Іван Чыгрынаў. Новае прачытанне

Асоба гэтага пісьменніка займае своеасаблівае, адметнае месца ў беларускім літаратурным пантэоне. Аўтар раманнай пенталогіі, шматлікіх апавяданняў і п’ес, ён рэалізаваўся ў літаратуры, атрымаў прызнанне і належную ацэнку пры жыцці. Але чаму тады для многіх чытачоў Чыгрынаў застаўся ў гісторыі перш за ўсё як аўтар рамана “Плач перапёлкі”? Прапаную ўласную версію.


Іван Чыгрынаў. Фота з рускай «Вікіпедыі»

Напісанне некалькіх раманаў, з’яднаныя паміж сабой агульнай тэмай, героямі і месцам падзей, было распаўсюджанай з’явай у беларускай літаратуры. Хто толькі не звяртаўся да “дылогій”, “трылогій”, “тэтралогій” і нават “пенталогій”! (Але заўважым істотную асаблівасць. Такая тэндэнцыя часцей з ўсё была ўласціва пісьменнікам, чые творы цяпер не маюць вялікай запатрабаванасці ў чытачоў.) Час ад часу такія ж маштабныя творы выходзілі з-пад пяра і прызнаных творцаў: Якуб Колас, чые аповесці з трылогіі “На ростанях”, паводле словаў крытыкаў, “мелі вялікае значэнне для станаўлення жанру рамана ў беларускай літаратуры”, Іван Мележ, Іван Навуменка, Вячаслаў Адамчык (пенталогія Івана Шамякіна складалася з аповесцяў). Але ва ўсіх выпадках першы твор часцей за ўсё з’яўляўся найбольш моцным і вызначаў агульную задуму, тады як працяг у лепшым выпадку толькі паўтараў ранейшыя здабыткі аўтара.

Сапраўды, “У палескай глушы” Я.Коласа, “Людзі на балоце” І.Мележа, “Сасна пры дарозе” І.Навуменкі “Чужая бацькаўшчына” В.Адамчыка ў большай ці ў меншай ступені пераўзыходзілі наступныя часткі трылогій. Але дзіўным чынам у свядомасці чытача адлюстравалася ацэнка менавіта першых, а не завяршальных твораў кожнага з цыклаў. І на тое былі свае прычыны.

Відавочна, што коласаўскія “На ростанях” і мележаўскія “Завеі, снежань” пісаліся з вялікім перапынкам пасля стварэння папярэдніх твораў. На іх мастацкую моц паўплывалі стан здароўя пісьменнікаў, у сітуацыі Я.Коласа яшчэ і грамадска-палітычная атмасфера ў краіне. А вось не зусім удалая рэалізацыя чыгрынаўскай задумы і цяпер выклікае шкадаванне ў чытачоў і крытыкаў.

Чаму так адбылося? На першы погляд, прычынай стала вялікая колькасць раманаў. Нагадаю, што на творчым рахунку Чыгрынава іх пяць: “Плач перапёлкі” (1970), “Апраўданне крыві” (1976), “Свае і чужынцы” (1983), “Вяртанне да віны” (1992) і “Не ўсе мы загінем” (1996), дзеянне ў якіх разгортваецца падчас Вялікай Айчыннай вайны на ўсходзе Беларусі, у вёсцы Верамейкі. Першы твор прынёс аўтару сапраўдную славу. Але чым больш выходзіла наступных кніг, тым больш першы поспех аддаляўся ў часе і засланяўся далейшымі творамі. Аднак мяркую, што гэта занадта простае тлумачэнне. Каб адказаць на гэта пытанне, а таксама паспрабаваць раскрыць таямніцы чыгрынаўскага таленту, паглыбімся ў свет яго твораў і герояў.

Цяпер, з вышыні часу бачна, што адной з галоўных заслуг І.Чыгрынава ў “Плачы перапёлкі” стала гістарычная праўдзівасць пры адлюстраванні падзей і герояў, пры перадачы атмасферы эпохі. Часам здавалася, што Верамейках усталявана схаваная кінакамера, якой пісьменнік карыстаўся пры напісанні рамана, настолькі ўсё выглядала верагодна і натуральна. Істотна, што аўтар не пайшоў па шляху стварэння гераічнай атмасферы. Ён праўдзіва паказаў адступленне Чырвонай арміі з баямі на ўсход, прыход немцаў і досыць пасіўную, асцярожную рэакцыю насельніцтва, якое на першым этапе акупацыі з неахвотай удзельнічала ў фарміраванні як новых органаў улады, так і партызанскіх атрадаў. Такое выкладанне падзей падаецца абгрунтаваным і па-мастацку глыбокім, паколькі яно паказвае выразную дыферэнцыяцыю ў стаўленні мясцовага насельніцтва да вайны. Адметнасцю “Плача перапёлкі” стала яго атмасфера. Прызнацца, спярша яна выклікала нават пярэчанне сваёй павольнасцю. Толькі потым прыйшло разуменне, што яна перадае сапраўдны, няспешлівы рух жыцця ў вёсцы.

