У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры быў прэзентаваны надзвычай цікавы праект – мюзік-шоў “Summertime”, пастаўленае рэжысёрам Анастасіяй Грыненка.
Ілона Казакевіч і Дзмітрый Якубовіч. Нумар з мюзікла «Прывід оперы».
Фота Сяргея Сулая (апублікавана ў часопісе «Мастацтва»)
Правядзенне творчых вечароў, паказ эксклюзіўных музычных праграм або шоў сталі трывалай практыкай з 2010 года, калі да кіраўніцтва прыйшла нова каманда на чале з дырэктарам Аляксандрам Пятровічам. Рэвю “Прывітанне, Брадвей!”, што стала “першай ластаўкай”, было пабудавана на фрагментах з амерыканскіх мюзіклаў, пра якіх мы часта маем вельмі прыблізнае ўяўленне. Услед за рэвю з’явілася праграма “Музычны калейдаскоп”, што годна прадстаўляла здабыткі беларускіх кампазітараў (прычым як прызнаных класікаў, так і цяперашніх аўтараў) – песні, ўрыўкі з оперных арый і сімфанічных твораў. Далей даросламу гледачу і дзецям было прапанавана “Энцін-шоў”, складзенае з твораў, напісаных кампазітарам Юрыям Энціным. Сур’ёзным праектам падаліся “Музычныя вечары з Аляксандрам Анісімавым”: аркестру тэатра карысна папрацаваць з дырыжорам такога ўзроўню, з’яўленне на сцэне Музычнага вядомых спявачак Ірыны Крыкуновай і Аксаны Волкавай устанавіла высокую планку для вакалістаў трупы.
Аматарам камернай вакальнай музыкі збіралі праграмы рамансаў “Споведзь жанчыны” і “Калядны альбом”, з густам пастаўленыя маладым рэжысёрам Ганнай Маторнай. Уважлівы наведвальнік Музычнага тэатру звярнуў ўвагу на тое, што кожны праект прадстаўляў пэўны музычны накірунак і быў адрасаваны мэтавай аўдыторыі. У адрозненне ад іх “Summertime” аб’яднаў ўладальнікаў самых розных густаў.
Мюзік-шоў стала сапраўдным спектаклем, пабудаваным па ўсіх законах жанра. У яго аснове – якасная, класічная музыка і пісьменная рэжысура, разумнае выкарыстанне прынцыпу канстрастаў. Апошні эфектна праявіўся пры чаргаванні англамоўных і рускамоўных кампазіцый, мінору і мажору, савецкіх шлягераў, аперэтачных куплетаў (напрыклад, з “Баядэры” Імрэ Кальмана) і ўрыўкаў з замежных мюзіклаў (з “Вестсайдскай гісторыі” Леанарда Бернстайна). Гэта надало дзеянню дынамізм і эфектнасць.
А завершанасць і цэласнасць шоў абумовіла прафесійная праца сцэнографа Любоў Сідзельнікавай. Экран, прымацаваны на задніку сцэны, стаў дадатковай “дзейнай асобай” вечарыны. Беларускія лясныя краявіды змяняліся, бязмежным акіянам, а той… кінакадрамі. Напрыклад, славуты дуэт Крысціны і Прывіда (Ілона Казакевіч і Дзмітрый Якубовіч) з мюзікла “Прывід оперы” суправаджаўся кадрамі адпаведнага фільма.
Што да акцёрскіх работ, дык хацелася б адзначыць высакародную манеру выканання Алега Прохарава, лаўрэата конкурса “Рамансіяда” і лірызм Лесі Лют (найперш арыя Асоль з малавядомага, на жаль, мюзікла Валерыя Іванова “Пунсовыя ветразі”). Але асаблівага захаплення заслугоўвае Кацярына Дзегцярова, адна з вядучых салістак трупы, якая на працягу вечара здолела пераканаўча ўвасобіць ў чатырох разнастайных амплуа: камічным (Элізабет Дулітл з мюзікла “Мая чароўная ледзі”), лірычным (нумар “Аднойчы ў снежні”), брутальна-крымінальным (фрагмент з “Трохграшовай оперы” – разам з Дзянісам Нямцовым) м вострадраматычным (нумар “Калі ласка, не памірай” быў прысвечаны акцёрам тэатра, якія сышлі з жыцця). Прычым у кожных эпізодзе актрыса выглядала натуральна і шчыра.
Кацярына Дзегцярова.
Фота Сяргея Сулая (апублікавана ў часопісе «Мастацтва»)
З’яўленне на сцэне тэатра такіх праграм, як “Summertime”, адметнае шэрагам істотных момантаў. Па-першае, яны дазваляюць захаваць у рэпертуары нумары са спектакляў, што па розных прычынах не ідуць на сцэне (рок-оперы “Арфей і Эрыдыка”, “«Юнона» і «Авось»”, мюзікл “Мая чароўная ледзі”). Па-другое, дапамагаюць засвоіць музычны матэрыял, які, магчыма, калісьці стане часткай новага спектакля, у прыватнасці, заходняга мюзікла. Па-трэцяе, такія праграмы з’яўляецца выразным кантрастам рэпертурнай палітыцы Музычнага.
Прыход у калектыў новай каманды азначаў адмову ад ранейшага курса на бязмежную забаўльнасць. Неаднаразова на прэс-канферэнцыях гучалі заявы пра намер будаваць паўнавартасны Музычны тэатр, дзе на сцэне будуць існаваць не толькі класічная аперэта і музычная камедыя, але таксама мюзікл, балет, у перспектыве нават опера.
Але практычная рэалізацыя такой праграмы пакуль сутыкаецца з пэўнымі цяжкасцямі. З апошніх прэм’ер высокага статусу акадэмічнага тэатра, на маю думку, адпавядаюць толькі “Аднойчы ў Чыкага”, “Сільва” і балет “Мефіста” (шкдаа, што выканаўцы галоўных партый у апошнім балеце з’ехалі ў іншую краіну: пытанне, ці будзе балет прысутнічаць у афішы далей, застаецца адкрытым). Пастаноўкі “Мая жонка – ілгуння”, “Аршын мал Алан” і “Блакітная камея”, на жаль, вяртаюць трупу ў мінулае. Пры гэтым па-майстэрску зробленыя шоў і праграмы, які адпавядаюць крытэрыям акадэмічнасці, часцей за ўсе паказваюцца адзін раз і здаюцца ў архіў. А глядач у рэшце рэшт вымушаны ацэньваць узровень тэатра па тым рэпертуары, які не заўсёды падкрэслівае яго лепшыя якасці. Ці не прыйшоў час даць перспектыўным праектам сталую прапіску на сцэне Музычнага?
“Summertime” патрабуе працягу// Мастацтва. 2011. № 7. С. 13.