакуль не прывядуць да трагічнай развязкі.

Аўтар інсцэніроўкі і рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Гарцуеў вызначыў жанр спектакля як «нёманскі міф», пазбавіўшы яго пэўнай часавай прыналежнасці. Але гэты міф — сімвал не паганскага, а хрысціянскага жыцця, увасабленне не спрадвечнага кругавароту прыроды, а разваг пра пытанні жыцця, смерці і ўваскрашэння. Дзеянне «Хама» пачынаецца пасярод ракі, у чоўне Павэла, на які ўзбіраецца Франка. У сваім падарожжы па Нёмане яны нібы аддаляюцца ад мітуслівых штодзённых спраў і разам з сустрэчным ветрам ляцяць на крылах свайго шчасця. Таму ў пачатку спектакля сцэна ўспрымаецца як вялікая лодка з мачтай пасярэдзіне палубы. Але вось човен прычаліў да берага, з іншага, зямнога, жыцця да яго перакінуліся масткі. I становіцца зразумела, што гэта не мачта, а крыж. Сімвал веры і кахання, які натхняе Павэла ў імкненні выратаваць Франку ад цемры. Крыж адначасова і беспрасветнае мінулае гераіні, цяжар якога ў высакародным парыве Павэл бярэ на сябе. Пазней, калі ўзаемаадносіны Павэла і Франкі ўскладняцца, рыбалоўныя сеткі — галоўны элемент дэкарацыі — ператворацца ў сімвалічны змрочны лес, у якім урэшце заблукалі душы герояў.

А.Гарцуеў здзейсніў выключную працу па інсцэнізацыі аповесці, у спектаклі засталіся найбольш значныя рэплікі і маналогі герояў. Аснова дастаткова буйнога па памеры празаічнага твора захавана цалкам, што з’яўляецца нячастай з’явай у тэатральным свеце. Уздзеянне спектакля ўзмацніў удалы падбор акцёраў.

Акрамя галоўных герояў, ярка сябе праявілі Галіна Талкачова ў ролі жабрачкі Марцэлі, якая пазбавілася пэўных дэманічных рыс, уласцівых аднайменнай гераіні аповесці, і выглядала, хутчэй, як арыстакратка духу ў рыззі, а таксама Генадзь Аўсяннікаў, які нават у эпізадычнай ролі Урадніка стварыў яркі вобраз службоўца з народа. Больш традыцыйнае выкананне Тамарай Міронавай, Юльянай Міхневіч і Андрэем Кавальчуком персанажаў адпаведна Яўдохі, Упляны і Філіпа цалкам адпавядала кантэксту «Хама» і стварала ўяўленне пра традыцыйны ўклад жыцця і філасофію беларускага сялянства.

Поспеху паспрыяла і зладжаная работа пастановачнай групы. Узмацненню эмацыянальнага ўражання ад «Хама» спрыяюць вытрыманыя ў адным стылі дэкарацыі мастака-пастаноўшчыка Ігара Анісенкі (які, дарэчы, афармляў і папярэдні спектакль Гарцуева «Дзеці Ванюшына»), пластычнае вырашэнне Яўгеніі Кульбачнай і выкарыстаная ў спектаклі музыка Г.Армстранга, М.Бертрамі і Х.Займера.

Рэжысёр па-свойму пераасэнсаваў супярэчнасці паміж галоўнымі героямі і зрабіў, як падаецца, празмерны акцэнт на розніцы ва ўзросце галоўных персанажаў. Купалаўскія прыгажуні В.Гарцуева і С.Зелянкоўская зусім не падобны на вобраз жанчыны, чый твар «з прыгожа акрэсленымі дробнымі рысамі» хоць і прыцягваў да сябе, але «ўжо трохі прывяў, колер яго быў нездаровы, вялікія вочы глыбока запалі пад ілбом, над якім ніткі чорных валасоў крыжаваліся з некалькімі тонкімі, як валаскі, рыскамі маршчын». Іх гераіня, прынамсі, у першай дзеі дыхае жыццёвай сілай. Павэл І.Дзянісава і А.Абрамовіча, наадварот, выглядае больш сталым, хмурным, засяроджаным на сваіх перажываннях. Моцны акцэнт на палкай прывабнасці гераіні прыводзіць да таго, што ў спектаклі больш, чым у аповесці, удзяляецца ўвагі адносінам Франкі з маладымі аднавяскоўцамі, яе плоцкім уцехам з імі. Магчыма, каб ярка праілюстраваць гэта, рэжысёр выдумаў неіснуючую ў Ажэшкі гераіню Пятрусю (Марына Гардзіёнак), у якой Франка адбівае жаніха Аляксея (Аляксей Чарнігін). Супярэчнасці паміж гарадскім і вясковым жыццём, «панамі» і «хамамі» знайшлі сваё адлюстраванне ў пастаноўцы, але непазбежна адступілі на другі план, што крыху збядніла вастрыню канфлікту.

Што датычыць іншых рэплік і эпізодаў, дапісаных А.Гарцуевым, дык асобныя з іх удала ўпісаліся ў агульную карціну твора, а вось выкананне Франкай песні «Падушачка» ў псеўданародным стылі выклікала толькі здзіўленне.

Зрэшты, калі пэўныя сумненні і ўзнікалі на працягу першай дзеі, дык другая развеяла іх цалкам. Складана сказаць, што стала прычынай гэтага: павольнае ўваходжанне А.Гарцуева ў праблематыку твора ці своеасаблівы рэжысёрскі стыль, бо ў яго ж пастаноўцы «Маэстра» М.Ладо назіралася тая ж заканамернасць. Супярэчлівае першае дзеянне і моцнае, упэўненае другое. I потым магутны, шматзначны фінал спектакля!

Напрыканцы «Хама» Павэл застаецца адзін з сынам Франкі. У разгубленасці рыбак робіць крок налева, направа — масткі падымаюцца, і цяпер ён стаіць у адзіноце на невялікім лапіку зямлі і перад Богам адказвае за будучае жыццё немаўляці. На неба насоўваюцца хмары, і праз туманы, праз дождж над нёманскімі прасторамі, нібы фігура біблейскага прарока, узвышаецца Павэл. Душа Франкі, якую ён страціў, працягвае сваё існаванне ў яе сыне…

Нёманскі міф Аляксандра Гарцуева// Настаўніцкая газета. 2009. 18 чэрвеня. № 75-76