Як перапісвалі гісторыю ў 1920-30-я гады

Уважлівыя чытачы блога ўжо звярнулі ўвагу на некалькі запісаў, прысвечаных асобе беларускага палітыка і партыйнага дзеяча Вільгельма Кнорына: яго журналісцкай дзейнасці ў газеце «Звязда», узаемаадносінам з Якубам Коласам, удзелам у здымках першага беларускага кіно і рэакцыяй на яго артыкул пра беларусізацыю прадстаўнікоў грамадства. Зараз прадстаўляю вашай увазе артыкул, прысвечаны дзейнасці Кнорына як гісторыка. Чытач здолее сам пераканацца, як трактоўка гістарычных падзей змянялася ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры.

“Першы гістарыёграф БССР”
Вільгельм Кнорын неаднаразова звяртаўся ў сваёй творчай дзейнасці да рэвалюцыйных працэсаў 1917 г. у Беларусі. Як трапна заўважыў В. Круталевіч, ён быў першым гістарыёграфам БССР. Пяру Кнорына належаць працы “Восемь месяцев Советской Белоруссии” (1919), “Революция и контрреволюция в Белоруссии” (1920), “Пять лет (Краткий конспект к истории КП(б)Б)” (1922), “1917 год в Белоруссии и на Западном фронте” (1925), “Из заметок к истории диктатуры пролетариата в Белоруссии (К десятилетию провозглашения БССР)” (1934).

У прадмове да сваёй кнігі «1917 год на Беларусі і на Заходнім фронце» Кнорын сцвярджаў, што «праца мае пераважна характар асабістых успамінаў». Але нічога асабістага ў творах Кнорына няма. Як трапна заўважыў С. Хоміч, у іх няма «дэталей прыватнага характару, асабістых назіранняў, таго, што называецца палітычнай кухняй. Па форме, стылю, манеры выкладання гэта сухі даклад, прамова на пасяджэнні, справаздача вышэйстаячаму кіраўніцтву. Камуністы, якія працавалі ў Беларусі, паўстаюць нежывымі, штучнымі людзьмі, якія не мелі асабістага жыцця і былі пазбаўлены недахопаў. Але нічога іншага ў беларускай гістарыяграфіі няма». Апошні сказ падаецца найбольш істотнай. Сапраўды, у працах Кнорына прысутнічаюць пэўныя недахопы. Гістарычныя падзеі ў іх падаюцца з класавых і партыйных пазіцый, таму дзеянні бальшавікоў паказаны як абсалютна правільныя, а вось пазіцыі эсэраў, меньшавікоў, Бунда, іншых партый – выключна негатыўна, або іх дзейнасць увогуле ігнаруюцца. Так, В. Солскі ўзгадваў, што на выбарах у Мінскі савет Польскае сацыялістычнае Аб’яднанне, членам якога ён з’яўляўся, правяло ў Савет пяць ці шэсць чалавек, але, як піша Солскі, «у бальшавіцкіх матэрыялах і ўспамінах, якія адносяцца да таго часу, я не знайшоў ніякіх узгадак аб тым, што мінскім Савеце былі прадстаўнікі польскага сацыялістычнага таварыства. Яны, верагодна, былі залічаны ў беспартыйныя». Асобныя з’явы, супраць якіх выступаў у свой час сам Кнорын, у творах падаюцца зусім з іншай пазіцыі. Так, у працы «Из заметок к истории диктатуры пролетариата» Кнорын палымяна пераконвае сваіх чытачоў у неабходнасці далучэння тэрыторыі Віцебскай і Магілёўскай губерняў да РСФСР у 1919 г., хоць тады сам выступаў супраць гэтага. Гэты і іншыя творы Вільгельма Георгіевіча, напісаныя ў розныя часы, дазваляюць прааналізаваць эвалюцыю яго поглядаў на склад рухаючых сіл у рэвалюцыйных працэсах 1917 г. у Беларусі.

