Кніжныя таямніцы… з-пад даху

Як могуць кнігі трапляць да чытачоў з гары? Калі выйдзе другі том “Гісторыі беларускай кнігі”? Якія вынікі маюць універсітэцкія кнігазнаўцы? Пра ўсё гэта чытачам “Кніжнага свету” расказвае Ларыса Доўнар, дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі інфармацыйна-дакументных камунікацый Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.


На фота Ларыса Доўнар

– Старажытныя егіпцяне верылі, што Кнігі “падаюць” з Неба, а для мяне ў дзяцінстве такім небам была гара нашай хаты. Так сталася, што ў вясковым доме маіх бацькоў размяшчалася першая ў вёсцы бібліятэка. Фактычна, гэта была “хата-чытальня”, што ўзнікла дзесьці ў 1950-я гады. Потым бібліятэка была перемешчана ў новы будынак клубу, але некаторыя з яе “жыхароў” – кнігі, яшчэ доўга “хаваліся” пад нашым дахам. І які быў цуд, калі мой бацька даставаў і прыносіў штосьці адтуль – з Гары! Даўгачаканыя і таямнічыя Кнігі “падалі” ў дзіцячыя рукі проста з Неба.

Сярод іх, якія ўспамінаюцца першымі, былі кніжачкі з вершамі Янкі Купалы – “Алеся”, “Хлопчык і лётчык”, аздобленыя каляровымі малюнкамі, а таксама розныя казкі, якія чыталі мне бацькі. У школьныя гады найбольшае ўражанне пакінула моц мастацкага слова Івана Мележа і Мікалая Гогаля. Потым было захапленне фантастыкай, прыгодніцкай літаратурай, якая і стала пачаткам уласнага кнігазбору. Студэнцкія гады прынеслі зачараванне глыбінёй французскай прозы, асабліва Андрэ Маруа, а таксама творамі рускіх дэсідэнтаў, якія чыталіся цэлай групай – у інтэрнаце, у парку – за адныя-двое сутак. Як да прыкладу – “Майстар і Маргарыта” Міхаіла Булгакава.

Сталае збіранне кніг пачалося менавіта пад час вучобы ў Мінскім інстытуце культуры. Акрамя мастацкай літаратуры, якая была ў вялікім дэфіцыце, падпісвалася і купляла энцыклапедычныя выданні, першым з іх стала, дарэчы – “Книговедение” (1982). І недарэмна, бо ў гэты час у мяне ўзнікла цікавасць да гісторыі кнігі і кнігазнаўства. Пасля другога курса маім захапленнем, а потым і навуковым інтарэсам стала гісторыя кнігавыдання ў Мінску.

Зараз асноўную частку майго сціплага кнігазбору складаюць выданні, якія так ці інакш звязаны з кніжнай культурай, кнігазнаўствам: беларускім, замежным, на розных мовах. Але найбольш прадстаўлены беларускія, расійскія, польскія і літоўскія выданні, якія ў першую чаргу неабходны для прафесійнай працы. Зразумела, што ёсць і кнігі, якія трапілі да мяне, прывабіўшы сваім мастацкім аздабленнем, некаторыя мініяцюрныя выданні. Заўсёды хочацца бачыць у кнізе гармонію і цэласнасць – Слова і Духу.

– Ваш шлях у навуку атрымаўся не такі просты, як ў некаторых…

– Шлях у сапраўдную навуку, напэўна, заўжды не просты. Што да мяне, то, скончыўшы ў 1982 годзе Мінскі інстытут культуры, працавала ў бібліятэцы ўстановы ў якасці бібліятэкара і рэдактара. Тады ж, у 1983-м, з’явілася мая першая навуковая публікацыя. Але так склаўся мой лёс, што ў 1984-1986 гадах жыла і працавала ў Сібіры, была выхавацелям і на добраахвотных пачатках бібліятэкарам Апанасаўскай васьмігадовай школы ў Кемераўскай вобласці. Потым вярнулася ў “Alma mater”, ізноў у родную бібліятэку. Працавала метадыстам і загадчыкам аддзела абслугоўвання, галоўным бібліятэкарам у новаствораным аддзеле рэдкіх кніг. Амаль на працягу дзесяці год з’яўлялася кіраўніком прэс-цэнтра універсітэта. Але адначасова працягвала свае навуковыя пошукі, займалася педагагічнай дзейнасцю, скончыла аспірантуру і ў 2005 годзе абараніла дысертацыю на ступень кандыдата педагагічных навук на тэму “Развіццё кнігавыдавецкай дзейнасці ў Мінску (1795–1917 гг.): кнігазнаўчы аспект”. Дарэчы, той вопыт, які быў набыты за гады працы, асабліва ў аддзеле рэдкіх кніг бібліятэкі, безумоўна, лічу адным з самых важкіх у маім прафесійным станаўленні. Менавіта ў гэты час былі арганізаваны і праведзены такія, напрыклад, навуковыя канферэнцыі, як “Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць у Беларусі: гісторыя і сучаснасць” (1996), “Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні” (1997), “Універсітэты Ельскіх” (1999), “Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры” (2006), “Кнігазнаўчыя даследаванні ў Беларусі і Польшчы: вопыт, арганізацыя, перспектывы (да 490-годдзя беларускага кнігавыдання” (2007), якія сталі знакавымі для Беларусі ў галіне кнігазнаўства.

Якія навуковыя аспекты распрацоўваюцца Вамі апошнім часам?

