Паэтычныя старонкі чэрвеньскага нумара часопіса “Полымя” прадстаўлены імёнамі пяці творцаў (Віктара Шніпа, Уладзіміра Мазго, Любоў Русілкі, Тамары Красновай-Гусачэнкі, Міколы Кандратава). Усіх іх яднае як традыцыйнасць, вернасць класічнай паэзіі, так наяўнасць агульных спрэчных момантаў у творах.
Вершы Віктара Шніпа вабяць лірызмам, тонкасцю, багаццем вобразаў (“І сузор’і расы, што ад сонца растануць, // Калі чорнае золата знікне ў траве, // І, як дым, камары затанцуюць свой танец, // І заплачуць крыжы на драўлянай царкве”, “І вясны беларукай пчала залатая // ” Выглядае з вулля нібы з хмары прамень”). Але чарговая порцыя балад, прысвечаных знакамітым дзеячам беларускай культуры, выклікае пытанні. Складваецца ўражанне, што падчас іх напісання паэт ходзіць па коле. Большасць твораў у такім жанры надзіва падобныя адзін на аднаго. Больш за тое, у шэрагу выпадках можна памяняць загалоўкі і творы, а чытач і не заўважыць розніцы.
Уладзіміра Мазго найбольш вядомы чытачам як самабытны, адметны дзіцячы паэт. Таму прыхільнікі яго творчасці заўважаць у падборцы адметнасці індывідуальнага почырку, а вось крытыкі – не “дарослы”, а “дзіцячы” і падарожны настрой: “Нашчадкам адрадзіла // Багацці Радзівілаў”, “Чароўная мелодыя, // Кірылы і Мефодзія”, “Дзівы // Клічуць на Мальдзівы, // Цуды // Вабяць да Піцунды”.
Вельмі расчароўваюць урыўкі з паэмы “Зямлі і людзям”, стваранай Любоўю Русілкай паводле ўспамінаў Элізы Ажэшкі. Па сваёй стылістыцы яны нагадваюць банальную рыфмоўку біяграфіі знакамітай пісьменніцы без аніякага сэнсавага і вобразнага абагульнення (“я зноў світанню веру, // І да сябе заву, // Ад спісанай паперы // Ўздымаю галаву”).
Разнастайнай па жанравай тэматыцы атрымалася падборка Тамары Красновай-Гусачэнкі (у перакладзе на беларускую мову Андрэя Цяўлоўскага). Тут знайшлося месца творам пра прыроду, прашчураў, паэзію, патрыятычным вершам (“Боль за Радзіму – больш чым проста боль. // У ім жыццё маё. І мой прысуд. // Яго я атрымала як пароль, // Які да скону ў сэрцы пранясу”). Лепшым прапанаваных вершаў падаецца твор “Памяці сына”: “Цішыня // Ў сусвеце цэлым, // Белым полем снег. // Там душа злятае з цела // Раніцай навек. // Развіталася, // Трымцела, // Трызніла адно, // На імгненне // Заляцела // У роднае акно”.
Асобна хацелася б звярнуць увагу на няўважлівасць творцаў, сэнсавую непрадуманасць радкоў, у якіх словы выкарыстоўваюцца толькі для рыфмы. Напрыклад, “Нябачны хтось іграе на раялі, // Ці сам раяль іграе, як жывы // Каб вы, вясновая, не сумавалі, // Як у нябёсах мёртвых журавы” (“Нябачны хтось іграе на раялі…”, В. Шніп). Чаму гэта нябёсы сталі “мёртвыя”? Памерлыя людзі ўсё ж такі сыходзяць у зямлю, а на неба адлятаюць іх душы. Тым больш, там жа, згодна хрысціянскаму веравызнанню, знаходзіцца і Бог. “Нібыта былы кардынал, // Што веру не здаў паняверцы, // Прыйшоў Агустоўскі канал, // Злучыўшы стагоддзі і сэрцы” (“Аўгустоўскі канал”, У. Мазго). Відавочна, што слова “кардынал” цудоўна рыфмуецца са словам “канал”. Але ў чым жа сэнс радкоў? Па-першае, калі ён былы, значыцца якраз адмовіўся ад веры. Па-другое, як канал мог прыйсці? Нарадзіцца? Атрымаць прысвячэнне? “Ёй у труне – букецік бэзу. // Падкрэсліў хтосьці боль імпрэзы” (Л. Русілка). Цікава, з якога часу пахаванне стала імпрэзай? “Мой дзед, прабач, што не магла я // Тады малітвам спагадаць: // Як жыць, калі мо сам чакаеш, // Ці не назаўтра паміраць” (“Дзед Даніла”, Т. Краснова-Гусачэнка). Паколькі размова ідзе пра дзядулю лірычнай гераіні, відавочна, што падчас дзеяння верша яна была ці маладой, ці, прынамсі, сярэдніх гадоў. Няўжо ў такім ўзросце людзі чакаюць смерці? Але нават у адваротным выпадку ад такіх думак наадварот хутчэй прыходзяць да Бога.
Найбольш яркае ўражанне ў мяне засталося ад аднаго з вершаў Міколы Кандратава, які стаў своеасаблівым сімвалам разглядаемай “палымянскай” паэзіі: “Што можна новага сказаць // у свеце, што стары, як мора, // калі пагас былы азарт, // калі прамоўлена так многа // слоў, што згарэлі на кастры // ці патанулі ў водах Стыкса?.. // Магчыма толькі паўтарыць // з таго, што свет паспеў забыць”.
«Што можна новага сказаць?»// Літаратура і мастацтва. 2011. 29 ліпеня. № 30. С. 6.