Зразумела, што на пазіцыю Кнорына не магло не паўплываць яго паходжанне. Ураджэнец Латвіі, які ўпершыню трапіў у Беларусь толькі ў 1914 г., Кнорын быў пазбаўлены ілюзій “мясцовага бальшавіцкага патрыятызму” – спробы ўзвялічыць традыцыі сваёй партыі ў беларускіх землях, таму мог разглядаць ранейшае развіццё бальшавізму ў Беларусі як пабочны назіральнік. Уступіўшы ў члены РСДРП яшчэ ў Латвіі, ён быў добра дасведчаны пра дзейнасць сваіх беларускіх калег, паколькі бальшавіцкае кола да рэвалюцыі 1917 г. было, перафразіруючы У.Леніна, вузкае і жахліва далёкае ад народа. Адзначаныя абставіны паўплывалі на тое, што першапачаткова ў сваёй працы “Пять лет”, напісанай у 1922 г., Кнорын адназначна сцвярджаў, што ў “дробнабуржуазным і мяшчанскім Мінску бальшавіцкіх традыцый ніколі не было”, што Паўночна-заходні абласны камітэт РСДРП, які існаваў з сакавіка 1904 да жніўня 1905 г. “быў балотным” і толькі “з некаторым ухілам у бок бальшавізму”. У перыяд паміж першай (1905 г.) і другой (Лютаўскай) рэвалюцыямі, крытычна зазначаў Кнорын, “яркі рэвалюцыйны бляск Мінску і Вільні як быццам бы знікае, і наш край перастае быць апорай бальшавіцкай партыі”. А перад рэвалюцыйным выбухам, да моманту Лютаўскай рэвалюцыі ў Мінску і ва ўсходняй Беларусі “ніякіх аформленых партыйных арганізацый не існавала”. Такім чынам, аўтар працы, па сутнасці, адмаўляе бальшавіцкія традыцыі ў Беларусі.

У працы “Пять лет” прасочваецца думка пра распаўсюджванне рэвалюцыйных ідэй і настрояў звонку, з уласна рускай тэрыторыі. Так, Кнорын адкрыта сцвярджае, што бальшавікі ў Беларусь былі “закінутыя з Піцера і Масквы”. Акрамя відавочнай слушнасці прыведзенага факта, на яго агучванне паўплывалі і іншыя абставіны. На пачатку 1920-х гг. у гістарыяграфіі (дый, па сутнасці, ва ўсім грамадска-палітычным жыцці) ставілася вельмі вострае пытанне пра ролю прадстаўнікоў Беларускага нацыянальнага камітэту (Белнацкаму) і беларускіх камуністычных секцый, з аднаго боку, і супрацоўнікаў Заходняй Камуны, з другога боку, ва ўтварэнні беларускай савецкай дзяржаўнасці. Кнорын як прадстаўнік Камуны актыўна прапагандаваў ролю апошняй. Паколькі члены Белнацкаму былі пераважна беларусамі па паходжанню, а Кнорын і яго бліжэйшае атачэнне (прадстаўнікі Заходняй Камуны) былі ўраджэнцамі іншых тэрыторый, становіцца зразумела, што наўмыснае акцэнтаванне ролі “дэсанта з расійскіх сталіц” павінна было стаць яшчэ адным козырам у барацьбе за ўладу ў БССР.

Аўтар “Пяти лет” падцвярджае сваю думку і на прыкладзе членаў Паўночна-Заходняй абласной арганізацыі РСДРП(б), якая была аформлена ў верасні 1917 г.. Кнорын усяляк падкрэслівае яе колькасць. Ён адзначае, што нават пасля “грандыёзных уцёкаў салдат з фронту”, абласная арганізацыя ўсё яшчэ прадстаўляла 56 тысяч членаў партыі. Але потым высвятляецца, што пасля 1 студзеня 1918 г. арганізацыя пачала памяншацца літаральна на вачах, бо салдаты дэмабілізаваліся і раз’язджаліся па дамах. “Часцяком з’язджалі цэлыя ячэйкі”, – канстатуе Кнорын. У рэшце рэшт атрымалася, што “да сярэдзіны лістапада, да моманту нямецкай акупацыі, ужо на фронце і ў Мінску засталося толькі невялікая колькасць членаў партыі”. Зразумела, што салдаты-бальшавікі, беларусы па паходжанню, не маглі пасля дэмабілізацыі ў вялікай колькасці з’язджаць у іншыя рэгіёны былой Расійскай імперыі. Гэта маглі зрабіць толькі прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Становіцца зразумела, на чым трымалася, на думку Кнорына, улада бальшавікоў – на салдацкіх штыках. Нават праз 9 месяцаў, у верасні 1918 г., колькасць Паўночна-Заходняй абласной арганізацыі не ўзнавілася, яна налічвала толькі 18 тысяч членаў.

