Тэатр на Захадзе і ў нас

Тэатр на Захадзе, за шэнгенскім кардонам… Які ён? Зразумела, час ад часу да нас прыязджаюць трупы з іншых краін, у сталіцы і абласных цэнтрах ладзяцца міжнародныя фестывалі. Але ў краінах Усходняй і Заходняй Еўропы, інтэнсіўнасць музычна-тэатральнага жыцця не меншая, а часам і большая. Нараканні на пэўную адасобленасць беларускага тэатральнага свету, які жыве па сваіх законах, неаднойчы даводзілася чуць у выказваннях нашых артыстаў.


Будынак пражскай Філармоніі. Фота аўтара

Летам 2008 года я меў магчымасць наведаць Прагу і Вену і паспрабаваў разабрацца ў асаблівасцях тамтэйшага тэатральнага жыцця. Было б наіўна сцвярджаць, што яго таямніцы могуць адкрыцца за адну паездку, але нават тое, што было на паверхні, дало падставу для разваг. Запрашаю са мной у віртуальнае падарожжа. Адначасова, параўнаем разам, што з таго часу змянілася ў беларускім тэатры.

Мабыць, галоўнае, што адрознівае заходнія тэатры ад тэатраў беларускіх, тое, што яны даўно жывуць ва ўмовах рынкавай эканомікі, але не цураюцца дапамогі дзяржавы. Пры гэтым створаны ўмовы для прыватнага капітала, прадстаўнікі якога хочуць быць мэцэнатамі, укласці грошы ў выгадны і перспектыўны брэнд. Напрыклад, Венская опера 1/3 даходаў атрымлівае ад дзяржавы, 1/3 – ад спонсараў і яшчэ 1/3 – ад продажу білетаў, сувеніраў, прадукцыі, звязанай з тэатрам. Паколькі атрыманне ці неатрыманне 2/3 даходаў залежыць ад прадстаўнікоў адміністрацыі тэатра, яны развіваюць актыўную дзейнасць. Такія тэндэнцыі паступова рухаюцца ў напрамку з Захаду на Усход.

Адразу згадваецца “Кіеўскі мадэрн-балет”, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца вядомы Раду Паклітару (чыя дзейнасць як харэографа пачыналася менавіта ў Мінску), а існуе калектыў на грошы мецэната. Будзем рэалістамі, для Беларусі такія часы не надышлі. Хоць варта быць і аптымістамі, магчыма, некалі надыдуць?

Для заходняга тэатральнага жыцця уласціва выдаткоўваць значныя сродкі на папулярызацыю кожнага калектыву, яго пастановак, іх стваральнікаў. Калі і як нашы гледачы даведваюцца пра рэпертуар наступнага месяца і прэм’еры, што рыхтуюцца? Хтосьці – праз сайт тэатра, або праз анонсы ў газетах (апошнія з’яўляюцца за тыдзень да прэм’еры, калі амаль усе білеты прададзены). А большасць тэатралаў ці заўзятых гледачоў праглядае афішы ля тэатральных кас – у чаканні, калі ж з’явіцца пералік спектакляў наступнага месяца. А з’явяцца не раней, чым за месяц.

Летам тэатральная дзейнасць сцішваецца. Сёлета ў чэрвені (2008-га года — Д. М.), калі заканчваўся сезон, афішу на верасень ў білетныя касы прапанаваў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (на іх сайце такой інфармацыі не было нават напрыканцы жніўня). У ліпені праграма вераснёўскіх і кастрычніцкіх спектакляў з’явілася на сайце тэатра балета, вераснёўскіх – на сайце оперы. Пачатак жніўня дадаў інфармацыю пра спектаклі таго ж месяца ў тэатры імя М.Горкага, які раней за іншых пачалі сезон. Усё!

“Там” плануюць будучыню нашмат далей, чым мы. У сталіцах Чэхіі і Аўстрыі ў ліпені, у “мёртвы сезон”, можна даведацца пра даты ўсіх спектакляў на ўвесь сезон. Прычым, раздрукоўкі праграмак можна знайсці ўсюды: у тэатрах, касах, інфармацыйных цэнтрах. На Захадзе імкнуцца, каб патэнцыйны глядач заўжды ведаў пра пастаноўкі, якія ён яшчэ можа ўбачыць. У Беларусі толькі балет і опера прапануюць разам з праграмкамі на канкрэтны спектакль анонс на наступны месяц (зараз па такім шляху пайшоў Музычны тэатр і РТБД — Д. М.).