Традыцыі першага рамана былі працягнуты на старонках твора “Апраўданне крыві”. У параўнанні з “Плачам перапёлкі” на яго старонках з’явіліся сцэны з удзелам немцаў. Менавіта ў такіх сітуацыях пісьменнік шукаў вытокі будучай барацьбы, знаходзіў яе карані ў рэакцыі вясковых жыхароў на жахі акупацыі, у імкненні абараніць сябе і выратаваць сваякоў і родны край.

Першыя два раманы сталі ў пенталогіі найбольш удалымі. Нездарма яны былі адзначаны агульнасаюзнай Літаратурнай прэміяй імя А.Фадзеева. Але чаму ж тады наступныя творы не атрымалі такой чытацкай увагі? Нездарма пісьменніца Людміла Рублеўская прызнавалася, што “сярод маіх сяброў не памятаю таго, хто прачытаў бы яе (пенталогію – Д.М.) цалкам”.

На маю думку, пераломным у пенталогіі, стаў менавіта трэці раман, “Свае і чужынцы”, які быў прысвечаны партызанскаму руху. Паўтаруся, папярэднія два творы вылучала натуральнасць у перадачы мінулага. Мяркую, на гэта паўплываў той факт, што Чыгрынаў, нарадзіўшыся ў 1934 годзе, пражыў ўсю вайну на акупаванай тэрыторыі. Прыродная назіральнасць і абвостранае ўспрыманне рэчаіснасці дазволіла яму дзе ўзнавіць убачанае, а дзе здагадацца, а дзе і па-філасофску пераасэнсаваць тагачаснае жыццё.

Паколькі аўтар задумаў раманную эпапею пра Вялікую Айчынную вайну, не разглядзець тэму партызанскай вайны ён не мог. Але з-за таго, што Чыгрынаў сам у ёй не ўдзельнічаў, бо быў яшчэ малы, адпаведнага досведу і назіранняў не меў, а таму не змог напоўніцу перадаць атмасферу змагання. Дакладней, не выступіў у рамане безумоўным наватарам, шо з’яўляецца адной з неабходных умоў творчай удачы.

Што датычыцца раманаў “Вяртанне да віны” і “Не ўсе мы загінем”, дык, на маю думку, творца стаў шмат у чым закладнікам уласнай творчай манеры. У маладыя гады, калі хапала жыццёвай моцы, здавалася, што нават пры павольным выкладанні сюжэта можна паспець адлюстраваць падзеі ўсёй вайны. У сталыя гады прыйшло разуменне, што часу катастрафічна не хапае. Давялося паскорыць крок.

У выніку падзеі першых трох раманаў ахопліваюць час ад пачатку вайны да бітвы пад Масквой (фактычна, крыху больш за паўгады). А ў двух апошніх творах Чыгрынаў паспрабаваў ахапіць увесь астатні перыяд, што не магло не прывесці, на думку вядомага даследчыка Дзмітрыя Бугаёва, да “пэўнай аблегчанасці пісьма, асабліва прыкметнай у апошнім творы”. Акрамя таго, раман “Не ўсе мы загінем” ствараўся ў апошнія гады жыцця, калі здароўе аўтара ўплывала на вынікі творчасці.

Але што з таго? – спытае чытач. У чым жа прынцыповае адрозненне ад сітуацый з раманамі-эпапеямі Я.Коласа і І.Мележа? Істотная розніца бачыцца ў тым, што абодва пісьменнікі стваралі творы, якія могуць чытацца і разглядацца адасоблена ад іншых частак трылогіі. То бок, чалавек, які па нейкіх прычынах не знайшоў “Подых навальніцы”, мог абмежавацца прачытаннем “Людзей на балоце”. Характары герояў і сюжэтныя лініі апошняга твора былі распрацаваны такім чынам, што чытач, перагарнуўшы апошнюю старонку, меў адчуванне завершанасці твора. Пісьменнік сам мог вырашаць, пісаць працяг, ці не. Таму яго ўдача ці няўдача не вельмі ўплывала на агульную ацэнку першага твора.

А вось у Чыгрынава атрымалася адваротная сітуацыя. Жадаў Іван Гаўрылавіч таго, ці не, але ён пісаў менавіта агульны твор, толькі падзелены на часткі пад рознымі назвамі. Ці па меншай меры, меў намер пісаць яго. Нездарма канец “Плача перапёлкі” з‘яўляецца пачаткам “Апраўданне крыві”. Але галоўнае ў тым, што, нягледзячы на высокі мастацкі ўзровень першай кнігі, яна не раскрывала да канца ні характары галоўных герояў, ні сюжэтныя лініі. Яна толькі завязвала вузлы, якія павінны быць раскручаны на працягу ўсёй эпапеі. Менавіта таму ў чытача з’яўляецца адчуванне незавершанасці, якое ўплывае на агульную ацэнку чыгрынаўскай творчасці.