Папярэдняя праца была напісана, калі Кнорын яшчэ працаваў у Беларусі. Але неўзабаве ён быў накіраваны ў Маскву, дзе “першы гістарыёграф БССР” працаваў на адказных пасадах у цэнтральным апараце. Непасрэдная сувязь з Беларуссю была перарвана. Шэраг паплечнікаў Кнорына па рэвалюцыйных падзеях 1917 года працавалі на іншых тэрыторыях СССР. А вось асобныя прадстаўнікі былога Белнацкаму захавалі сваё ўплывовае становішча. Напрыклад, Аляксандр Чарвякоў з’яўляўся старшынёй ЦВК БССР і адным са старшынь ЦВК СССР і часам уплываў на палітычную сітуацыю больш, чым асобныя першыя сакратары КПБ(б). Таму Кнорын быў вымушаны змяніць сваё стаўленне да Белнацкаму. У артыкуле “Коммунистическая партия Белоруссии”, што быў змешчаны ў зборніку “Беларусь” (1924), аўтар апраўдвае, па сутнасці, усе дзеянні былых кіраўнікоў Белнацкаму і Беларускіх камуністычных секцый.

Апошні артыкул быў вымушанай і толькі частковай саступкай. Ад ролі “старой бальшавіцкай гвардыі” Кнорын адмовіцца не мог, паколькі гэта ставіла пад сумненне яго ролю ў рэвалюцыйных пераўтварэннях 1917 года ў Беларусі. Таму ў наступнай працы Вільгельма Кнорына “1917 год в Белоруссии и на Западном фронте”, датаванай 1925 годам, нават у прадмове зноў падкрэсліваецца ранейшая думка: “Заснавальнікам і стваральнікам камуністычнай арганізацыі ў Беларусі была старая бальшавіцкая гвардыя, якая была закінута ў Беларусь перад вайной з Ленінграда, Масквы, Іванава і г.д. і якая знайшла тут шырокае поле для партыйнай працы ў рабочых і салдацкіх масах і сярод беларускага сялянства. Мясцовыя ж беларускія і яўрэйскія (бундаўскія) рэвалюцыйныя арганізацыі і іх старыя лідэры яшчэ доўга заставаліся пад уплывам дробнай буржуазіі”.

Такой пазіцыі Кнорын прытрымліваўся ў 1920-я гады. Але прайшоў час і яго пазіцыя кардынальна змянілася. У сярэдзіне 1930-х гадоў ніякія альтэрнатыўныя погляды на гістарычны працэс ужо не выказваліся публічна. Спрэчка з былымі прадстаўнікамі Белнацкаму адышла ў нябыт. Большасць яго былых членаў была адсунута ад палітыкі, пазіцыі найбольш уплывовых, у прыватнасці А. Чарвякова, на рубяжы 1920–30-х гадоў зведалі крытыку і абвінавачванні ў апартунізме. Амаль ва ўсіх сферах грамадска-палітычнага жыцця ўжо быў зацверджаны адзіны, правільны курс. У такіх умовах можна было без перашкодаў прадэманстраваць адзінства як Беларусі з іншымі рэспублікамі Саюза, так і розных слаёў грамадства рэспублікі (яе рабочых і сялян) з гэтымі ж слаямі – ужо на агульнасавецкім узроўні. Гэта было адзінства аднадумцаў, бо іншадумцы, якія раней перашкодзілі б вылучэнню прыведзеных тэзісаў, калі і выказваліся цяпер, дык толькі з ухваленнем афіцыйнай пазіцыі.

У такіх умовах у 1934 года выйшла праца Кнорына “Из заметок к истории диктатуры пролетариата в Белоруссии». Прыводзячы на першых старонках даследавання ў крыху змененым выглядзе сваю ранейшую думку пра тое, што “кіруючая група работнікаў нашай партыі ў той самы час складалася пераважна з таварышаў, якія прыехалі ў Беларусь з Петраграда, Масквы, Рыгі (у дадзеным выпадку аўтар, несумненна, мае на ўвазе латышоў, у тым ліку і самога сябе – Д. М.), Іванава-Вазнясенска”, ён нечакана зазначае, што “няма нічога больш фальшывага, чым такая пастаноўка пытання”.

Вільгельму Кнорыну даводзіцца прызнаць, што “бальшавіцкая партыя, на жаль, у тыя дні яшчэ не мела канцэнтраванага размеркавання работнікаў”. Але “на чале ўсіх паслякастрычніцкіх органаў улады (у вёсках, валасцях, паветах) стаялі работнікі выключна з мясцовага насельніцтва. Часцей за ўсё гэта былі яшчэ беспартыйныя, якія ішлі за бальшавіцкімі лозунгамі, сяляне і рабочыя, якія пазней увайшлі ў нашу партыю. Калі яны не ішлі за нацыяналістамі і нацыянал-сацыялістамі, дык не таму, што яны былі не беларусамі, а таму, што перш за ўсё трэба было ўзяць уладу, узяць зямлю, выгнаць памешчыка”.