У Вене шырока анансуюцца будучыя прэм’еры. Напрыклад, балетная трупа тэатра пакажа спектакль “Майерлінг” (“Mayerling”) у харэаграфіі К.Макмілана сёлета ў кастрычніку (2008-га года — Д. М.); “Шчаўкунок” ў пастаноўцы Д.Харангозы ў лістападзе; “Лятучую мыш” – але не традыцыйную аперэту Штраўса, а балетны спектакль з харэаграфіяй Р.Пеці (на аснове вядомай партытуры), у студзені 2009-га. Нарэшце ў чэрвені 2009-га венцаў чакае балет “Ганна Карэніна” з музыкай Р.Шчадрына і харэаграфіяй Б.Эйфмана.

Атрымліваецца, прэм’ера – свята, да якога рыхтуюцца, якое чакаюць, туды павінны трапіць лепшыя. У нас часам складваецца ўражанне, што прэм’ера – “карпаратыў”, куды трэба не пусціць лішніх. Зрэшты, на прэм’еры гледачы прыходзяць – “не дзякуючы, а насуперак”.

Прозвішчы пастаноўшчыкаў у будучых балетных прэм’ерах Венскай оперы мной прыведзены спецыяльны, бо яны не аўстрыйцы. Таму пераходзім да наступнай асаблівасці заходняга тэатра – традыцыі запрошаных зорак і свабоднай міграцыі акцёраў і рэжысёраў. На Захадзе, калі ты будзеш працаваць у адным месцы, цябе не зразумеюць. Там прынцып іншы: увесь час наперад і пажадана ўверх – у новыя тэатры, да новых роляў, рэжысёраў, дырыжораў. І, не будзем утойваць, да больш высокіх ганарараў.

Цікава, што акцёры, якія трапляюць у заходнюю сістэму каардынат, часцей не вяртаюцца ва ўсходнюю. Яны, вядома, могуць выступіць на сцэне роднага тэатра – як запрошаныя зоркі. Лепшы прыклад тут – Марыя Гулегіна, салістка Нацыянальнай оперы Беларусі ў 1983-1990 гг., якая за апошнія два дзесяцігоддзі выступала ў “Ла Скала”, “Метраполітэн-опера”, Марыінскім і Вялікім таэтры, Гамбурскай і Венскай оперы…

У нас гісторыяй тэатра цікавяцца часцей спецыялісты – мастацтвазнаўцы, крытыкі, студэнты мастацкіх ВНУ. У Вене гісторыя тэатра – прадмет нацыянальнага гонару, сфера непадробнай цікавасці інтэлігентнага чалавека, нават і не звязанага з мастацтвам. Што ўразіла ў невялічкай краме, размешчанай у будынку Венскай оперы? Акрамя сувеніраў пра сталіцу Аўстрыі, тут можна набыць кнігі, прысвечаныя знакамітым дырыжорам, рэжысёрам, выканаўцам – яны займаюць цэлую шафу (сярод іх ганаровае месца займалі манаграфіі і альбомы пра легендарнага Герберта фон Караяна, на працягу васьмі гадоў ён з’яўляўся мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам тэатра). Можна ўбачыць безліч прадукцыі, якая папулярызуе музычныя спектаклі – CD-дыскі славутых выканаўцаў, DVD-дыскі з запісамі пастановак, фотаздымкі, сумкі і майкі, на якім замест малюнкаў – ноты знакамітых твораў… Як трэба любіць музычнае мастацтва, як ім ганарыцца, каб мысліць менавіта так, як мысляць венцы! (Заўважу, опера як жанр дамінуе ў Вене, афіша сезона складаецца з 40 опер і 11 балетаў; але ўся рэкламна-сувенірная прадукцыя чамусь датычылася пераважна оперы. Па балеце не было амаль нічога – толькі падрабязная праграмка на наступны сезон. У Мінску – наадварот: калі параўноўваць разнастайнасць друкаванай рэкламы балета і оперы, дык балет пакуль што дамінуе).

