Рамантыка тэатральнага Львова

Час летніх адпачынкаў міжволі прымушаюць беларусаў задумацца пра падарожжы. Але як быць тым, для каго Еўропа закрыта дарагавізнай «шэнгенскай заслоны»? Яшчэ цяжэй прыхільнікам оперы і балета, бо беларускі калектыў знаходзіцца ў адпачынку. Каб вырашыць дзве праблемы адначасова, Запрашаю Вас у Заходнюю Украіну, у Львоўскі нацыянальны акадэмічны тэатра оперы і балета імя Саламеі Крушальніцкай.


Львоўскі тэатр. Фота з сайта тэатра www.opera.lviv.ua

Ад Мінска да Львова – адлегласць няблізкая, у 700 кіламетраў. Але для балетнага і опернага мастацтва яна даўно не з’яўляецца перашкодай. У красавіку 2010 года на сцэне Львоўскага нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Саламеі Крушальніцкай адбылося выступленне салістаў беларускай оперы Ніны Шарубінай і Станіслава Трыфанава, якія выканалі вядучыя партыі ў оперы “Набука” Вердзі. У верасні жыхары горада сталі сведкамі канцэрта салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча, а таксама пабачылі Ірыну і Алега Яромкіных у вядучых партыях у балеце “Лебядзінае возера” (апошнія мерапрыемствы прайшлі ў межах Дзён культуры Беларусі ва Украіне).
Запрашаю ў вандроўку ў Львоў па іх слядах.

Цэнтральнай вуліцай горада справядліва лічыцца праспект Свабоды. З паўднёвага боку ён абмежаваны плошчай Міцкевіча, з паўночнага – Львоўскім оперным тэатрам. За час вандровак (як рэальных, так і віртуальных) мне давялося пабачыць шмат адметных і надзіва прыгожых тэатральных будынкаў. Без аніякага перабольшвання, нават славутыя Венская опера і парыжская Гранд-опера не могуць параўнацца са Львоўскім тэатрам!

Першыя скульптуры сустракаюць гасцей на фасадзе: па баках Геній трагедыі з маскай і Геній драмы з лірай. У цэнтры – скульптура, якая ўвасабляе Славу. Адразу за масіўнымі ўваходнымі дзвярыма – памяшканне тэатральных кас. А за наступнымі дзверыма пачынаецца… казка! На мове спецыялістаў яна мае назву венскі псеўдарэнесанс, у якім спалучаюцца рысы ренесанса і барока. Над столлю вестыбюля, па перыметры знаходзяцца алегарычныя выявы архітэктуры, жывапісу, скульптуры, музыкі, навукі, рамёстваў, перамогі і… часоў года.

На першым паверсе – гардэроб і ўваход у партэр. На другі паверх узнімаюся па шыкоўнай лесвіцы, якую ўпрыгожвае балюстрада з ружовага мармуру.


На першым плане — лесвіца на другі паверх. Фота аўтара

У нішах усталяваны бюсты славянскім геніям: А.Міцкевічу, А.Пушкіну, Т.Шаўчэнку і І.Франко. Чатырохярусная глядзельная зала, разлічаная на 1000 гледачоў, па форме нагадвае ліру. Яе столь упрыгожвае плафон “Апафеоз славы” і старадаўні герб Львова.

Падчас антрактаў у фае і ў партэры гучала ўкраінская, англійская і руская мовы. Відавочна, сярод наведвальнікаў тэатра хапала турыстаў, захопленых інтэр’ерамі будынка.

Калі набываеш праграмку спектакля, заўважаеш, што ў спісе выканаўцаў прозвішчы сённяшніх артыстаў не пазначаны. Але на сцяне ў фае гэты спіс ёсць. Гэта пазбаўляе супрацоўнікаў ад механічнай працы, але і стварае дадатковыя цяжкасці гледачам, бо аб’ява кідаецца ў вочы далёка не адразу. Ёсць у фае Львоўскага тэатра люстэркавая зала, якая надзвычай цесна звязана з нашай зямлёй.

Саламея Крушальніцкая і… беларускі след
Тут у 2002 годзе былі ўсталяваныя бюсты творцаў, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё калектыву. Зразумела, у цэнтры – скульптурны партрэт легендарнай Саламеі Крушальніцкай, зоркі еўрапейскага опернага мастацтва пачатку ХХ ст. (Нагадаю, што пасля правалу прэм’еры “Мадам Батэрфляй” Дж.Пучыні менавіта Саламея была запрошана ўвасобіць вядучую партыю, яе выкананне і адначасовая невялікая перапрацоўка оперы прынесла пастаноўцы сапраўдны трыумф).

У люстэркавай зале – акрамя бюстаў тэнараў Аляксандра Мішуры і Мадэста Менцынскага, скульптурныя выявы дырыжора Яраслава Вашчака і сцэнографа Яўгена Лысіка. Як вядома, апошнія двое цесна звязаны з гісторыяй беларускага музычнага тэатра. Вашчак, адзін з буйнейшых оперных дырыжораў савецкага часу, працаваў у Львове больш за 25 гадоў: спярша як хормайстар, дырыжор, а з 1953-га як – галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік. У 1972-м ён прыйшоў галоўным дырыжор у наш тэатр оперы і балета, дзе працаваў да канца жыцця. Менавіта тут ён быў ганараваны званнем народнага артыста СССР.

