Супрацоўніца дыскаунтэра як гераіня нашага часу

Працягваем знаёмства з навінкамі беларускай літаратуры. Сёння прааналізуем апавяданне Святланы Кражавай “«Маналіт» Веры”, галоўнай гераіняй якога з’яўляецца супрацоўніца дыскаунтэра.


У такіх інтэр’ерах магла працаваць гераіня апавядання.
Фота з сайта www.chibis.ru

Апавяданне Святланы Кражавай “«Маналіт» Веры”, надрукаванае ў майскім нумары часопіса “Нёман”, стала для мяне першым знаёмствам з творчасцю аўтара. Выпускніца факультэта псіхалогіі Яраслаўскага дзяржаўнага універсітэта, яна з’яўляецца аўтарам кнігі апавяданняў “Тайна земли Езо”, выдадзенай пад прозвішчам Крашэннікава-Кражава, а таксама шэрагу твораў, што публікаваліся ў калектыўных зборніках. Танальнасць вершаў паэтэсы, змешчаных у альманаху “Дзень паэзіі – 2005”, намякала на магчымасць знаёмства з лірычна-рамантычным апавяданнем. Тым больш прыемна было пераканацца ў стылістычнай разнабаковасці аўтара. “«Маналіт” Веры” прысвечаны складанаму лёсу сучаснай жанчыны, былой супрацоўніцы праектнага інстытута. на пачатку 1990-х гадоў яе установа спыніла сваё існаванне, і Вера, якая засталася адна з дзіцёнка на руках, уладкавалася кладаўшчыцай у краму-дыскаунтэр…

Хто з чытачоў не завітваў туды хоць бы раз у некалькі тыдняў у пошуку больш танных тавараў? Але ці знойдуцца ў беларускай літаратуры творы, чый аўтар перанёс туды дзеянне? Такім чынам, апавяданню ўласціва наватарства ў выбары тэматыкі, што стала першым кампанентам поспеху. Аднак яго, відавочна, не хапіла, калі б С. Кражава не здолела па-майстэрску выбраць адпаведную танальнасць. Самым простым шляхам магло стаць паглыбленне ў сацыяльную тэматыку, абвінавачванне савецкай або капіталістычнай сістэмы, якая давяла людзей да такога стану. Складаным, але не зусім апраўданым, – нагрувашчванне сюжэта дэтэктыўнымі паваротамі ці злачынствамі. Аўтар выбрала найбольш удалы для жанру шлях: паспрабавала намаляваць звычайны лёс звычайнай супрацоўніцы дыскаўнтэра.

Задума С.Кражавай нарадзіла ў мяне пэўныя асацыяцыі і паралелі са славутым апавяданнем А.Салжаніцына “Адзін дзень Івана Дзянісавіча”. Рускі пісьменнік меркаваў “апісаць адзін усяго дзень у падрабязнасцях, у драбнюткіх падрабязнасцях, прытым дзень самага простага рабацягі. (…) І нават не трэба нагнятаць нейкіх жахаў, не трэба, каб гэта быў нейкі асаблівы дзень, а – шэраговы, вось той самы дзень, з якога складаюцца гады і тут адаб’ецца ўсё наша жыццё”. Бадай, будзе пэўным перабольшваннем параўноўваць лёс лагернага зэка і супрацоўніцу дыскаунтэра, умовы зняволення і працы. Але ўражанне ад звычайнага дня з жыцця дыскаўнтэра атрымалася надзвычай моцнае. Нягледзячы на тое, што перад чытачамі разгортваецца прыватная гісторыя адной жанчыны, яе лёс можна смела абагуліць з біяграфіямі тысяч прадстаўнікоў інтэлігенцыі, вымушаных выжываць на пачатку 1990-х. Ва ўздзеянні на чытачоў, у абагульненні жыццёвых лёсаў цэлага пакалення бачыцца другі кампанент поспеху.

Трэцім кампанентам выступае гуманістычнасць апавядання. Нягледзячы на складаны лёс і цяжкое жыццё гераіні, яно прываблівае сваёй унутранай цеплынёй. Згаджуся, мянушка галоўнай гераіні – “Маналіт” – сведчыць пра яе нешматслоўнасць, замкнёнасць, трываласць. Але хто здагадваецца, якое душэўнае багацце хаваецца ў характары Веры! Вельмі дарэчным выглядае наяўнасць у апавяданні вобраза Леаніда, яе грамадзянскага мужа. Аўтарская рэмарка пра тое, што пасля сумеснай паездкі на мора “нога Веру с полгода не беспокоила, хромота стала почти незаметной” сведчыць, што не толькі агульная атмасфера ў грамадстве, але і абыякавасць і бяздушнасць людзей сталі прычынай драмы гераіні.

Чаго не хапіла апавяданню, дык, на маю думку, яркіх характарыстык у абмалёўцы асоб другога плана. Не зусім зразумелая асоба дачкі Веры, яе ўзаемаадносіны з маці. Акрамя таго, не пакідае ўражанне, што ў творы С. Кражавай апавядальна-бытавыя дэталі часам пераважаюць над мастацкімі.

Адной з праблем беларускай літаратуры з’яўляецца тая акалічнасць, што значная частка таленавіта напісаных твораў уздымае тыя праблемы, якія апрыёры не могуць да бясконцасці прыцягваць увагу сярэдняга класу (гісторыя, самасвядомасць, мова, развагі героя-інтэлігента пра сэнс жыцця і г.д.). Тыя ж творы, якія закранаюць праблемы гэтай праслойкі, часцей за ўсё напісаны на такім узроўні, што не прэтэндуюць на статус мастацкай з’явы. Значэнне апавядання “«Маналіт» Веры” ў тым, што яно ў пэўнай ступені закрывае гэтую “белую пляму” і, несумненна, прыцягне да літаратуры больш шырокія колы чытачоў.

Маналіт для Веры// Літаратура і мастацтва. 2011. 24 чэрвеня. № 26. С. 7.