Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага завяршыў мінулы сезон “парадам прэм’ер”: чатырма спектаклямі, які былі пастаўлены ў 2010 годзе.
Эсфір Львоўна (Вольга Клебановіч). Фота з сайта тэатра
Адкрыўся парад спектаклем “Эсфір” паводле п’есы Людмілы Уліцкай “Мой унук Веньямін”.
У апошні час Рускі тэатр зрабіў стаўку на раскручаныя брэнды. У чэрвені на яго сцэне адбыўся паказ кракаўскага каралеўскага балета. У верасні плануецца прэм’ера спектакля “Дзева і смерць”, для чаго запрошаны славуты польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі. Таму зварот да твора і імя Уліцкай быў цалкам разлічаным крокам. Папулярная пісьменніца, лаурэат Букераўскай і шэрагу іншых прэмій, Уліцкая больш вядомая як празаік. Яе п’есы (“Рускае варэнне”, “Сямёра святых з вёскі Брухо”, “Мой унук Веніамін” і іншыя) карыстаюцца меншай папулярнасцю. Тым не менш за апошнія два гады “Мой унук…” быў пастаўлены тройчы. Спярша да яго звярнуўся Марк Разоўскі, які пад назвай “Незабудкі” ўвасобіў яго ў сваім тэатры “Ля Нікіцкіх варот”. У красавіку гэтага года прэм’ера адбылася ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры. Трэцяй па ліку стала пастаноўка Рускага тэатра.
Спектакль пазначаны рэжысёрам-пастаноўшчыкам Валянцінай Ераньковай як “сямейная меладрама”. Сапраўды, яўрэйскай сям’і з Бабруйска, якая згубіла большасць сваіх суседзяў і сваякоў падчас вайны, даводзіцца перажыць шмат жыццёвых нягод. Вядомая краўчыха Эсфір Львоўна (Вольга Клебановіч) жыве ў Маскве, дзе абшывае Гурчанку і Пугачову. Яе нежанаты сын, фізік і кандыдат навук Лёва, які так і не з’явіцца на сцэне, знаходзіцца пад поўным кантролем сваёй самаахвярнай і дэспатычнай маці. Жадаючы працягнуць свой род, Эсфір прывозіць яму з Бабруйска нявесту, 18-гадовую Сонечку (Алена Сцяцэнка) і нават даводзіць маладых да ЗАГСа. Але тут Лёва, страціўшы ўсялякае цярпенне, ўцякае з дома, каб стварыць уласную сям’ю. А галоўная гераіня застаецца разам з нявесткай і сваёй сяброўкай Лізаветай Якаўлеўнай (Людмілай Былінская). Але без сына, таму настойліва імкнецца вярнуць яго і з-за таго перажывае шмат трагікамічных здарэнняў.
Жыццё тыповых прадстаўнікоў яўрэйскага народа, атмасфера і лад ягонага жыцця не так часта станавілася аб’ектам ўвагі нашага драматычнага тэатра. З найбольш яркіх зваротаў да гэтай тэмы, несумненна з’яўляецца легендарная пастаноўка “Памінальнай малітвы”, ажыццёўленая ў 1989 годзе Барысам Эрыным на сцэне Купалаўскага тэатра. Прызнацца шчыра, у параўнанні з ёй “Эсфір” істотна праіграе. “Малітва” з’яўлялася эпічнай драмай, заснаванай на ўмяшанні жорсткага, бязлітаснага знешняга асяроддзя ў гарманічны і ўпарадкаваны свет герояў. Выпісаная яркімі, сакавітымі мазкамі, п’еса Горына адлюстроўвала каларыт яўрэйскага жыцця, яго цесныя ўзаемаадносіны з рускімі, часам камічныя, а калі-некалі і драматычныя.