Народны мастак Украіны Яўген Лысік больш за 10 гадоў ён з’яўляўся галоўным мастаком Львоўскага тэатра оперы і балета, усяго два гады — Беларускага.


Бюст Яўгена Лысіка. Фота аўтара

Лысіку належыць маштабная і надзіва экспрэсіўная сцэнаграфія спектакляў, што склалі гонар сучаснага беларускага балета, – гэта “Кармэн-сюіта”, “Стварэнне свету”, “Тыль Уленшпігель”, “Шчаўкунок”, “Спартак”. Пад музычным кіраўніцтвам Я.Вашчака адбыліся прэм’еры балетаў “Балеро” і “Карміна Бурана”, оперы “Дзікае паляванне караля Стаха”, а таксама класічных спектакляў “Сельскі гонар”, “Барыс Гадуноў”, “Дон Карлас”. Калі разглядаеш фае Львоўскай оперы, міжволі ўзнікае пытанне: хіба не заслугоўваюць такога ж гонару дзеячы беларускага мастацтва? Абноўленае фае мінскага тэатра ўпрыгожваюць фарфоравыя лялькі М.Байрачнага, што адлюстроўваюць персанажаў эпохі “Рускіх сезонаў” і Сяргея Дзягілева. Але напэўна, у іншых фае і іншых паверхах маглі б быць і бюсты Л.Александроўскай, А.Нікалаевай, Я.Вашчака, Я.Лысіка, Г.Праваторава і шэрагу іншых славутых дзеячаў музычнай сцэны.

Тэатр над вадой
Разглядаючы багата і густоўна аздобленыя інтэр’еры і залу Львоўскага тэатра оперы і балета, міжволі згадваеш яго гісторыю. А яна вядзе свой адлік з канца ХІХ стагоддзя, калі горад з’яўляўся часткай Аўстра-Венгрыі. У 1895-м быў аб’яўлены конкурс на праект тэатра. Міжнароднае журы, якое знаходзілася ў Лейпцыгу, аддало 1-е месца праекту Зігмунда Гаргалеўскага, дырэктара Львоўскай вышэйшай мастацка-прамысловай школы. Паколькі цэнтр горада ўжо быў забудаваны, ён прапанаваў… схаваць раку Полтву пад зямлю і ўзводзіць тэатр менавіта на яе месцы. Будаўніцтва пачалося ў 1897-м і працягвалася тры гады. Упершыню ў Еўропе была выкарыстана суцэльная бетонная аснова замест традыцыйнага фундамента. Праект каштаваў 2,4 мільёны аўстрыйскіх крон, прычым, грошы выдаткавала не толькі гарадская ўправа, але і жыхары горада.

Вялікі гарадскі тэатр ўрачыста адкрыўся 4 кастрычніка 1900 года прэм’ерай оперы “Янек” кампазітара В.Жаленскага. На спектаклі прысутнічалі мастак-акадэміст Генрых Семірадскі, які працаваў над афармленнем сцэны і заслоны; славуты пісьменнік Генрых Сенкевіч; музыкант, піяніст і кампазітар Ігнацый Падэрэўскі (у 1919-ым ён нечакана для многіх стаў прэм’ер-міністрам і міністрам замежных спраў Польшчы). Прысутныя былі ў захапленні ад працы Гаргалеўскага. За праект будынка тэатра ён быў ганараваны ордэнам. Праўда, ужо ў наступным годзе адбылася непрыемнасць: будынак нечакана асеў ажно на паўметра, а на сцяне ля сцэны з’явілася трэшчына. Хутка праблемы былі вырашаныя, але неўзабаве архітэктар памёр, што нарадзіла легенду пра яго самагубства.

Міжваенны перыяд, калі Львоў уваходзіў у склад Польшчы, аказаўся досыць складаным. Дзяржава не выдаткоўвала на тэатр грошай. Таму большасць пастановак не збіралі аўдыторыі, а канцэрты зорак (напрыклад, Энрыка Каруза) каштавалі занадта дорага. У выніку ў 1934-м тэатр закрыўся з-за фінансавага крызісу. Яго аднаўленне звязана з 1939 годам, калі Заходняя Украіна была далучана да СССР. Новы тэатр атрымаў назву Львоўскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета (потым яму было дадзена імя пісьменніка І.Франко; цяпер зменена на імя С.Крушальніцкай). Менавіта ў 1939-ым у калектыве з’явілася паўнавартасная балетная трупа. Адной з першых яе пастановак стала знакамітая “Капелія”. Менавіта гэты спектакль мне давялося ўбачыць падчас львоўскай вандроўкі.

