Адной з асаблівасцяў нашага грамадства з’яўляецца вельмі дзіўная рэакцыя яго прадстаўнікоў на творчую дзейнасць. Часам здараецца сітуацыя, калі адзін ці два радкі ў шэраговым матэрыяле выклікаюць дастаткова агрэсіўную рэакцыю. Тады як сур’ёзныя даследаванні застаюцца без аніякіх водгукаў. І застаецца толькі здагадвацца пра ўзровень публікацыі. Прыемным выключэннем з сітуацыі стала публікацыя ў «ЛіМе» невялікага матэрыяла Расціслава Бензярука, прысвечанага майму даследаванню ўзаемаадносінаў паміж Уладзімірам Караткевічам і Нінай Молевай.
Кароткае шчасце і памяць на ўсё жыццё
Ад той хвіліны, як трапілі ў рукі нумары 6—9 “ЛіМа”, я “жыву” з Караткевічам! У іх было змешчана даследаванне, прысвечанае гісторыі кахання Уладзіміра Караткевіча і Ніны Молевай, якая на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве чытала лекцыі па гісторыі мастацтваў.
Сваё расследаванне “Рэканструкцыя адносін” Дзяніс Марціновіч правёў, абапіраючыся на творы Караткевіча, і ў першую чаргу на раман “Нельга забыць”, які ў часопісным варыянце меў назову “Леаніды не вернуцца да Зямлі”, а таксама паводле перапіскі паэта з Н. Молевай, Я. Брылём і Ю. Гальперыным. Марціновіч лічыць раман аўтабіяграфічным і што аўтар наўмысна ў самым пачатку напісаў: “Усе імёны і падзеі ў гэтым рамане — выдуманыя. Усякае падабенства з рэальна існуючымі людзьмі з’яўляецца выпадковым”. Бо. На думку даследчыка, “такія фразы звычайна пішуцца тады, калі падабенства больш чым відавочнае”.
Галоўныя героі “Леанідаў…” — Андрэй Грынкевіч ды Ірына Горава, у якіх угадваюцца сам аўтар і Ніна Міхайлаўна Молева. Аўтабіяграфічнасць вобразаў падкрэсліваў і Адам Мальдзіс у кнізе “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча”. Ён згадвае маскоўскую выкладчыку М., імя якой Мальдзіс не стаў раскрываць, бо гэтага хацеў сам Караткевіч.
Тое даследаванне, што правёў Д. Марціновіч, змусіла мяне перачытаць раман У. Караткевіча “Нельга забыць”. Першы раз чытаў “Леанідаў…” у студэнцкія гады, калі ў педінстытуце рыхтавалася абмеркаванне рамана. На чытацкую канферэнцыю меўся прыехаць і сам аўтар, але нешта затрымала Уладзіміра Сямёнавіча ў сталіцы.
Прайшлі гады. 20 снежня 1980 года Уладзімір Караткевіч браў удзел у чытацкай канферэнцыі ў Брэсцкім педінстытуце. Калі ў канцы вечарыны многія падышлі да стала, каб узяць аўтограф, я папрасіў, каб Уладзімір сямёнавіч распісаўся на зборніку “Вячэрнія ветразі”. Караткевіч, узяўшы ў рукі кніжку, нечакана падняў на мяне вочы і прагаварыў:
— О, гэта мая любімая кніга! І няспешна вывеў: “Мілы Расціслаў Бензярук, высока трымайце ветразі”.
І тады, і многія гады пасля я меркаваў, што Караткевіч, гаворачы гэтыя словы, падкрэсліваў, наколькі дарагі яму любы твор, што выйшаў з-пад ягонага пяра. Трэба было мне дажыць да 2011 года, пазнаёміцца ў “ЛіМе” з даследаваннем “Рэканструкцыя адносін”, перачытаць зноў раман “Нельга забыць” і зборнік “Вячэрнія ветразі”, а заадно і аповесць-эсэ А. Мальдзіса, каб нарэшце ўсвядоміць, якую ролю ў Караткевічавым жыцці і творчасці сыграла Н. М. Молева.
У “Вячэрніх ветразях” ён ёй прысвечаны чатыры вершы, у тым ліку і “Дзіва на Нерлі”, які з’явіўся пасля паездкі студэнтаў з Н. Молевай ва Уладзіміраўскую вобласць, дзе адбылося ў аўтара знаёмства з дзіўнай царквой Пакрава. Светлыя пачуцці да Ніны Міхайлаўны пісьменнік захаваў да свайго апошняга дыхання.
Сапраўды, кароткім было шчасце, а памяць засталася на ўсё жыццё…
Бензярук Р. Кароткае шчасце і памяць на ўсё жыццё// Літаратура і мастацтва. 2011. 29 ліпеня. № 30. С. 5.