Але вернемся ў Вену. Усе згаданыя вышэй тавары прадаюцца за грошы. Але ёсць і прыклады бясплатнага тэатральнага “сыру”. Напрыклад, у будынку інфармацыйнага цэнтра пражскага Нацыянальнага тэатра, дарэчы, адчыненага і тады, калі тэатральны сезон скончыўся, а новы не пачаўся, свабодна… не прадаецца, а раздаецца часопіс “Нацыянальны тэатр” (Narodni divadlo). У кожным нумары – тры раздзелы: драма, опера, балет (бо ў тэатры ідуць оперныя, балетныя і драматычныя спектаклі). А ў часопісе – рэцэнзіі, інтэрв’ю, анонсы, афішы… Прыходзь, атрымлівай асалоду… І плаці грошы (з верасня мінулага, 2010-га года Беларускі тэатр оперы і балета пачаў выдаваць часопіс «Партэр» — Д. М.)


Будынак пражскага Нацыянальнага тэатра. Фота аўтара

Для Прагі і Вены ўласціва атмасфера тэатральнага свята, якую нельга набыць за грошы або пазычыць у суседзяў. Відаць, яна ствараецца толькі часам і шматгадовымі, калі не шматвекавымі традыцыямі. Уявіце, што на мінскіх вуліцах вас спыніць малады чалавек з бланкам і ручкай у руках. Прэч, мы людзі немясцовыя! І ўвогуле па-беларуску і па-руску вельмі дрэнна разумеем… А ў Празе вам прапануюць прыйсці на канцэрт, які адбудзецца гэтым жа вечарам. Колькі каштуе? Бясплатна або за невялікую суму грошай… Канцэрты арганнай музыкі ладзяцца ў многіх касцёлах. Афішы з іх праграмай можна ўбачыць ці не на кожнай другой вуліцы, а каля пэўнага касцёла – абавязкова.

Шпацыруючы па Празе паўсюль можна разглядаць выяву аднаго і таго ж чалавека. Не, не мясцовай поп-зоркі, не спартсмена, не папулярнага тэлевядучага, а… Вольфганга Амадэя Моцарта.


Чэхі рэкламіруюць Моцарта. Фота аўтара

Жыхары Прагі ганарацца, што менавіта ў іх горадзе ў 1787 г. у Саслоўным тэатры адбылася прэм’ера геніяльнай оперы “Дон Жуан”. Згадзіцеся, Моцарт, як прадстаўнік венскай школы, мае да Прагі ўсё ж крыху ўскоснае дачыненне. Тым не менш чэхі “раскручваюць” яго асобу і яго партрэт як нацыянальны брэнд – і такая павага таксама спрыяе атмасферы свята.


Будынак тэатра, дзе адбылася прэм’ера «Дон Жуана». Фота аўтара

Палемічнасць гэтых нататак, вядомаж, не азначае, што, маўляў, у арганізацыі нашай тэатральнай сферы наспела крызісная сітуацыя. Зусім не! Апошнім часам зроблена нямала. Ва ўсіх тэатральных калектываў з’явіліся сайты. Білеты можна не толькі купляць у касах, але і заказваць праз Інтэрнэт. А ўзровень спектакляў нашых лепшых калектываў, я ўпэўнены, пераўзыходзіць шэраг пастановак у іншых краінах. І ўсё ж… У нечым мы адстаем. І чым хутчэй пачнем выкарыстоўваць усе дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу, чым больш эфектыўна будзе арганізавана рэклама і піяр спектакляў, дый усяго тэатральнага жыцця, тым больш гледачоў (беларускіх і замежных) убачаць нашы спектаклі. Тым больш заробленых грошай тэатры змогуць не толькі ўкласці ў новыя пастаноўкі, але і ў паляпшэнне ўмоў навучальнага працэсу ў профільных установах. І такім чынам клапаціцца пра традыцыі, сучаснасць і будучыню беларускага мастацтва.

А мы тэатр… любім? Палемічныя нататкі// Літаратура і мастацтва. 2009. 27 лютага. № 8. С. 11.

P.S. Як бачна, сітуацыя ў айчынным тэатральным свеце паступова паляпшаецца, але і зараз далёкая ад ідэалу. У большасці тэатраў існуюць сайты, але Тэатр беларускай арміі дагэтуль не можа зрабіць сабе нават старонку ў інтэрнэце (Новы тэатр абмежаваўся блогам на tut.by). На некаторых спектаклях «армейцаў» і РТБД адсутнічаюць праграмкі.

Толькі некаторыя калектывы (у прыватнасці, тэатр оперы і балета) прапануюць для браніравання амаль усе квіткі. Большая ўвага пачала надавацца рэкламе, але на ўзроўні яна пастаўлена толькі ў Музычным тэатры і оперным калектыве.

Упэўнены, без выкарыстання дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу, рэкламы і піяру мы не заўсёды зможам канкурыраваць з Еўропай.