Лёсы гарадоцкіх яўрэяў

Падарожнік, які накіруецца ад Віцебска на поўнач і рушыць па дарозе на Санкт-Пецярбург, абавязкова завітае ў невялікі населены пункт Гарадок, цэнтр аднайменнага раёна. Сярод яго насельніцтва здаўна пераважалі яўрэі. Як склаўся іх лёс? Паспрабуем адшукаць адказ з дапамогай экспанатаў мясцовага краязнаўчага музея.


Будынак Гарадоцкага краязнаўчага музея. Фота аўтара.

Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей размясціўся ў цэнтры горада. Установа была адкрыта 24 снежня 1976 года, у дзень 33-й гадавіны вызвалення Гарадка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, і сёлета адзначыць сваё 35-годдзе.

Сярод імёнаў, з якімі звязана развіццё ўстановы, варта назваць яе дырэктароў Ларысу Бандарэнка і Зінаіду Пляскач, а таксама мясцовага настаўніка гісторыі Рыгора Арлоўскага, які ўзначальваў музей на на грамадскіх пачатках. Значны ўклад у развіццё краязнаўства зрабіла Кацярына Уверская. На працягу 20 гадоў яна з’яўлялася спачатку навуковым супрацоўнікам, а з 1984 года – дырэктарам музея. Пры яе актыўным удзеле адбылася рэканструкцыя будынку па адрасу Вароўскага, 3, куды ў 1995-м пераехала ўстанова. У наступным годзе пачаў дзейнічаць аддзел прыроды, у 2001-м – этнаграфіі і народных рамёстваў. Пры цяперашнім дырэктары Тамары Івановай музей некалькі гадоў таму быў адрамантаваны, таму знешне выглядае проста шыкоўна.

Экспазіцыя, якая складае больш за 27 тысяч экспанатаў, размешчана на двух паверхах. Яна аб’яднана ў некалькі тэматычных адзінак. Акрамя двух вышэйузгаданых, гэта аддзел гісторыі. На наш суб’ектыўны погляд, адным з самых цікавых яго экспанатаў з’яўляюцца старажытныя яўрэйскія кнігі: “Хумаш” і “Махзор”.

Наогул, яўрэі вядомыя на Беларусі са старадаўніх часоў. А першая ўзгадка пра іх датавана 1388 годам, калі князь гродзенскі і трокскі Вітаўт выдаў грамату брэсцкай абшчыне. Але на Віцебшчыне прадстаўнікі гэтай нацыянальнасці з’явіліся пазней, каля сярэдзіны ХVІІ стагоддзя. Нездарама паэт Уладзімір Скарынкін пісаў пра яўрэяў свайго краю: “Спрадвеку тут жылі яны, талковыя і ўмелыя…”. Пасля далучэння нашай Радзімы да Расійскай імперыі беларускія губерніі ўвайшлі ў мяжу яўрэйскай аселасці – тэрыторыі, дзе дазвалялася пражыванне яўрэяў. Таму не дзіўна, што ў пачатку ХХ стагоддзя з 6 тысяч жыхароў Гарадка яўрэі складалі каля 4 тысяч. У горадзе існавала 10 сінагог. Дарэчы, у Гарадку нарадзіўся і пражыў ўсё жыццё Мендэль Элевіч Шагал, стрыечны брат знакамітага мастака.

У экспазіцыі музея прадстаўлены дзве кнігі адпаведнай тэматыкі. Першая з іх, “Хумаш”, па іншаму называецца Тора, або Маісееў закон, і складаецца з першых пяці кніг кананічнай яўрэйскай і хрысціянскай Бібліі: Быццё, Сыход, Левіт, Лічбы і Другазаконне. Гарадоцкі асобнік выйшаў у Вільні ў 1891 годзе і з’яўляецца другой часткай выдання (першая ў экспазіцыі не прадстаўлена).


Старажытная яўрэйская кніга «Хумаш». Фота аўтара.

Другая кніга “Махзор”, выдадзеная ў Варшаве ў 1901 годзе (вядома першая частка выдання), з’яўляецца зборнікам святочных малітваў, які змяшчаў адпаведная тэксты на два святы – Рош а-Шана (яўрэйскі Новы год) і Йом Кіппур (дзень паста, пакаяння і адпушчэння грахоў – самае ісотнае свята ў яўрэйскім календары).


Старажытная яўрэйская кніга «Махзор». Фота аўтара.

У тым, што жыхары Гарадка карысталіся кнігамі, што выходзілі на тэрыторыі Беларусі, або недалёка ад яе межаў, няма нічога дзіўнага, бо першыя яўрэйскія друкарні ў нашым краі вядомыя яшчэ з канца ХVІІІ стагоддзя (Шклоў – 1783, Гродна – 1788).

У пачатку 1940-х у горадзе жылі 2,4 – 2,5 тысячы яўрэяў. Па падліках Аркадзя Шульмана, які працаваў у архівах, немцы знішчылі каля 2 тысяч з іх. На момант абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў Гарадку заставалася ўсяго 110 яўрэяў. Зараз іх лік ужо ідзе на дзесяткі. Шэраг іх сваякоў і нашчадкаў лёс раскідаў па іншых краінах. І толькі старыя кнігі, прадстаўленыя ў музейнай экспазіцыі, сведчаць пра яўрэйскі след у мінулым Гарадоцкага краю.

«Хумаш» і «Махзор» у Гарадку// Літаратура і мастацтва. 2011. 22 ліпеня. № 29. С. 6.