Якое ж тады месца пісьменніка ў беларускім прыгожым пісьменстве? Не прэтэндуючы на ісціну ў апошняй інстанцыі, лічу, што яго лепшыя творы, безумоўна, адносяцца да літаратуры “першага эшалона”. Гэтае дае падставу называць яго маштабным, выдатным творцам. Тым не менш, не пакідае ўражанне, што сёння ўспрыманне твораў Чыгрынава крыху іншае, чым два дзесяцігоддзі таму.

Што дае падставу для такога сцвярджэння? Штуршком для яго сталі невялікія, неістотныя, на першы погляд, дробязі першых двух раманаў. Адразу падкрэслю, што вяду гаворку пра іх не для таго, каб, па прыкладзе Маякоўскага, выкінуць лепшыя творы з літаратурнага “карабля сучаснасці”. Наадварот, калі творы прэтэндуюць на статус класікі, дык, планка патрабаванняў заўжды надзвычай высокая.

Адной з асаблівасцяў існавання вёскі Верамейкі ў творах Чыгрынава стаў яе досыць шчаслівы лёс у грамадскіх падзеях 1920-1930-х гадоў. Узважаная палітыка тагачаснага старшыні калгаса Дзяніса Зазыбы прывяла да таго, што ніхто з яго аднавяскоўцаў не быў раскулачаны. Усе дабраахвотна, хоць і паступова ўступілі ў калгас. Абышлі бокам вёску і рэпрэсіі. Так, яны перыядычна ўзгадваюцца ў першых двух раманах у сувязі з агульнай сітуацыяй у краіне. Але ў адносінах да Верамеек паказваецца толькі эпізод на сходзе, калі адзін з герояў пры асуджэнні чарговай групы рэпрэсаваных “здраднікаў” ўстрымліваецца пры галасаванні… і не атрымлівае ніякага пакарання.

Зразумела, што ў кожным выпадку можна сцвярджаць, што такія сітуацыі мелі месца ў рэальным жыцці. Магчыма, так яно і было. Але з-за гэтага адбылося непажбежнае спрашчэнне прычын, з-за якіх асобныя сяляне пайшлі на службу да немцаў. З вышыні сённяшняга разумення гісторыі відавочна, што некаторых вяскоўцаў штурхала на супрацоўніцтва з новай уладай палітыка 1930-х гадоў, асабліва калектывізацыя і рэпрэсіі.

Параўнанне розных пісьменнікаў і іх твораў – не заўсёды ўдалы прыём. Але думаецца, ён будзе да месца, калі аўтары пісалі пра адзін і той жа час. Дык вось праводзячы паралелі “Плача перапёлкі” і “Апраўдання крыві” з аповесцю Васіля Быкава “Знак бяды”, бачна, што ў Васіля Уладзіміравіча атрымалася не проста па-майстэрску перадаць атмасферу жыцця на акупаванай тэрыторыі, але і прасачыць жывыя сувязі паміж мінулым і будучым, паказаць адказнасць кожнага чалавека за яго ранейшыя ўчынкі. Менавіта таму вобраз Сцепаніды, якая міжволі ўдзельнічала ў калектывізацыі, набыў дадатковае трагічнае адценне.

Пры ўсіх шматлікіх станоўчых якасцях чыгрынаўскіх твораў адзначаныя часавыя сувязі не былі паказаны у Чыгрынава так глыбока, як у Быкава. Напрыклад, калабаранты адлюстроўваліся як непаўнавартасныя людзі, якіх прывяла да немцаў або нянавісць да савецкай ўлады разам з мінулай службай у бацькі Махно (Антон Брава-Жыватоўскі), або паталагічная жорсткасць (Рахім). Для аб’ектыўнасці адзначым, што Быкаў пісаў свой твор у 1980-я гады, калі грамадская атмасфера была ўжо крыху іншай. Наўрад ці Чыгрынаву даравалі б такі падыход на дзесяцігоддзе раней.

Не сумняюся, выкладзеныя думкі будуць неадназначна ўспрынятыя многімі ўдзельнікамі беларускага літаратурнага працэса. Магчыма, у кагосьці яны выклікуць рашучае пярэчанне. Зрэшты, калі класіка выклікае інтарэс і прачытваецца па-іншаму, чым раней, гэта сведчыць толькі пра тое, што яна працягвае сваё жыццё ў бязмежнай прасторы літаратуры.

Іван Чыгрынаў. Новае прачытанне// Літаратура і мастацтва. 2011. 22 ліпеня. № 29. С. 5.