Дзяўчына з блакітнымі вачыма
Часам здаецца, балет вельмі сур’ёзны, а часам трагічны від мастацтва. Таму жанр камедыі не так часта, як хацелася б, сустракаецца на сцэне. Спробай стварэння камедыйнага спектакля з’ўляецца “Марная перасцярога”, якая ідзе на нашай сцэне, але яна – сведчанне харэаграфічнай думкі ХVІІІ ст. Як адлюстраванне гумарыстычнага ўспрымання рэчаіснасці можна разглядаць некаторыя спектаклі Р.Паклітару, у тым ліку ягоную пастаноўку “In pivo veritas” і шэраг мініяцюр, якія можна інтэрпрэтаваць як пародыі на класічныя пастаноўкі. Львоўская “Капелія” (“Капелія, або дзяўчына з блакітнымі вачыма”) – удалы прыклад поспеху ў лірыка-камедыйным накірунку.

Балет-пантаміма Л.Дэліба заснавана на матывах казкі Гофмана “Пясочны чалавек” і вызначаецца лёгкім, прыцягальным сюжэтам. У цэнтры яго – класічны любоўны “трохкутнік”. Франц (у львоўскім спектаклі яго танцуе Віталь Рыжы) мае нявесту Сванільду (Хрысціна Трач), але марыць аб прыгажуні Капеліі (Яўгенія Каршунова). Апошнюю можна ўбачыць у акне дома майстра Капеліуса, але паненка ніяк не рэагуе на ўвагу хлапцоў і не выходзіць на вуліцу. Паасобку трапіўшы ў дом майстра, закаханыя пераконваюцца, што Капелія – усяго толькі… лялька!

Упершыню пастаўленая ў час росквіту класічнага балета, “Капелія” не прэтэндавала (за выключэннем, хіба, 3-й дзеі) на тое, каб танцоўшчыкі дэманстравалі свае тэхнічныя здольнасці. Мажліва, таму “Капелія” досыць часта прысутнічала ў афішы маладых тэатраў, якія не назапасілі значных традыцый. З яе пастаноўкі ў ХХ ст. пачалася гісторыя літоўскага балета. У Беларусі “Капелія” ставілася двойчы: у 1922-м балетмайстрам К.Алексютовічам на сцэне БДТ-1, а ў 1935-м – Ф.Лапуховым на сцэне тэатра оперы і балета, прычым, вядучыя партыі танцавалі славутыя А.Нікалаева і С.Дрэчын. У Львове “Капелію” паставілі адразу пасля вайны, у 1945-м. Пастаноўка П.Малхасянца, які выкарыстаў фрагменты харэаграфіі А.Горскага, дарыла гледачам лёгкасць, гарэзную любоўную гульню і розыгрыш, падчас якога Сванільда пераапраналася ў вопратку Капеліі. Карацей, добры настрой, знітаваны са светлай музыкай і прафесійнай харэаграфіяй.

Юбілей… і планы на будучыню
Апошнія гады для Львоўскага тэатра былі насычаны падзеямі. У 2005-м тэатр атрымаў статус нацыянальнага. Паляпшаецца яго тэхнічная ўзброенасць: у 2006-м у глядзельнай зале з’явіўся бягучы радок для перакладу тэксту опер з мовы арыгінала. У 2008-м у тэатры паклалі новую падлогу з нямецкага дуба, дываны, абноўлены крэслы, пазалота першага яруса і партэра.

Сезон 2010/2011 гадоў быў асаблівым, бо тэатр адсвяткаваў уласны 110-гадовы юбілей. Варта адзначыць, што Львоўскі оперны тэатр уваходзіць у аб’яднанне “Еўропа-опера”, што існуе пры Еўрасаюзе. Яно аб’ядноўвае 111 тэатраў з 34 краін свету. Львоўскі тэатр – адзіны з усёй Украіны, які прадстаўлены там.

Цікава нагадаць, што на пачатку 2010 года кіраўніцтва Львоўскага і Беларускага тэатраў оперы і балета дамовілася пра творчае супрацоўніцтва. Плануецца абмен калектывамі, асобнымі салістамі і дырыжорамі. Таму варта спадзявацца, што неўзабаве мінскі глядач убачыць славутую трупу Львоўскага тэатра на нашай сцэне.

Мінск – Львоў – Мінск

P.S. 7 ліпеня ў Львове ідзе опера «Маісей», 8-га — балет «Пахіта», 9-га — опера «Набука», 10-га — балет «Лебядзінае возера», 14-га і 17-га — опера «Наталка-Палтаўка», 16-га — аперэта «Лятучая мыш».

Рамантыка тэатральнага Львова: 2 комментария

  1. Спасибо за экскурсию, было интересно по нескольким причинам. Во-первых, знакомство со Львовов состоялось, во-вторых, поездка была немного в другом ключе. С театрами было сложно — в выходные-праздники все было закрыто.
    В качестве культурного обмена — http://lunotes.com/lvov-glazami-gurmana/

  2. Спасибо!
    Попади я во Львов после прочтения Вашего текста, все могло сложиться по-другому. По крайней мере, в кулинарном смысле:))
    Рекомендовал пост друзьям в Фейсбуке.

Комментарии запрещены.