У такім кантэксце можна было прызнаць, што пытанне пра стварэнне Часовага рабоча-сялянскага ўрада БССР у 1919 годзе магло адбыцца толькі на аснове “аб’яднання 2-х груп работнікаў: 1) работнікаў Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б)… і 2) работнікаў Беларускага нацыянальнага камісарыяту”, паколькі з пераліку членаў апошняга ўжо былі выдалены фігуры, непатрэбныя для новай палітычнай сітуацыі.

Свае нататкі Кнорын заканчвае высновамі, сярод якіх у святле разглядаемай праблемы маюць цікавасць наступныя: “БССР была створана самі сялянамі і рабочымі пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі”, “БССР магла быць і была створана толькі ў трывалым саюзе рабочых і сялян Беларусі з рабочымі і сялянамі іншых частак СССР і пры іх дапамозе, у выніку агульных рэвалюцыйных перамог рускага і міжнароднага пралетарыяту”. На доўгія гады гэтыя нататкі сталі адзінымі, якія мелі права на існаванне.

Зрэшты, заўважаную тэндэнцыю можна патлумачыць і іншымі абставінамі. Сёння пытанне пра склад рухаючых сіл у рэвалюцыйных працэсах 1917 г. немагчыма разглядаць у адрыве ад агульнасавецкай трактоўкі Кастрычніцкай рэвалюцыі. Нягледзячы на тое, што ўжо ў “Дэкларацыі фракцыі РСДРП (бальшавікоў)”, якая была прадстаўлена на пасяджэнні Устаноўчага схода 5 (18) студзеня 1918 г., і ў праекце дэкрэта пра роспуск Устаноўчага сходу сустракаецца назва “Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя”, гэтая назва сярод бальшавікоў не прыжылася. “Дзесяць дзён, якія ўзрушылі свет” доўга называліся «Кастрычніцкім пераваротам» (так трактаваў яе і сам Кнорын). З цягам часу акцэнты паступова сталі змяшчацца. У 1925 годзе ў даследаванні “1917 год у Беларусі і на Заходнім фронце” ўжо ужываліся як паняцце “пераварот”, так і “рэвалюцыя”. І толькі ў 1927 годзе ў прамове “Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Беларусі”, прачытанай на ўрачыстым пасяджэнні ЦВК і СНК БССР, у лексіцы Вільгельма Кнорына замацоўваецца тэрмін “Кастрычніцкая рэвалюцыя”.

Змены ў трактоўцы назвы Кастрычніцкай рэвалюцыі істотна паўплывалі на эвалюцыю ў поглядах Вільгельма Кнорына пра склад рухаючых сіл у рэвалюцыі 1917 г. Калі захоп улады шляхам дзяржаўнага перавароту мог быць здзейснены існуючай партыйнай арганізацыяй пры адсутнасці значнай дапамогі мясцовага насельніцтва, дык рэвалюцыя сусветнага значэння магла быць ажыццяўлена ў Беларусі абавязкова пры актыўным удзеле насельніцтва края, дзеянне якіх толькі каардынаваліся больш вопытнымі таварышамі, пераважна ураджэнцамі небеларускіх земляў.

Такім чынам, на разгляд гістарычных падзей напрамую паўплывала палітычная кан’юнктура. Здавалася б, “сталінізацыя” савецкай гістарыяграфіі адбылася на рубяжы 1920-1930-х гадоў. Але Кнорын ужо раней, у 1920-я гады выступаў не проста ў ролі самастойнага даследчыка, але як партыйны і дзяржаўны дзеяч прадстаўляў і афіцыйную пазіцыю партыі. Прасоўваючыся па партыйна-дзяржаўнай лесвіцы, Кнорын быў вымушаны прыняць правіла гульні, якія выконваў бездакорна.

P.S. У 1930-я гады Кнорын прымаў удзел у напісанні шэрагу падручнікаў па гісторыі партыі. А ў красавіку 1937-га Палітбюро па загаду Сталін прызначыла яго адным з трох аўтараў, якія павінны былі рыхтаваць знакаміты «Краткий курс истории ВКП(б)». Напісаць Кнорын яго не паспеў. У чэрвені яго арыштавалі, а ў ліпені 1938-га — расстралялі. Месца пахавання дагэтуль застаецца невядомым…

Навуковая дзейнасць Вільгельма Кнорына// Сборник научных работ студентов высших учебных заведений Республики Беларусь «НИРС 2007». Мн.: «Издательский центр БГУ», 2008. С. 349-353.