Жанр п’есы Уліцкай (сямейная меладрама) нібыта адразу расстаўляе прыярытэты і не прэтэндуе на ўсеагульнасць. Чаго ж тады не хапае “Эсфіры”? Дынамікі, асабліва ў першай дзеі? Але і ў “Памінальнай малітвы” хада падзей досыць павольная, яна перадае няспешнасць і, адначасова, хуткаплыннасць чалавечага жыцця. Не хапае жывой інтанацыі яўрэйскага маўлення? Ды не, у спектаклі ў гэтым плане зусім не адчуваецца штучнасці, наадварот драматург надзіва дакладна перадае нацыянальнай асаблівасці гаворкі. Прычым, Уліцкая не ішла ўслед за публікай і амаль не стварала наўмысныя камічныя эфекты. Думаецца, уся праблема ў тым, што аўтар засталася празаікам, але так і не стала драматургам.
Стылістычна п’еса мае высокі ўзровень, але, на жаль, у ёй ёсць толькі адзін жывы, супярэчлівы, добра прапісаны характар – сама Эсфір. Спектакль стаў сапраўдным бенефісам непараўнальнай Вольгі Клебановіч, якая стварыла вобраз “апошняй местачковай яўрэйкі”. Бездакорнае маўленне, натуральная ігра, дэманстрацыя ўсёй палітры пачуццяў і адценняў настрою гераіні – гледачы ўбачылі сапраўдную Народную артыстку. Таму назва пастаноўкі была выбрана рэжысёрам вельмі ўдала.
Аднак усе астатнія героі атрымаліся ў п’есе схематычнымі, дэкаратыўнымі, нежывымі. Складвалася ўражанне, што на рэпетыцыях артысты атрымалі заданне, але выканалі яго нятворча і амаль механічна.
Рэжысёр Валянціна Еранькова вядомая шэрагам удалых і шмат у чым наватарскіх пастановак (кшталту, мюзікла “Утаймаванне свавольнай” па Шэкспіру). Таму яе выбар п’есы выклікае пэўнае здзіўленне. Спектакль “Эсфір” нагадвае дом, у аснову якога з самага пачатку забыліся закласці трывалы фундамент. Таму ўсе спробы палепшыць спектакль загадзя асуджаны. Пры гэтым пастановачная група (мастак-сцэнограф Андрэй Меранкоў, кампазітар Аляксей Еранькоў, мастак па касцюмах Таццяна Лісавенка) зрабіла сваю працу на ўзроўні. Дэкарацыі натуральна ўвасаблялі быт маскоўскіх кватэр Эсфір Львоўны і Лізаветы Якаўлеўны. Музыка тонка перадавала душэўныя пачуцці галоўнай гераіні. Сюжэт перыядычна перапыняўся ўстаўнымі харэаграфічнымі нумарамі (Сяргей Чэкерэс, Алёна Козырава, Віталь Краўчанка), якія, на жаль, не вызначаліся арыгінальнасцю (рэжысёр па пластыцы Яўген Карняг).
Выканаўцы асноўных роляў дакладна выконвалі рэжысёрскую задуму. Але ні шчырая Сонечка, ні яе праставаты кавалер Віця (Аляксей Сенчыла), ні альтруістычная і крыху блазнаватая Лізавета Якаўлена не здолелі, а можа і апрыёры не маглі дадаць у пастаноўку новыя адценні. Акрамя моманту, у якім Эсфір спрабуе скончыць жыццё самагубствам, а таксама эпізоду, калі Соня даведваецца пра ўцёкі мужа, у спектаклі няма ніводнай сцэны, якая прымусіла б сур’ёзна перажываць за герояў.
Прэм’ера “Эсфіры” не стала адназначана няўдалай ці нават правальнай. Але адначасова спектакль не стаў адкрыццём нечага новага і не вывеў калектыў на новыя вышыні. Атрымалася чарговая годная пастаноўка і бенефіс віртуознай артысткі Вольгі Клебановіч.
У чаканні Зануссі?// Настаўніцкая газета. 2010. 14 верасня. № 113. С. 8 (апублікавана са скарачэннямі).