– Ведаеце, кніжны свет такі бязмежны і разнастайны, таму праблемнае поле навукі пра кнігу або кнігазнаўства (бібліялогіі) мае універсальны характар: ад глыбіні і значымасці кнігі ў развіцці грамадства да вышынь цэлага кніжнага ўніверсума. У беларускай навуцы пра кнігу кожнаму даследчыку-кнігазнаўцу, хто зацікавіцца і добрасумленна, адказна зоймецца вывучэннем яе пытанняў, хопіць удзячнай працы на гэтай ніве. Да гэтага часу мы не маем у Беларусі сваёй фундаментальнай працы па гісторыі беларускай кнігі, хоць традыцыі кнігапісання і кнігавыдання – даўнія, багатыя і разнастайныя. Не буду тут закранаць астатнія навуковыя пытанні ў галіне кнігазнаўства, адзначу толькі, што, разумеючы і ведаючы пра неабходнасць іх вырашэння, раблю ўсё, што ад мяне залежыць. Адпаведна пашыраецца і паглыбляецца кола маіх навуковых інтарэсаў: ад гісторыі выдавецкай справы Беларусі да гісторыі беларускага кнігазнаўства, ад асобных тэарэтычных пытанняў да больш агульных, як кніжная культура. Сёння ўжо мала займацца толькі, напрыклад, гісторыяй беларускай кнігі, бо як сучаснае развіццё грамадства, так і навук патрабуюць пераасэнсавання розных кніжных з’яў у кантэксце іншых навук, як культуралогіі, філасофіі, сацыялогіі. Адначасова шэраг прагалаў гістарычнага плану ў нашай бібліялогіі па асобных перыядах і тэмах застаюцца яшчэ не распрацаванымі і таму востра запатрабаванымі. Пэўная мая цікавасць апошнім часам была скіравана на тэарэтычныя і гістарычныя пытанні кніжнай культуры Беларусі, на такія з’явы, як рэгіянальнае і персанальнае кнігазнаўства.

Узровень той ці іншай навукі, у тым ліку беларускага кнігазнаўства, пацвярджаюць і міжнародныя сувязі, якія апошнім часам даволі актыўна развіваюцца. Так, да прыкладу, адным з вынікаў такога супрацоўніцтва стаў у гэтым годзе выдадзены ў нашым універсітэце культуры і мастацтваў біябібліяграфічны паказальнік, прысвечаны вядомаму польскаму кнігазнаўцу, вучонаму з еўрапейскім імем, доктару габілітаванаму, прафесару Кшыштафу Міганю. Паказальнік змяшчае працы вучонага з 1960 па 2010 гады, публікацыі аб яго жыццёвым і творчым шляху, да якіх пададзены анатацыі на беларускай мове. Уключаны таксама артыкулы аб яго жыцці і дзейнасці расійскіх, літоўскіх, украінскіх і беларускіх кнігазнаўцаў. Асобныя працы К.Міганя перакладаюцца і на беларускую мову, якая стала адзінаццатай у ліку іншых моў, на якіх друкаваліся яго працы.

Пра набыццё якіх выданняў варта паклапаціцца бібіліёлагам?

– Падрыхтаваны да выдання трэці выпуск зборніка навуковых артыкулаў “Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры”, змест якога складаюць матэрыялы даследчыкаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і ЗША па тэорыі кнігазнаўства і кніжнай культуры, гісторыі і сучасным стане кнігавыдання, бібліятэчнай справы, чытання, распаўсюджвання і мастацтва афармлення кніг, кнігазбораў. У зборнік увайшлі таксама матэрыялы выступленняў на “круглых сталах”, арганізаваных сёлета ў нашым Універсітэце культуры і мастацтваў – “Інфармацыйнае грамадства і бібліятэкі”, “Кніга як фактар культуры і прадмет даследаванняў: гістарычная і сучасная перспектыва”.

Акрамя таго, разам з маёй калегай, галоўным бібліёграфам бібліятэкі нашага універсітэта Тамарай Самайлюк, мы падрыхтавалі вучэбны дапаможнік “Гісторыя беларускай кнігі”, у якім паспрабавалі адлюстраваць асноўныя тэндэнцыі эвалюцыі беларускай кнігі ад яе з’яўлення да нашага часу. Рукапіс зараз знаходзіцца на этапе рэдакцыйна-выдавецкай апрацоўкі.

Названыя праекты з’яўляюцца пэўным падсумаваннем навукова-даследчай працы, якая праводзілася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў па тэме “Кніжная культура Беларусі: гісторыка-тэарэтычны аспект”, кіраўніком якой мне і давялося быць у 2006-2010 гадах.

Можна сказаць, што ў межах дадзенага праекта адбывалася і праца па складанні другога тома калектыўнай манаграфіі пад агульнай рэдакцыяй доктара філалагічных навук Міколы Нікалаева “Гісторыі беларускай кнігі”, прысвечанага кніжнай культуры Беларусі XVIII – XXI стагоддзяў, пэўнай часткай якога з’яўляюцца і мае матэрыялы па гісторыі кнігавыдання дадзенага перыяду.

Усе адзначаныя працы – і зборнік навуковых артыкулаў, і вучэбны дапаможнік, і, нарэшце, манаграфія, спадзяюся ўбачыць надрукаванымі ўжо сёлета.

Чытачам “Кніжнага свету” (інтэрв’ю змешчана ў «Кніжным свеце» — дадатку да газеты «Літаратура і мастацтва»Д. М.) – разгортвайце кнігу, разгортвайце свядомасць. У свае мары трэба верыць і часцей падымацца хоць бы над уласным дахам. А веры без любові не бывае, таму трэба, у першую чаргу, любіць сваю справу, якой займаешся, шанаваць, зберагаць і памнажаць наш непаўторны беларускі кніжны свет.

Таямніцы з-пад даху// Літаратура і мастацтва. 2011. 22 ліпеня. № 29. С. 10.