Памёр Віктар Цемушаў

На 37-м годзе жыцця памёр гісторык Віктар Мікалаевіч Цемушаў. Цудоўны, абаяльны чалавек, таленавіты даследчык, які чытаў лекцыі і праводзіў семінарскія заняткі ў нашай беларускамоўнай плыні на гістарычным факультэце БДУ.


Фота з сайта www.hist-geo.net

Віктара Цемушава я ўбачыў упершыню восенню 2004 года, калі толькі паступіў на гістфак. Лекцыі па гісторыі Расіі старажытнага перыяду (да 17 стагоддзя) чытаў яго брат-блізнята Сцяпан Мікалаевіч. Аднак знешне яны адрозніваліся: наш лектар меў доўгія валасы, якія закручваў у хвост, а ў Віктара была кароткая стрыжка. Але спярша я пра гэта не ведаў, таму калі сустрэў у калідоры “Сцяпана”, які моцна змяніўся, здзівіўся, але павітаўся. “Вы ўжо чацвёрты, хто сёння называе мяне Сцяпанам Мікалаевічам” – усміхнуўся ён.

А неўзабаве Віктар Цемушаў пачаў праводзіць у нас семінарскія заняткі. У першым семестры па названым курсе, у другім – па гісторыі Расіі 17-18 стагоддзяў. Без перабольшвання магу сказаць, што гэта былі адны з самых цікавых за час нашага навучання на факультэце.

Ужо потым мы наведаліся, што Віктар Мікалаевіч з’яўляўся даследчыкам сярэднявечнай беларускай гісторыі, таленавітым картографам, чые працы выходзілі як ў Мінску, так і Маскве. А тады мы проста любілі яго заняткі. Мае аднагрупніцы нават называлі яго Віні (ад першых складоў яго імя і імя па бацьку).

У адрозненне ад некаторых калег, якія прымушалі запамінаць безліч факталагічнага матэрыялу, Віктар Мікалаевіч прымушаў нас думаць. Большасць з нас былі наіўнымі студэнтамі, якія прымалі на веру шмат з таго, што было напісана ў падручніках. Ён з лёгкасцю даказваў няслушнасць прыведзеных фактаў, ідэалагзаванасць савецкіх тэорый. А ў якасці прыкладаў прыводзіў навейшыя даследаванні расійскіх навукоўцаў, прысвечаныя татара-мангольскаму ігу, супрацьстаянню Маскоўскага і Цвярскога княстваў, Смуце. Віктар Мікалаевіч думаў разам з намі. Яго постаць ля акна, яго звычку залесці на стол або паваконне, трымаючы ў руках асадку і разважаць, думаць разам з намі я запомню назаўсёды.

На пятым курсе Віктар Цемушаў чытаў у нас нікому не патрэбны курс па тэхнічным сродкам навучання. Але ўсё роўна змог асвяжыць яго, бо на семінарах мы вучыліся гістарычнай геаграфіі і малявалі на камп’ютары карты. Дарэчы, пры праверцы студэнтаў высветлілася, што ён запомніў людзей, якія давалі арыгінальныя адказы на першым курсе. А з таго часу прайшло ўжо чатыры гады.

Інфармацыя пра яго страшэнную хваробу стала вядома ў канцы мінулага года. У шоку былі ўсе. Але калі праз нейкі час Віктара Мікалаевіча выпісалі з бальніцы, у глыбіні душы захоўвалася таемная надзея на цуд. Але ні медыцына, ні нашыя малітвы так і не змаглі дапамагчы.

Ён застанецца ў нашай памяці цудоўным, светлым чалавекам, якога нам будзе вельмі не хапаць.

Светлая памяць!

Памёр Віктар Цемушаў: 3 комментария

  1. Добры дзень! Вас турбуе вэб-рэдактар сайта часопіса «ARCHE». Для публікацыі на сайце я выкарыстаў Ваш пост, прысьвечаны Віктару Цемушаву. Прашу прабачэньня, што не спытаў загадзя Вашага дазволу.
    Спасылка: http://arche.by/by/39/40/6115/%D0%92%D1%96%D0%BA%D1%82%D0%B0%D1%80-%D0%A6%D0%B5%D0%BC%D1%83%D1%88%D0%B0%D1%9E.htm
    Дзякуй.

  2. Дзякуй Вам. Усё нармальна. Спасылка ж стаіць.
    Вы — малайцы, што такое зрабілі! Як мага больш людзей прачытае пра Віктара Мікалаевіча.

Комментарии запрещены.