У гасцях у парнасаўскага Тараса

Апошнія гады Гарадок абавязкова сустракае надыход лета ўрачыстасцямі. У горадзе ўжо трэці раз прайшло свята народнай твор часці беларускай паэзіі і фальклора “Гарадоцкі Парнас”.


Памятны знак, прысвечаны знакамітай паэме. Фота аўтара.

Дададзены і іншыя фотаздымкі.

Ля вытокаў правядзення свята, стаяла Вольга Каўрыга, загадчык аддзела культуры Гарадоцкага раёна. У 2009 годзе яно яшчэ мела больш вузкі, раённы маштаб. Але ўжо праз год выйшла на ўзровень вобласці: у Гарадок з’ехаліся майстры з Полацка і Віцебска. Першыя два гады свята праходзіла пад назвай “Вераніцынскі Парнас”. Такая назва лёгка вытлумачыць. Як ўстанавілі навукоўцы, менавіта Канстанцін Вераніцын, які нарадзіўся ў вёсцы Астраўляны на Гарадокшчыне, з’яўляецца аўтарам легендарнай паэмы “Тарас на Парнасе”, што доўгі час лічылася ананімнай. Сёлета мерапрыемства атрымала назву “Гарадоцкі Парнас”.

Урачыстасці распачаліся на цэнтральнай плошчы горада, дзе адбылося святочнае адкрыццё свята з удзелам аркестра народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай сельска-гаспадарчай акадэміі горада Горкі і ансамбляў з самога Гарадка “Яблынька” і “Гарадоцкія музыкі”. А потым жыхары і госці горада сталі гледачамі канцэрт “Вечарынка на Парнасе”.

Далей мерапрыемствы плаўна перамясціліся ў гарадскі сквер, дзе адбыўся “Кірмаш ля Парнаса”. Там ад разнабаковай праграмы ў гледачоў літаральна разбягаліся вочы. Арганізатары падзялілі прастору на шэраг панадворкаў, гаспадарамі якіх з’яўляліся прадстаўнікі пэўнай вёскі ці прадпрыемства. На тэрыторыі кожнага з іх ладзіліся гульні і забавы, гучалі песні і дэгуставаліся блюда з нацыянальнай кухні. Побач госці свята змаглі ўбачыць выставу работ, якую падрыхтавалі майстры народных рамёстваў з Гарадка і Віцебска, кірмаш сувенірнай прадукцыі і майстар-класы па ўнікальных рамёствах (лозапляценню, ткацтву і іншых). Паказваліся кросны, якія зусім нядаўна прэзентавалі беларускую культуру ў далёкай Венесуэле.


Знакамітыя кросны і іх гаспадыня. Фота аўтара.

Тым часам у Доме рамёстваў адбылося адкрыццё выставы работ, падрыхтаваных майстрамі клуба “Роўша” (кіраўнік Ніна Ярмук), створанага пры Полацкім цэнтры традыцыйных культур і рамёстваў. Яго сябры, што працуюць у тэхніцы лапікавага шыцця, паказвалі свае працы ў Полацку, Віцебску, Санкт-Пецярбургу. У рамках выставы быў прэзентаваны міжнародны праект “Раунд Робін”, ажыццёўлены майстрыхамі Беларусі і Даніі. Яго сэнс заключаецца ў тым, што працу пачынае адна майстрыха, працягвае іншая і г.д. А заканчвае ў рэшце рэшт – першая. Прызнаюся, выстава пакінула найбольшае ўражанне. Упэўнены, лепшыя творы, у прыватнасці трыпціх на тэму Вялікдня, меў бы несумненны поспех сярод сталічнай публікі.


Адзін з твораў, прысвечаных Вялікдню. Фота аўтара.

Мерапрыемствы працягнула свята паэзіі і песні “Гарадокская ліра”, якое стала сімвалічным праяўленнем сувязяў паміж мінулым, сучасным і будучым. Традыцыю сімвалізавала тэатралізаваная пастаноўка, падчас якой калектыў Народнага тэатра з мясцовага Дома творчасці прадставіў сваю версію паэмы “Тарас на Парнасе”. Сучаснасць ярка ўвасобілі госці ўрачыстасцяў. Не будзе перабольшваннем сказаць, што самым яркім атрымалася выступленне ўраджэнца Гарадоччыны, паэта і перакладчыка Уладзіміра Скарынкіна, які прачытаў слухачам два свае творы. А вось літаратурную будучыню сімвалізавалі сабой удзельнікі і пераможцы конкурсу “Гарадокская ліра”, арганізаванага літаратурным клубам “Гарадок”. Падчас падвядзення вынікаў былі вызначаны лепшыя гумарыстычныя творы у жанрах прозы, паэзіі, аўтарскай песні і сцэнічнага жарту.

Напрыканцы свята адбылася выязная экскурсія па маршруту “Гарадок – Астраўляны – возера Лосвіда – Гарадок”, падчас якой госці змаглі ўбачыць радзіму К. Вераніцына і адчуць усю прыгажосць краявідаў беларускага Падзвіння.

На гарадоцкім Парнасе// Літаратура і мастацтва. 2011. 8 ліпеня. № 27. С. 7.